«У сутарэннях пахаваны манахі». Паглядзелі на вежы і падвалы касцёла ў Будславе пасля вялікага пажару

Источник: Сняжана Iнанец. Фото: Максiм Тарналiцкi
1174
15 февраля 2022 в 18:40

«Вышыні баюся, таму ўніз глядзець не буду», — з усмешкай прамаўляе ксёндз Дзмітрый Дубовік. Нягледзячы на гэта, раз на два дні ён падымаецца на вяршыню правай вежы касцёла ў Будславе, каб завесці гадзіннік. Механічны хранометр, зроблены ў XVIII стагоддзі, у адказ на ўвагу да сябе адлічвае гадзіны і хвілі, а тыя мала-памалу складаюцца ў стагоддзі. Пасля пажару 11 мая 2021 года вядомы храм паціху страсае попел з плячэй. Onlíner паглядзеў, што зараз адбываецца ў Будслаўскім касцёле, а яшчэ зазірнуў у яго вежы, сутарэнні, былую манастырскую бібліятэку і іншыя патаемныя куткі.

Як ратавалі касцёл і як ён зараз выглядае знутры

Будслаў — аграгарадок на 500 чалавек у Мядзельскім раёне. Тут знаходзіцца знакаміты касцёл, да якога традыцыйна ў пачатку ліпеня (выключаючы хіба што каранавірусны 2020-ты) цягнуцца паломнікі. Будслаўскі фэст — у спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Храм лічыцца малой базілікай. Такі тытул у Беларусі носяць усяго тры касцёлы — у Будславе, Пінску і Гродне.


Зімой здаецца, што Будслаў спіць. Ціха падае снег, і мясцовыя не шумяць. Чуваць, як у руках у пробашча Дзмітрыя бразгаюць вялізныя ключы ад старажытных дзвярэй. Халоднай парой цэнтральны ўваход зачынены, карыстаюцца тым, што злева, — ён меншы.

— Дзверы дубовыя, з коўкай. Яны старыя, тых жа часоў, што і сам касцёл: 1783-га, — распавядае святар. 


Ручка, хоць і пазнейшая, шмат каму з прыезджых незразумелая. Тым, хто сутыкаўся з клямкамі ў вясковых хатах, будзе лягчэй: націснуць і крыху ўніз.

— Здараецца, турысты пачынаюць нервова тузаць, грукатаць, біцца ў дзверы, як у хлеў! — пасміхаецца ксёндз. — А трэба проста акуратна адчыніць, вось так. Гэта ж касцёл!


Дзмітрый Дубовік служыць у Будславе з 2018 года. Так выйшла, што мы прыехалі ў цяжкі дзень (9 лютага): тут толькі даведаліся пра смерць ранейшага пробашча Будслаўскага касцёла Віктара Бурлака. Ён правёў тут ні многа ні мала 18 гадоў. Памёр ва Украіне ад цяжкай хваробы.

Падчас нашага шпацыру ксёндз адначасова паспявае вырашаць пытанні, звязаныя з памінальнай службай. Рынгтонам на яго тэлефоне гучыць песня гурта «Сплін». Мы пачулі толькі першы радок, але, пагугліўшы, даведаліся, што ў канцы кампазіцыі ёсць і такія словы:

Так долго строить храм и сжечь за миг

лишь может тот, кто этот храм воздвиг.

На шчасце, будслаўская святыня не згарэла.

Крыж са згарэлых бэлек і аплаўленай медзі. Яго змайстраваў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк

Пажар пачаўся раніцай 11 мая, пра гэта ўжо шмат пісалі. Гарэла на паддашшы, дзесьці між цагляным купалам і медным дахам. На дапамогу мясцовым пажарнікам прыязджалі падраздзяленні МНС аж з Мінска і Астраўца.

— Хутка зразумелі, што дах згарыць, — успамінае Дзмітрый. — Асноўнае пытанне было ў тым, ці вытрымаюць скляпенні. Выдужалі. Добра!

Прычыну здарэння яшчэ высвятляе следства, але высокая верагоднасць, што ўсё адбылося праз электраправодку:

— Мне паведамлялі, што пажар пачаўся ў адной металічнай скрыні на даху. Вакол яго згарэла ўсё дашчэнту.



