15 772
29 июня 2023 в 10:16
Источник: Iрына Юдзіна. Фота: Максім Маліноўскі. Пераклад: Вікторыя Голубева
Спецпроект

Патанулы горад і русалкі ў бікіні. Зганялі на возера Свіцязь

Источник: Iрына Юдзіна. Фота: Максім Маліноўскі. Пераклад: Вікторыя Голубева
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Надвор’е шэпча: лета не для працы. Кіўнулі ў адказ і паляцелі на Свіцязь, адно з самых прыгожых і таямнічых азёр краіны, каб разам з А1 стартаваць праект, прысвечаны легендам беларускіх мястэчак і гарадоў. Містычных гісторый вакол Свіцязі хапіла б на чарговую серыю «Сакрэтных матэрыялаў». Але Адам Міцкевіч зарыфмаваў гэтыя сюжэты нашмат раней, чым нарадзіліся Фокс Малдэр і Дана Скалі. Усё вывучылі і распавядаем!

Onlíner выправіўся ў падарожжа разам з фалькларыстам, доктарам філалагічных навук Таццянай Валодзінай. Наперадзе — 150 кіламетраў і дзве гадзіны размоў. Едзем у напрамку горада Навагрудка.

Таццяна Валодзіна
Возера Свіцязь
Дзе знаходзіцца: на мяжы Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў на тэрыторыі ландшафтнага заказніка «Свіцязянскі».

Плошча: 2,24 кв. км; глыбіня: 15 м.

Працягласць берагавой лініі: каля 5 км.

Чым цікавае: уваход у возера спадзісты, таму Свіцязь лічыцца годным месцам для адпачынку з дзецьмі. Вада празрыстая, так што можна разгледзець пясчанае дно.

Возера ляжыць у атачэнні лесу. На беразе размешчаны санаторый «Магістральны».

Горад пад вадой

— Пра Свіцязь існуе два блокі легендаў. Першы звязаны з храмам або горадам, які затануў. Гэта не ўласна беларускі сюжэт, ён вядомы ў розных культурах, — пачынае Таццяна Васільеўна.

Дагэтуль жыве паданне, што ў дні царкоўных свят са дна Свіцязі чуваць звон. Перадгісторыя такая: па горадзе блукаў ці то падарожнік, ці то жабрак, а можа, і ўсявышні прыняў аблічча пілігрыма. Вандроўнік шукаў, дзе пераначаваць. Адна ўдава злітавалася і адчыніла дзверы. Чалавек захацеў аддзячыць гаспадыні, але з умовай, што яна рушыць услед за ім, не азіраючыся. Аднак цікаўнасць перамагла. Забарона была парушана. Тады гэтую мясцовасць затапіла, усе дамы пайшлі на дно, а жанчына ператварылася ў камень.

А вось яшчэ адна варыяцыя той жа легенды. Аднойчы ў возеры купаліся дзеці. Заўважылі, што з вады тырчыць ці то стужка, ці то вяроўка, пацягнулі за хвосцік і ўбачылі неверагодную карціну: над воднай роўняддзю ўзвысіліся дахі і вежы патанулага горада. Дзеці спалохаліся, што не здолеюць утрымаць знаходку ў руках, і пабеглі па дарослых. А горад зноў апусціўся на дно.

Свіцязянкі — жанчыны-кветкі

Чым бліжэй мэта нашага падарожжа, тым больш дарога нагадвае атракцыён «Супер-8», папулярны ў Мінску 1990-х. Узгоркаватасць — характэрная рыса Навагрудскага краю. Галоўны паэт гэтых мясцін Адам Міцкевіч па-свойму інтэрпрэтаваў легенду пра паходжанне возера Свіцязь.

— Міцкевіч абапіраецца на больш познюю версію легенды, яго цікавіць гістарычны кантэкст, — тлумачыць Таццяна Васільеўна.

