Вясной у Мінску і абласных цэнтрах усталююць лаўкі «Мова». Вось як яны выглядаюць

 
4246
21 февраля 2020 в 10:56
Автор: Дмитрий Мелеховец. Фото: А1
Автор: Дмитрий Мелеховец. Фото: А1

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У сувязі з гэтым кампанія А1 прадставіла новы арт-праект: гэтай вясной у Мінску і ўсіх абласных цэнтрах з'явіцца серыя мастацкіх інсталяцый. Гэта будуць яркія наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «мова».

Інсталяцыі ўяўляюць сабой вулічную мэблю, зробленую з дрэва і металу. Аўтар арт-аб'ектаў — беларускі скульптар Павел Вайніцкі. Па яго задумцы «мова» будзе служыць месцам камунікацыі, дзе людзі змогуць сустракацца і размаўляць, размясціўшыся на скульптурных літарах.

У кампаніі тлумачаць, што лакальны каларыт кожнага з шасці рэгіёнаў будзе перададзены праз колер інсталяцый — ідэя праекта грунтуецца на канцэпцыі нацыянальных каляровых пераваг. Яна распрацавана на аснове кнігі беларускага дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі», а таксама на даследаванні этнографа Міхася Раманюка, які рэканструяваў колеры традыцыйных народных касцюмаў розных рэгіёнаў Беларусі.

Паколькі Мінск — геаграфічны, сацыяльны і культурны цэнтр краіны, дзе перамяшаны асаблівасці ўсіх рэгіёнаў, гэта будзе адлюстравана з дапамогай усіх асноўных колераў, якія характарызуюць нашу краіну: сіняга, зялёнага, жоўтага, чырвонага і чорнага. Месца размяшчэння інсталяцыі ў сталіцы яшчэ ўдакладняецца.

«Чорны і чырвоны — базавыя колеры кожнага з арт-аб'ектаў, і яны будуць выкарыстаныя ва ўсіх гарадах. Астатнія адценні абсалютна розныя, яны падкрэсліваюць адметныя рысы кожнага рэгіёну. Усе колеры выбраны невыпадкова — пры распрацоўцы каларыстычных спалучэнняў улічвалася мноства ўнікальных мясцовых асаблівасцяў — напрыклад, прыродных: зялёныя паркі Гомельшчыны, шэрыя палескія балоты, блакітныя азёры Віцебшчыны і гэтак далей», — растлумачыў Павел Вайніцкі.

Такім чынам, для інсталяцыі ў Брэсце абрана спалучэнне зялёнага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага. Там яна будзе ўстаноўлена на скрыжаванні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. «Мова» у Віцебску з'явіцца перад мостам 1000-годдзя. Арт-аб'ект у Гродне будзе жоўтага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага колераў — яго плануецца размясціць на вуліцы Маставой. На вуліцы Кірава ў Гомелі ўсталююць кампазіцыю з блакітнай, жоўтай, шэрай, чырвонай і чорнай літар. На Траецкай набярэжнай Магілёва — зялёнай, блакітнай, жоўтай, чырвонай і чорнай.

Мінулым летам разам з А1 мы здзейснілі шэраг экспедыцый у розныя куткі Беларусі, каб расказаць пра беларускія гаворкі і ў некаторай ступені паказаць іх сучасны стан. Першы матэрыял, які адкрывае цыкл артыкулаў пад агульнай назвай «Мова», можна прачытаць тут.

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!