Пакуль супрацоўнікі МНС спрабавалі адолець агонь, тут, унізе, таксама разгортвалася аперацыя па выратаванні даўніны. Гэтай справай былі занятыя святары і прыхаджане:

— Найперш вынеслі тое, што было падрыхтавана да богаслужэння. Збегаў за шрубоўнікам, каб можна было зняць са сцяны абраз Маці Божай.

Гэтай будслаўскай іконе больш за 400 гадоў. Цяпер яна ізноў вісіць на сваім ганаровым месцы.

У Будслаўскім касцёле ёсць унікальныя роспісы Казіміра Анташэўскага. Іх асаблівасць — «аб’ёмныя» выявы скульптур, калон, якія насамрэч плоскія

З касцёла выносілі абразы, скульптуры, старажытныя крэслы. Спачатку хапалі лёгкае, потым узяліся за цяжэйшыя рэчы. Прыкладам, за канфесіяналы — кабінкі для споведзі.

— Лавы не чапалі. Іх падпаліла і разбіла бэлькамі, якія падалі з даху, — ксёндз паказвае чорныя меткі, што засталіся на ацалелых лавах.

Некалькі чалавек, надыхаўшыся дымам, страцілі прытомнасць.

— А хвілін за 10 да падзення цэнтральнай жырандолі я стаяў роўненька пад ёй, фатаграфаваў, — згадвае святар.


У памяшканні, якое называюць хорус, давялося прыўзняць цяжкую старадаўнюю мэблю — каб не пацярпела ад вады на падлозе

— Страшна было?

— Ды не. Ведаеце, у першы тыдзень пасля пажару ўвогуле было прасцей за ўсё. Бо працу ты меў канкрэтную. Упарадкаваць вынесеныя рэчы, праверыць, ці ўсё на месцы. Прыбраць бярвенні, вынесці вуголле, паразвозіць канфесіяналы па суседніх касцёлах, каб не стаялі на вуліцы.

Шмат дзе на столі засталіся разводы. Вада, якая трапіла ў касцёл праз адтуліны падчас тушэння, а потым з дажджамі, была чорнай ад сажы. На месцы некаторых падцёкаў з’явілася зелень

Службы ў касцёле ўжо ладзяцца, першая прайшла 31 снежня. У кастрычніку будынак накрылі часовым дахам, пастаянны плануюць узводзіць у 2023—2024 гадах.

Канструкцыя з металу і дрэва, бачная знутры, — гэта страхоўка купала. Яго будуць умацоўваць.

— Там стаяць апоры, якія, у выпадку чаго, змогуць прыняць на сябе нагрузку. Але кажуць, што з купалам усё павінна быць добра: канструкцыі аглядалі ўжо двойчы, — дадае Дзмітрый.



У якім стане старажытны арган

Пакуль гарэў дах, унізе спрабавалі выратаваць арган XVIII стагоддзя. Праўда, не зусім унізе: як і ў іншых касцёлах, музычная прылада месціцца на сур’ёзным узвышэнні.



Каб прайсці да аргана, ты мусіш падняцца на хоры. Над дзвярыма паведамленне, што ўваход у памяшканне «толькі для спевакоў». На шчасце, нас туды пускаюць і без песні.

— Падчас пажару з аргана вынеслі ўсе драўляныя трубы і ўнікальны рэгістр Vox humana. Вярнулі ўсё назад, але ж трубы пакуль не ўсталёўвалі, — распавядае Дзмітрый

Vox humana літаральна — «чалавечы голас». Дзякуючы гэтаму рэгістру падчас грання ствараецца ўражанне, нібы спявае хор.



Ксёндз азірае велізарную драўляную скрыню, дзе хаваецца начынне інструмента.

— Я яго называю двухпавярховай кватэрай.

Даследчык беларускіх арганаў Аляксандр Бурдзялёў адзначаў, што стан інструмента пасля пажару моцна не змяніўся. Ад высокай тэмпературы арган не пацярпеў, вадой яго крытычна не заліло.


Сёння інструмент усё ж у непрацоўным стане, аднак з майскім бедствам гэта не звязваюць. Праблема вырашальная, але рамонт патрабуе шмат сіл, якія пакуль ідуць на іншае.



Што адбываецца ў старым касцёле

Адно з памяшканняў, якое зараз не эксплуатуюць, — стары касцёл. Над ім ёсць аварыйныя бэлькі. Гэта самая даўняя частка будынка. Святар ладзіць невялікі экскурс у гісторыю.