Герой балады «Свіцязь», князь Туган, разам са сваімі ваярамі з мячом і шчытом у руках падтрымлівае караля Міндоўга ў барацьбе супраць знешняга ворага. У горадзе застаюцца толькі жанчыны і дзеці. Больш за смерць яны баяцца толькі аднаго — трапіць у палон. Воляй багоў горад апускаецца пад ваду, а жанчыны ператвараюцца ў кветкі. Сярод іх і князёўна, дачка Тугана, якая з’яўляецца людзям у вобразе Свіцязянкі.

— Сюжэт, калі жанчына нібы разліваецца вадой ці ператвараецца ў ваду, каб пазбегнуць гвалту, даволі распаўсюджаны ў беларускім фальклоры, — удакладняе даследчыца народнай культуры. — Міцкевіч быў вельмі адукаваным чалавекам. Ён стварыў рамантычна-ўзнёслы вобраз Свіцязянкі. Гэта мікс мясцовай традыцыі ды кніжнай культуры. У пэўным сэнсе возеру пашанцавала, што ў яго ёсць свой пясняр.

Многія рамантыкі XIX стагоддзя чэрпалі натхненне ў народнай культуры.

— Браты Якаў і Вільгельм Грым сталі шырока вядомыя як казачнікі. Але найперш яны прафесійныя мовазнаўцы і даследчыкі нямецкай народнай культуры, якія адкрылі свету, што фальклор можа быць цікавым, мець сваю каштоўнасць, — звяртае ўвагу фалькларыст. — На Беларусі гэтая роля належыць Паўлу Шпілеўскаму. Ён нарадзіўся ў 1823 годзе, атрымаў шыкоўную адукацыю, начытаўся. Да таго ж любіў Беларусь. За сваё кароткае жыццё (а памёр ён у 37 гадоў) шмат паездзіў, пабачыў, запісаў. І вырашыў паказаць свету міфалогію беларусаў, якая б адпавядала сусветным стандартам.

Шпілеўскаму было крыху болей за 20 гадоў, калі ён пачаў друкаваць у часопісах артыкулы па беларускай міфалогіі. Хутка ён склаў твор, у якім прадставіў каля 60 персанажаў нібы беларускай народнай культуры. Але юнак не пісаў навуковую працу, у яго атрымаўся хутчэй мастацкі твор, які ён стварыў на падставе сваіх запісаў, зробленых падчас падарожжаў па Беларусі. Ужо ў наш час таленавіты мастак Валерый Славук зрабіў візуалізацыю ўсіх гэтых персанажаў, падмаляваў іх сваёй фантазіяй.

Русалкі і пляжная рамантыка

На берагах Свіцязі летам 2023-га літаратурная рамантыка саступае пляжнай. Нягледзячы на будны дзень, тут цяжка знайсці вольнае месца: адпачывальнікаў не злічыць. Красуні ў паасобных купальніках і шыракаполых капелюшах — чым не русалкі? Але асцярожней з «папсовымі» параўнаннямі!

— Русалка — адзін з папулярных персанажаў беларускай міфалогіі, — працягвае наш эксперт. — Калі ў галівудскіх фільмах ды дыснееўскіх мульціках русалачка — выключна жаночы персанаж, замест ног у якога — хвост, як у рыбы, то ў беларускім фальклоры гэта істота звычайна з нагамі. У залежнасці ад рэгіёна персанаж успрымаецца па-рознаму. Яго знешні воблік таксама разнастайны: ад маладухі да старухі. Але русалка ў беларусаў — гэта і палявы дух, які сядзіць у жыце ды казыча хлопцаў. Гэта і тапельніца. На Заходнім Палессі вобраз сустракаецца ў мужчынскім абліччы. У такім разе кажуць «русаліш».

Што да характару персанажа, то тут не ўсё адназначна.

