536
23 июля 2023 в 10:00
Источник: Сняжана Інанец, фота: чытач Onlíner

Гэта машына часу: прыпынак — канец 1950-х. Зноў глядзім альбомы мінчукоў

Источник: Сняжана Інанец, фота: чытач Onlíner
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Працягваем збіраць вашыя старыя фотаздымкі і цешыцца, колькі цікавага мы разам ужо адшукалі. Сёння прагуляемся па Мінску сярэдзіны і канца 1950-х разам з сям'ёй Крамко. Тут каларытны барак каля Акадэміі навук, даўно забытая бетонная скульптура з дворыка БДУ і не толькі.

Дзмітрый даслаў фатаграфіі з архіва бацькі.

— Мой бацька — Крамко Іван Ігнатавіч, нарадзіўся ў вёсцы Беражна каля Нёмана, гэта Карэліцкі раён. Там і пахаваны. Мама — Наталля Уладзіміраўна Крамко, а ў дзявоцтве Саковіч — нарадзілася ў Міры, тым самым, з замкам. Таксама пахавана на радзіме, — расказвае чытач. — Абодва доўга жылі і працавалі ў Мінску. Бацька — у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук, мама — у Беларускім політэхнічным інстытуце, выкладала на кафедры матэматыкі.

Іван Крамко — вядомы даследчык беларускай мовы. Аўтар манаграфій, лінгвістычных зборнікаў, укладальнік слоўнікаў

У Івана Ігнацьевіча быў просты фотаапарат «Змена 2М».

— Фатаграфія была для яго аддушынай, — кажа сын.

Мужчына браў з сабой фотаапарат усюды, куды ехаў: Мінск, Гродна, Мір, Вільнюс, Пецярбург, Масква. У гэты матэрыял мы ўключылі толькі мінскія здымкі. Часта — з месцаў, дзе працавалі Іван і Наталля.

— Гэта той час, калі мяне яшчэ не было. Мабыць, канец 1950-х, — дае часавыя арыенціры Дзмітрый. Паспрабуем і мы прасачыць за датамі там, дзе зможам.

Шмат здымкаў з самой Акадэміяй навук. У кадры нават некалькі разоў трапілі трамваі, якія хадзілі па гэтай частцы праспекта да 1957 года.

Паглядзіце, як выглядаў раён галоўнага корпуса БПІ, зараз — БНТУ. Амаль насупраць, на адлегласці, стаяў драўляны барак. Чытач мяркуе, што менавіта там маглі жыць ягоныя бацькі:

— Яны спачатку жылі ў бараку ў акрузе Якуба Коласа. У 1964-м, ужо са мной, пераехалі ў цагляны пяціпавярховік з харчовай крамай «Зорачка».

За баракам, напэўна, — будынак клінічнага гарадка першай бальніцы. Удалечыні можна ўбачыць вежу інтэрната БНТУ.

Кінатэатр «Зорка» таксама не абышлі ўвагай, цяпер на яго месцы сабрат — «Кастрычнік». Заадно можна паглядзець на апрануты ў рыштаванне дом па праспекце Незалежнасці, 71 (сучасны адрас). Будынак даваенны, але ў сярэдзіне 1950-х яго перайначылі, надбудаваўшы чацвёрты паверх.

Трапіла ў кадр навукоўца і плошча Перамогі, ужо з сучасным манументам. Звярніце ўвагу таксама на аўтамабіль «Перамога» перад аб'ектывам фатографа.

А гэта ўжо дворык БДУ і бетонная скульптура з фантанам, якіх даўно ўжо тут няма.

Знакаміты фантан са скульптурай у Аляксандраўскім скверы

І нарэшце — здымак з Домам урада. Можна паразглядаць аўтапарк ля ўваходу злева, а можна — мужчын, якія прыселі на краі дарогі (здаецца, на валізы).


Нагадваем, што мы шукаем старыя фота Мінска з вашых сямейных альбомаў. Найперш цікавяць здымкі савецкага часу і 90-х. Фатаграфаваліся на фоне знакавых аб’ектаў, якіх больш няма? Гулялі па парках, якія выглядалі зусім не так, як цяпер? Знялі на татаў «Зеніт», як будавалася Камароўка, ці ў сямейных альбомах захаваліся ўнікальныя фота ўжо знесенага дома Кастравіцкай на плошчы Леніна? Пстрыкнулі фотаапаратам нешта нязначнае і забыліся, а цяпер выявілася, што гэта стала гісторыяй?

Дасылайце свае фота ў наш чат-бот @newsonliner_bot ці на пошту журналісту: sn@onliner.by.


Onlíner рекомендует
55" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR10, Dolby Vision, HLG, DTS:HD, Wi-Fi, смарт пульт
55" 3840x2160 (4K UHD), матрица OLED, частота матрицы 120 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR10, Dolby Vision, HLG, Dolby Atmos, AirPlay, Wi-Fi, смарт пульт

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ok@onliner.by