«Хто ўзгаднiў устаноўку помнiка i навошта?» З’явiлася петыцыя з пытаннямi адносна манумента Срэцену Карычу

 
13 802
24 февраля 2020 в 10:12
Автор: Оксана Красовская
Автор: Оксана Красовская

У суботу мы і Мiнск даведаліся пра тое, што ў адным з куточкаў сталіцы з'явіўся новы помнiк. Не Васілю Быкаву і не Уладзiмiру Караткевiчу, а Срэцену Карычу. Хто гэта такі? Сербскі бiзнесмен, адзін з заснавальнікаў бізнес-імперыі BK Group, у склад якой уваходзіць забудоўшчык «з міравым імем» Dana Holdings. Усталяваны помнік у закрытым катэджным пасёлку на беразе Цнянскага вадасховішча. Але не паспелі распаўсюдзіцца звесткі пра гэта, як мінчане склалі петыцыю, дзе просяць патлумачыць, што гэта і навошта.

Трэба адзначыць нейтральны тон петыцыі: аўтары не абураюцца і не спрабуюць навесіць ярлыкоў, а толькі цікавяцца, як такое адбылося. На момант напісання артыкула петыцыя сабрала ўжо 201 подпіс. Прыводзім яе змест: «Просім Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт патлумачыць устаноўку на вуліцы Стэфаніі Станюты ў Мінску помніка сербскаму бізнесмену Срэцену Карычу — аднаму з заснавальнікаў бізнес-імперыі BK Group, у склад якой уваходзіць кампанія Dana Holdings.

У адпаведнасці з пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.09.2008 №1372 „Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва“ стварэнне (рэканструкцыя) і ўстаноўка твораў манументальнай скульптуры можа быць ініцыявана дзяржаўнымі органамі, дзяржаўнымі арганізацыямі, грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі арганізацыямі, якія накіроўваюць у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган:

  • пісьмо-зварот з абгрунтаваннем неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) і ўстаноўкі твора манументальнай скульптуры;
  • выпіску з рашэння калегіяльнага органа (для дзяржаўных органаў) ці выпіску з рашэння кіруючага органа арганізацыі або аб'яднання.

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пасля атрымання ўказаных дакументаў у парадку, вызначаным заканадаўствам:

  • прымае рашэнне аб узгадненні (адмове ва ўзгадненні) прапановы аб стварэнні (рэканструкцыі) і ўстаноўцы твораў манументальнай скульптуры ў раённых цэнтрах і на тэрыторыях раёнаў;
  • накіроўвае на разгляд прэзідэнту Рэспублікі Беларусь дакументы аб стварэнні (рэканструкцыі) твораў манументальнай скульптуры ў абласных цэнтрах і г. Мінску.

Просім паведаміць, кім ініцыявана ўстаноўка дадзенага твора манументальнага мастацтва, прывесці абгрунтаванне неабходнасці яго ўстаноўкі, а таксама паведаміць, на якой падставе Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт узгадніў яго ўстаноўку».

Библиотека Onliner: лучшие материалы и циклы статей

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Быстрая связь с редакцией: читайте паблик-чат Onliner и пишите нам в Viber!