— Манахі ў Будславе сталі жыць у 1504 годзе, — кажа пробашч. — Спачатку яны пабудавалі сабе маленькую капліцу. Потым, калі людзей пабольшала, узвялі кляштар і драўляны касцёл. Але пажары, пажары... Праз іх і асабліва пасля з’яўлення Маці Божай (у 1588 годзе) наважыліся будаваць мураваны храм. Пачалі ў 1633-м, а скончылі і асвяцілі 9 ліпеня 1643 года.

У гэтым касцёле мы зараз і стаім.

— Потым, у XVIII стагоддзі, манахі вырашылі зрабіць... невялікую прыбудову, — пасмейваецца Дзмітрый.


Дата ўзвядзення новага будынка — 1783 год. Проста кажучы, у яго аб’ём увайшоў і стары касцёл.

— І тут у нас склалася ўнікальная сітуацыя, — тлумачыць суразмоўца. — Даўнейшая частка афіцыйна лічыцца абсалютна іншым касцёлам, са сваім тытулам (назвай) і часам асвячэння. Дарэчы, ліпеньскі фэст прымеркаваны да даты менавіта па старым касцёле.

Тут захаваўся першасны алтар 1649 года.

Ужо рабілі зандаж — даследавалі пласты афарбоўкі алтара. Выглядае на тое, што гістарычна ён быў цёмна-карычневым. А табернакулум (скрыня пры алтары, дзе захоўваюцца «дары») спачатку меў чырвоны колер. Пробашч Будслаўскага касцёла чакае гарачых спрэчак пры рэстаўрацыі

— Ён цудоўна захаваўся. Алтар незвычайны: ад уваходу ён падаецца нашмат большым, чым ёсць насамрэч. Калі-нікалі сюды прывозяць на экскурсіі будучых архітэктараў і дызайнераў, каб паказаць прыклад увасаблення перспектывы, — распавядае Дзмітрый.

Калісьці на алтары стаялі драўляныя скульптуры. Частка з іх пакуль ляжыць у плябаніі, іншыя забралі на рэстаўрацыю.

— Скульптуры таксама выносілі пры пажары. Ніхто не разумеў, як пойдзе далей. Калі б не вытрымалі скляпенні, усё магло абрынуцца і была б бяда-бяда, — кажа святар.

З 1649 года алтар у старым касцёле рэстаўрыравалі прынамсі аднаго разу, у 1929-м. Гэтым займаўся ксёндз Станіслаў Вярэнік, пра што згадвае надпіс ззаду культавага прадмета інтэр’ера. У планах — чарговае аднаўленне.


— Думаю, ужо налета пачнём яго паціху разбіраць і паступова аднаўляць, — дзеліцца планамі цяперашні ксёндз касцёла.

Таямніцы былой бібліятэкі

Былая бібліятэка — адно з самых загадкавых месцаў Будслаўскага касцёла. У закутках на шляху да яе нам трапляецца савецкая печка, якой ужо не карыстаюцца.


Цяпер памяшканне, калі не зважаць на некалькі паліц з кнігамі, чымсьці нагадвае пакой-склад.

— Я б у гэтым месцы жыў, шчыра кажучы, — заўважае пробашч. — Зімой тут не надта холадна, а ўлетку не вельмі горача.

У гэтым памяшканні захоўваюцца дэкарацыі і прадметы з мінуўшчыны. Вось збоку ляжаць дэталі ад аргана, які стаяў яшчэ ў старым касцёле. А праз пару крокаў ксёндз падымае з падлогі шалі з кляймом «1776».


Трапляецца старажытная мэбля. Напрыклад, чырвонае крэсла са зламаным сядзеннем.

— Бываў у нас неяк кардынал Таран. Ён гэтае крэсла выпадкова і праламаў. Пратараніў, як я жартую, — лагодна пасміхаецца Дзмітрый.

Калісьці тут знаходзілася кляштарная бібліятэка. Па словах ксяндза, пасля паўстання 1863 года, калі каталіцкія манастыры ў Беларусі перадалі ў вайсковае ведамства Расійскай імперыі, калекцыю кніг атрымалася захаваць.


