Вёска з ласкавай назвай Любкі знаходзіцца ў Вілейскім раёне. Населены пункт нават не пазначаны дарожным знакам. Сёння тут стала пражываюць 43 чалавекі, але ж на вуліцы надвячоркам не бачна ні душы. Наша гераіня Вольга Трубач збіраецца ўдыхнуць жыццё ў гэтую вёсачку: яшчэ летась яна пачала аднаўляць сядзібу свайго прадзеда. А гэтым летам разам з аднадумцамі зладзіла фэст, на якім былі госці з Літвы, Украіны і нават Нарвегіі.
Вольга працуе псіхолагам у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці ў Маладзечне. Таксама яна ладзіць шэраг мерапрыемстваў этнаграфічнага характару — дзякуючы ёй і яе камандзе з тамтэйшага клуба KOLA у рэгіёне ўжо два з паловай гады праходзяць танцавальныя мерапрыемствы.
— Мы даносім да ўсіх любоў і павагу да беларускай традыцыйнай культуры, — расказвае дзяўчына.
Перанесці сваё захапленне ў глухую сядзібу прадзеда, дзе ніхто не жыве ўжо 20 гадоў, Вольга вырашыла, калі была ў гарах на Каўказе год таму.
— Ноч, навальніца. Я на каўказскім хрыбце... Вось менавіта ў такі момант мне і цюкнула ідэя ўзнаўлення сядзібы ў Любках — каб там, як і раней, спявалі песні і танцавалі. У гарах ты набываеш нейкую моц, пачынаеш думаць пра галоўнае, пра сэнс свайго жыцця. Я адчувала, што на гэту задуму ў мяне хопіць сіл і рэсурсаў. Гэта было смела, і ў той жа час была ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца, — згадвае гаспадыня. Да гэтага яна нямала падарожнічала аўтаспынам — аб’ехала Ісландыю, Грузію, вандравала па гарах у Хібінах і Карпатах. Але ж прыйшла да вытокаў.
«Сядзіба Міхалюка», як яе называе дзяўчына, з’явілася ў Любках у 1912 годзе. Сёлета ёй споўнілася 106 гадоў.
— Сядзібу пабудаваў мой прадзед — Міхаіл Васільевіч Кабак. Ён спецыяльна ездзіў у Чыкага на чатыры гады, каб зарабіць грошай. Сямейная гісторыя маўчыць наконт таго, што ён там рабіў, але я мяркую, што развозіў нейкія рэчы. І ў выніку прыехаў у Любкі жаніхом, які меў магчымасць пабудаваць тут хату, — смяецца Вольга. — Потым сустрэў дзяўчыну Анастасію — Настулю, як ён яе палюбоўна называў. Ад брата, які пераехаў з сям’ёй у Сібір, ёй застаўся надзел зямлі — за хатай аж да лесу. Пасля вяселля маладыя пачалі будавацца на гэтым месцы. Напачатку тут былі горкі, то Міхалюку з Настуляй прыйшлося выраўняць пляцоўку і толькі пасля гэтага будаваць хату. У лютым яны накіроўваліся ў лес — бракавала дрэва для будоўлі — і самастойна прывозілі матэрыял. Лес, сцюжа, чуваць, як недзе выюць ваўкі.
Вольга расказвае так пранікнёна, нібы сама там была.
— Да Чыкага прадзед яшчэ быў у Пецярбурзе, дзе працаваў ямшчыком. У выніку ў Любкі ён вярнуўся чалавекам, які пабачыў свет. Казалі, што да яго прыходзілі па парады ды паслухаць пра Амерыку, — захоплена гаворыць дзяўчына і пачынае экскурсію па сядзібе.
Вольга вядзе нас у пуню — будыніну, дзе беларусы традыцыйна захоўвалі сена. Гэта адзінае месца на сядзібе, дзе нават захавалася гонта — адна да аднае прыкладзеныя дошчачкі, востра саструганыя з аднаго боку і з пазам — з другога. «Адразу дах быў з саломы, пасля гонта і толькі з 1970-х гадоў шыфер», — тлумачыць гаспадыня.
Потым дзяўчына паказвае каранку — вялікі плецены кошык, у якім пераносілі гародніну ці траву. «Закідвалі за спіну — раз — і панеслі!» — дэманструе яна. Вольга захоплена расказвае пра старыя побытавыя рэчы, бо сур’ёзна вырашыла стварыць на сядзібе музей.
— Пачала збіраць розныя экспанаты, а не толькі тыя, што знайшла тут. Вельмі радасна, што мясцовыя жыхары прыносяць ручнікі і дываны па сваёй ініцыятыве, — працягвае Вольга і з гонарам дэманструе вопратку, падобную да шынялёў. — Гэта бурнос — мужчынскае верхняе адзенне. Іх у мяне дзве штукі. Адзін — любецкі, з сядзібы. Другі знайшла ў закінутай хаце, калі вандравала па Мядзельскім раёне.
Далей падыходзім да канюшні. У запыленай будыніне дзяўчына адразу ідзе да кубельца — вялікай драўлянай дзежкі, у якой захоўвалі рэчы. Адтуль вымае кажухі.