— Як усе стыхіі, духі не могуць быць толькі дрэннымі ці добрымі. Яны выяўляюць свае якасці ў залежнасці ад паводзінаў чалавека. Тыя ж русалкі не кожнага хлопца чапаюць, а толькі таго, хто парушае нейкія правілы, забароны.

Калі пакаленне міленіялаў успрымае міфы пра русалак як казку, то ў вёсках яшчэ можна сустрэць носьбітаў традыцыйнай культуры, для якіх міф — гэта сур’ёзна.

— Ёсць запісы, зробленыя на працягу апошніх 20 гадоў, дзе бабулі кажуць, што насамрэч бачылі русалку. Адна мне распавядала, што, калі малая была, яе бацька прывёў русалку дахаты служыць. Дык тая толькі парай харчавалася. Духі — гэта ж нецялесныя істоты, ежа ім непатрэбна, толькі пара. Што самае дзіўнае, некалькі разоў чула такія разважанні: «Раней людзі былі больш „бажэственыя“, яны русалак бачылі». То-бок хрысціянскія ўяўленні пераплятаюцца з народнымі вераваннямі ў міфалагічных істот, — дзеліцца Таццяна Васільеўна тым, пра што даводзілася чуць падчас фальклорных экспедыцый.

Аддаляемся ад шматлюднага пляжа, ідзём туды, дзе толькі лес і «вялікая вада».

— Нашы продкі верылі, што кожнае прыроднае месца засялялася сваімі гаспадарамі. Сярод іх лесавік, вадзянік, палявік і рознае такое. Першасна міф узнікае як спроба патлумачыць, на чым будуецца свет. Да таго ж ён дапамагае акрэсліць рамкі паводзінаў. Нібы падказвае: не рабі тое, што не трэба, бо тады нешта благое здарыцца. А калі будзеш з павагай ставіцца да свету — то і з табой усё будзе добра.

Вада жывая і мёртвая

У наваколлях возера Свіцязь, недалёка ад вёскі Косічы Навагрудскага раёна, ёсць яшчэ адно месца сілы. Мясцовыя называюць яго крыніцай з жывой і мёртвай вадой. Вырашылі заехаць. Трохі пакружыўшы па сельскіх дарогах, знайшлі патрэбны паварот.

— Не ведаеце, дзе тут «крынічка»?  звярнулася я да маладога чалавека, які загружаў пяцілітровыя бутэлькі з вадой у багажнік свайго джыпа.

— Вы амаль на месцы. Бачыце сцежку ў лес? Вам туды. 

Пяць хвілін — і мы ля крыніцы. Празрыстая вада стварае блікі на сонцы, як крышталь. Маленькі хлопчык скардзіцца, што ногі змерзлі, але працягвае насіцца па ручаі басанож, пакуль яго бабуля набірае ваду ў бутэлькі.

— Гавораць, што толькі пяць мясцін гэткіх на свеце. Адна з іх у Тыбеце, — захапляецца прыродным цудам жанчына, якая наведваецца сюды не ўпершыню. — Піць трэба, як у казцы, спачатку мёртвую ваду, а потым — жывую. Смак розны, паспрабуйце.

Але гэта ўжо новая гісторыя пра сілу вады.

Раскажам пра іншыя легенды ў наступных выпусках праекта. Не прапусціце!


Партнёр праекта — А1

Onlíner і А1 прадстаўляюць серыю натхняльных матэрыялаў пра легенды Беларусі, якія агортваюць рамантыкай мінулага і матывуюць на адказнае стаўленне да сучаснасці і будучыні.

У сваёй дзейнасці А1 трымаецца прынцыпаў ESG — экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання: кожны дзень адкрывае новыя магчымасці, якія дазваляюць весці экалагічны лад жыцця, падтрымліваць нацыянальную культуру, абменьвацца ведамі і шанаваць унікальнасць кожнага чалавека. 


Спецпраект падрыхтаваны сумесна з унітарным прадпрыемствам «A1», УНП 101528843.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by