— У Будславе кнігі знаходзіліся не ў самім манастыры, а на другім паверсе касцёла. Гэта і выратавала, — перакананы суразмоўца. — Забралі кнігі ўжо пры савецкай уладзе, у 1969-м. Мясцовыя сведчаць, як касцёл абрабавалі: прыехалі на машынах, зламалі замкі, некаторыя фаліянты выносілі ўчатырох. Наколькі ведаю, 34 кнігі зараз у Нацыянальнай бібліятэцы. Яшчэ сёе-тое захоўваецца па касцёлах. Але ўсяго тут было каля дзвюх тысяч кніг. Дзе астатнія — невядома.

За савецкай уладай, дарэчы, храм у Будславе ні пад што не прыстасоўвалі, ён заставаўся культавым месцам. Хіба што з 1966 па 1972 год сюды не прыязджалі святары.

— Будслаў далёка ад цэнтра. Можа, таму касцёл асабліва не чапалі, — мяркуе Дзмітрый.


«Пойдзем наверх, у голубі». Што на даху і ў вежы

Пакуль крочым пад нізкімі скляпеннямі, наш правадыр папярэджвае:

— Асцярожна, беражыце галаву!


Вось паддашша старога касцёла. Тут былі ўнутраныя вокны, цяпер закладзеныя цэглай. Пробашч марыць калі-небудзь іх ізноў адкрыць.

З правага боку можна заўважыць вокны, закладзеныя цэглай

А гэта — паддашша над галоўнай залай для богаслужэнняў. Ачаг узгарання быў недзе тут.

— Да пажару пад дахам паўсюль стаялі драўляныя кроквы, — удакладняе ксёндз. — Над купалам — вялізная дубовая канструкцыя, даўняя. Магчыма, таму якраз над ім было найбольш агню.

Медны дах проста сцякаў на купал, ён стаў ажно чырвоным.


Адсюль знялі дзесяць прычэпаў вугалю і дзевяць тон медзі, якая расплавілася ад высокай тэмпературы. Метал здалі ў лом, атрымаўшы амаль 160 тысяч рублёў. Гэтымі грашыма аплацілі частку работ па аднаўленні.

Від на касцёл з-пад купала

Вецер звонку раз-пораз стукае па цынкавым часовым даху. Калі-нікалі раздаецца працяглы вухкаючы гук.

— Снег з’язджае, — тлумачыць пробашч.


Новы дах, як і нядаўні, будзе медным.

— Наогул стараемся браць якасныя матэрыялы, бо работа мусіць трымацца стагоддзі.

Унутры купала. Хутка сюды прыйдуць рэстаўратары, каб аднавіць роспісы касцёла

У найбліжэйшых планах — умацаваць канструкцыю купала, потым распачнуць рэстаўрацыю жывапісу.

Перад вузкай вінтавой лесвіцай Дзмітрый кажа:

— Пойдзем наверх, у голубі.

Нягледзячы на тое, што зараз касцёльныя вежы шчыльна зачынены, птушкі ўсё роўна, бывае, залятаюць.


Вышыня касцёла да краю крыжа — 62 метры. Крыху ніжэй на правай вежы вісяць гадзіннікі, якія ксёндз раз на два дні заводзіць. Падымацца туды маешся якраз па каменных пакручастых сходах.

З вышыні вежы звісаюць тры тросы, на канцы кожнага — па вялікім цяжкім камені. Гэта частка гадзіннікавага механізма.



— Пакуль гадзіннік ідзе і адбівае час, камяні паступова апускаюцца ўніз. Раз на два дні мне трэба іх падымаць. Забава яшчэ тая, — усміхаецца суразмоўца.

Хранометр XVIII стагоддзя забралі з Будслава на рэстаўрацыю ў 2020 годзе і неўзабаве вярнулі пасля пажару. Да папраўкі механізма яго заводзілі часцей, раз на суткі.

Каб падняць тросы, Дзмітрыю трэба пакруціць цяжкую ручку: тройчы па 196 абаротаў і трохі яшчэ.



— Мусіць, каб гэтым займацца, маеш быць трошкі дурнаватым, — смяецца ксёндз. — Баюся, калі раптам з’еду адсюль, гэта нікому не спатрэбіцца.

Так механізм адбівае кожную гадзіну.


Што пад зямлёй?