— Яны тут ляжалі ўвесь час. Але толькі гэтай зімой я іх дастала на свет Божы. Мне хочацца, каб сядзіба стала мостам да мінулага, да гісторыі, да таго, што называецца словам «аўтэнтычнасць». Мы тры разы ў іх калядавалі — у Крэве, Красным і Пятроўшчыне, — прыгадвае гаспадыня. — Тое, што тут ляжыць і здавалася непатрэбным, у адзін момант было выкарыстана дзеля справы. Пакуль не было купраў (любецкі дыялектызм. — Заўв. Onliner.by) — вялікіх куфраў, — адзенне захоўвалі ў гэтым кубельцы. Кажухі надзявалі для ролі мядзведзя і дзеда. Яны зроблены з воўны — на сядзібе захаваліся адмысловыя нажніцы, якімі стрыглі авечак.
Пасля Вольга паказвае некалькі вялікіх драўляных саней, якія яна з сябрамі збіраецца выкарыстаць ужо ў бліжэйшыя Каляды.
— Мясцовы жыхар Генадзь Іванавіч Арловіч дапаможа занатаваць, што ёсць што. Бо назвы і прызначэнне шмат якіх рэчаў я не ведаю. Аднак напачатку трэба раскласці ўсё гэта, а ўжо пасля даваць апісанне. Мая мэта — стварыць тут музейныя экспазіцыі і ладзіць інтэрактыўныя экскурсіі, — дзеліцца планамі дзяўчына.
Гэтым летам гаспадыня займалася рамонтам у хаце і арганізацыяй так званага «Летніка ў Любках» — фэста, прысвечанага народным танцам. Ён праводзіўся на сядзібе 17—19 жніўня.
— Пачалося ўсё з пятнічнага вечаровага прагляду дакументальнага фільма «Перазімаваць» пра вілейскіх бабуль. У суботу праводзіліся майстар-класы па танцах, пасля мы гуртам накіраваліся выступаць на свяце вёскі Іжа. І скончылася ўсё ноччу танцаў. Удзельнікі фэста прыехалі з усяе Беларусі — Барысава, Віцебска, Бабруйска, Гародні, Мінска, Бярозы... А таксама з іншых краін — Літвы, Украіны... Нават нарвежац спецыяльна прыляцеў у Любкі, — з гонарам згадвае Вольга.
За тыдзень да фэсту на сядзібе быў найбольшы прыток валанцёраў — у Любкі нават завітала дзяўчына са Шры-Ланкі, якая атрымлівае ў Беларусі медычную адукацыю.
— Я думала, якая-небудзь фіфа прыедзе! Але ж мы з ёй добра пасябравалі. Брана хадзіла і глядзела шырокімі вачыма навокал, ёй хацелася паспрабаваць усё, пагаварыць з людзьмі — сэрца ў яе адкрытае. Яна дагэтуль згадвае лес, нават купіла сабе спецыяльныя штаны ў стылі мілітары. У суседняй вёсцы — Іжы — Брана танчыла перад мясцовымі жыхарамі на свяце вёскі. Гэта было такое ўзаемадзеянне культур! І ў яе было сапраўднае, не падмазанае, не «падфоташопленае» здзіўленне ад беларускай культуры — гэта, канешне, натхняе. Я адчувала гонар за сваю краіну, — гаворыць Вольга, і мы ідзём на ток. Там дзяўчына адразу паказвае рэч, якой вельмі ганарыцца, — мабільны народны танцпол. Яго можна перавозіць, каб ладзіць танцы ў любым упадабаным месцы.
— Грошы на яго мы збіралі праз краўдфандынг. Назбіралі на палову. Але дзякуючы добрым людзям усё ж пабудавалі! Хутка ў Вязынцы будзе святкавацца «Багач» — туды й паедзе наш танцпол, а зімой будзе захоўвацца ў Мінску, — тлумачыць гаспадыня.
Далей мы ідзём глядзець лазню, на маленькім акенцы якой вісіць стары расклад «Летніка ў Любках».
— Сёлета абтынкавалі печ, падмацавалі комін. Тут ужо можна прывольна сябе адчуваць, адпачываць. На летнік прыязджала маладая маці са сваімі дзецьмі — ніхто з іх ні разу не быў у лазні. Дзеці былі ў захапленні! Хочацца, каб сядзіба стала жывой ілюстрацыяй да традыцый беларусаў. Бо для сучасных дзяцей — разумею як педагагічны работнік — гэта наогул космас. У будучым хочацца ладзіць з імі інтэрактыўныя экскурсіі, гульні, танцы і нават спяваць. Увогуле людзей вельмі здзіўляе агульная атмасфера сядзібы, бо тут адчуваецца дух мінулага. Гэтым духам хочацца з усімі дзяліцца, — гаворыць Вольга і вядзе нас да хаты. Мімаходам яна расказвае пра вялізны дуб, які стаіць у двары.
