Ужо каторы дзень актывісты мірна пратэстуюць каля забаўляльнага комплексу, што размясціўся недалёка ад мемарыялу «Курапаты». Нагадаем, там адчыніўся рэстаран «Поедем поедим». Актывісты не пускаюць туды наведвальнікаў і машыны з прадуктамі, а сёння каля рэстарана завязалася нават бойка. Саюз беларускіх пісьменнікаў заклікаў вырашыць канфлікт мірна.
Пісьменнікі падкрэсліваюць, што рэстаран адчыніўся фактычна ў 30-ю гадавіну першай публікацыі праўды пра курапацкую трагедыю.
— Рада грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» разам з усёй неабыякавай грамадскасцю выказвае рашучы пратэст з нагоды ганебнай падзеі — адкрыцця рэстарана «Поедем поедим», наведнікі якога будуць харчавацца і танчыць побач з лесам памятных крыжоў курапацкага мемарыялу, — пішуць пісьменнікі. — Такой ганьбы не зведвала ніводнае месца памяці ахвяр, ніводзін мемарыял у свеце: забудова вакол іх заўсёды і неадменна плануецца з улікам меркаванняў супольнасці, у тым ліку меркаванняў маральна-этычных, якія, як мы вымушаны адзначыць, вельмі рэдка ўлічваюцца ў Беларусі ў дачыненні ахвяр сталінскіх рэпрэсій. З другога боку, ніводзін забаўляльны рэстаран не адкрыецца ў Хатыні, Трасцянцы, як не адкрыты ён у Асвенцыме ці Майданаку. Але ў Курапатах, дзе былі расстраляны сотні беларускіх паэтаў, празаікаў, актораў і навукоўцаў, дзясяткі тысяч дагэтуль невядомых людзей, такая знявага па-ранейшаму магчымая.
— Шануючы права прыватнай уласнасці, мы заклікаем уладальнікаў зямлі, на якой збудаваны комплекс, да шырокага грамадскага дыялогу, у выніку якога будуць выпрацаваны захады да дээскалацыі грамадскага канфлікту і ўлічаны ўсе інтарэсы.
Мы ўпэўненыя, што з усіх бакоў ёсць людзі, для якіх пашана да продкаў, а тым больш да бязвінных ахвяр, — святое. Гэта ў спрадвечных традыцыях, у самім характары беларусаў, што і мусіць стаць вырашальным у канфлікце, які склаўся вакол нацыянальнага мемарыялу «Курапаты». Памяць пра сотні тысяч загінулых, знішчаных сыноў і дачок Беларусі проста патрабуе ад нас стварэння ў Курапатах Музея ахвяр бальшавіцкіх рэпрэсій, — напісана ў звароце.
Больш тэкстаў пра канфлікт у Курапатах чытайце па спасылцы.