Пад касцёлам — яшчэ адзін закінуты свет. Паўнавартаснага электрычнага асвятлення ў будынку пакуль няма — павінен хадзіць з ліхтарыкам. Паўсюль стаяць падпоркі.

— Іх усталявалі, каб у касцёле не праціснула падлогу, калі там з’явіліся цяжкія рыштаванні, — тлумачыць Дзмітрый.


Сям-там на сценах бачныя маячкі, пры дапамозе якіх манітораць стан канструкцый.

— Многія праблемы касцёла вынікаюць адсюль, са склепа. Яго падтапляла, вада падмывала падмурак — па будынку пайшлі расколіны, за якімі і сочаць. Нічога крытычнага, але трэба рабіць, — адзначае святар.

Зрэшты тут усё выглядае як і мае быць у прыстойным старажытным падзямеллі: ёсць нават нішы з пахаваннямі.


— А патаемныя хады ёсць? 

— Увесну да нас павінны прыехаць адмыслоўцы з геарадарам, тады ўжо сапраўды будзем ведаць, — цалкам сур’ёзна адказвае Дзмітрый.

У падзямеллях захоўваюцца астанкі манахаў, якія служылі пры касцёле. Ёсць і прывезеныя з Мінска, з былых пахаванняў бернардынцаў.

Пустая труна, якая выкарыстоўвалася падчас цырымоній у гонар гадавіны смерці прадстаўнікоў роду Аскеркаў

Летась пробашч разам са знаёмымі экскурсаводамі пачаў парадкаваць падвалы. Ёсць думкі перанесці ўсе пахаванні ў адну частку сутарэння, а ў другой уладкаваць музей. Побач з іншым падчас экскурсій можна будзе распавядаць пра пахавальныя традыцыі розных гадоў.

Адметныя экспанаты самі плывуць у рукі.

— Гэтыя труны мы прывезлі з вёскі Грыбкі, што непаводдаль ад Будслава. Іх рабілі ў свой час тутэйшыя жыхары. Самі яны паўміралі, а труны засталіся. Вырашылі іх сюды забраць, — зазначае святар.


Кажуць, у згаданай вёсцы даўным-даўно стаялі печы, у якіх абпальвалі цэглу для Будслаўскага касцёла. Гліну здабывалі ў мясцовых балотах.

Святар упэўнены: калі справіцца з наступствамі пажару і рэстаўрацыяй, турысты ў Будслаў паедуць з большым імпэтам.

— Сёння наведвальнікі затрымліваюцца тут самае большае на паўгадзіны, а можна даўжэй.


А што з грашыма на аднаўленне? Мяркуючы па студзеньскіх звестках, без уліку даходу ад здачы металалому, беларусы сабралі звыш 1 мільёна 200 тысяч рублёў. Большая частка гэтых сродкаў ужо накіравана на будаўнічую і праектную працу, а таксама на іншыя выплаты.

Падрабязна пра тое, як зрабіць ахвяраванне, напісана на сайце храма.

— Але ж і выдаткаў зашмат. Напрыклад, кожны месяц толькі за маніторынг канструкцый мы плацім 6 тысяч рублёў, — кажа пробашч.

Па іроніі лёсу выходзіць, што бяда, якая надарылася ў маі, дапамагае спраўляцца і з даўно адкладанымі працамі.

— Дзесьці за месяц да пажару я шукаў 40 тысяч рублёў, таму што ў правым нефе пайшлі расколіны. Прадстаўнікі Міністэрства культуры дапамагалі ў пошуку грошай, але ўсё роўна мы ніяк не маглі сабраць патрэбную суму.

— Прыходзіць у галаву, што Будслаў для беларусаў — як Нотр-Дам для французаў, асабліва з улікам нядаўняга пажару. Вы з гэтым згодны?

— Думаю, усё ж не. Нотр-Дам займае асаблівае месца ў душы кожнага француза. Адносна Будслава пакуль такога разумення няма. Магчыма, для каталікоў — так, але ў цэлым беларускі Нотр-Дам, як на мой погляд, — гэта Хатынь. Не толькі яна, але вось такія сімвалы. Вядома, у Будславе шмат хто шукае сваё. Каталік паедзе сюды па абраз Божай Маці, а іншыя — па архітэктуру, гісторыю. Такія роспісы не знойдзеце анідзе.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпiсвайцеся, каб не прапусцiць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by