— Мы з сям’ёй думаем, што дрэва было ўжо тады, калі сюды прыйшоў Міхалюк. Яго сын, дзед Коля, страшна не любіў гэты дуб. Ён лічыў, што дрэва забірае сілы ў сада і не дае таму расці. Дзед Коля паставіў пад дубам кацёл для варкі бульбы, каб дым ішоў на галлё, на карані — хацеў, каб дрэва загінула. Але, як бачыце, яно перажыло дзеда Колю. А магчыма, і нас усіх перажыве. Так кранальна, што дуб бачыў усіх маіх дзядоў, бачыць мяне і, магчыма, маіх дзяцей і ўнукаў пабачыць, — кажа дзяўчына і праводзіць нас у хату.
— Над інтэр’ерам, канешне, яшчэ трэба працаваць — напрыклад, набыць ці адрамантаваць «кроваці», ды і гэтую пафарбаваць, — паказвае гаспадыня на ложак у першым пакоі. — Тут спаў мой дзед Коля. Нават памёр на ім.
Потым дзяўчына падыходзіць да грушавага стала, які рабіў яе сваяк, — дзед Васіль.
— Маці казала, што на ім елі без усялякіх абрусаў, але ж ён захаваўся такім гла-а-а-адзенькім — проста б вечнасць стаяў і гладзіў яго! — смяецца Вольга, а потым звяртае нашу ўвагу на печ. — Многія, калі робяць рамонты, пачынаюць бамбіць гэтыя печы і наводзіць «красату». Я вырашыла ні ў якім разе не разбіраць! Усё пакіну як было — па магчымасці захаваю ў першапачатковым выглядзе.
Гаспадыня дэманструе нам шафы, якія таксама змайстраваў дзед Васіль. Цягнецца да сцяны за шархунамі — своеасаблівым музычным інструментам:
— Дзе ні бачыла, то ўсё нейкія пабітыя жыццём былі. Нашыя ж шархуны цалюсенькія! Яны надзяваліся каню на шыю падчас Каляд і вяселляў.
Нягледзячы на жаданне захаваць на сядзібе аўтэнтычнасць, рамонтных работ гэтым летам Вользе ўсё ж хапіла.
— Тут было восем пластоў шпалер, прыйшлося ўсё здымаць, каб раскрыць выдатна захаваны брус 1912 года. Наогул з рамонтам я стартавала ў гэтым ліпені. Зайшла ў вялікі пакой і заплакала: столькі працы, як я тут адна ўсё зраблю? Куды ні глянеш — паўсюль нешта трэба рабіць. Потым паціху, патрошку... Пачала штудзіраваць свае старонкі ў сацсетках, выкладваць прыгожыя замалёўкі сядзібы і наваколля. Яны, напэўна, паўсюль у Беларусі прыгожыя... Але ж паколькі гэта мая малая радзіма, маё месца сілы, а гэтыя здымкі прасякнуты любоўю, то шмат каму яны прыйшліся даспадобы. Праз свае сеткі я запрашала: «Валанцёры, прыязджайце!» Адпачыць і трошкі папрацаваць. І паціху людзі сталі збірацца. Нехта ў працэсе ўжо разумеў, што не хоча гэтым займацца — ніякіх пытанняў, ад’язджайце, калі ласка. Але ж у асноўным людзі рабілі ўсё, што прасіла. Мы здымалі стары пласт фарбы з печы, дзвярэй, складалі дровы, спілоўвалі ў садзе старыя дзічкі і г. д. Перад «Летнікам у Любках» ужо больш займаліся дэкорам — развешвалі дываны, фіранкі, расстаўлялі мэблю. Як правіла, дапамогу прапаноўвалі людзі з нефармальнай тусоўкі, якая так ці іначай звязаная з традыцыйнай танцавальнай культурай Беларусі, — расказвае дзяўчына і дадае, што больш за ўсё ёй дапамаглі бацькі і сёстры.
Цяпер Вольга хоча сабраць мэблю даваенных часоў — «магчыма, у каго на гарышчы што яшчэ і будзе». Таксама яна плануе паставіць больш спальных месцаў, бо падчас летніка людзі спалі на матрацах на падлозе або ў намётах на двары.
— Каб тут усё функцыянавала круглы год, хачу зрабіць санвузел — не хадзіць жа людзям у вулічную прыбіральню па холадзе. Планую запусціць краўдфандынг — сабраць сродкі менавіта на тэхнічныя моманты. І запрасіць валанцёраў — зрабіць «опісь імушчэства» для экспазіцый музея, — смяецца гаспадыня. — За ахвяраванні можна будзе адпачыць на сядзібе, а пры жаданні — пахарчавацца ды стаць удзельнікам традыцыйнай вечарынкі.
Напаследак дзяўчына паказвае нам яшчэ некалькі дарагіх яе сэрцу рэчаў — таблічку з нумарам дома, якая вісела на хаце яшчэ «пры Польшчы», адмысловы грабянец, зроблены са свінога воласа, і партрэт прадзеда Міхалюка — заснавальніка сядзібы, якую Вольга некалькі разоў назвала месцам сваёй сілы.
Садовыя арэлі ў каталозе Onliner.by
Чытайце таксама:
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by