2568
13 мая 2023 в 10:00
Источник: Сняжана Інанец, фота: чытачы Onlíner

«Працоўныя рэзервы», старая Няміга і Зыбіцкая. Цэнтр Мінска, якім вы яго не памятаеце

Источник: Сняжана Інанец, фота: чытачы Onlíner
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Мы паспелі перагледзець далёка не ўсе яркія фота Мінска з мінулага, якія захоўваюцца ў вашых альбомах, хоць колькасць выпускаў гэтага рэтрапраекта ўжо набліжаецца да дваццаці (усе матэрыялы можна знайсці тут). Гэтым разам вырашылі засяродзіцца на цэнтры. Адразу некалькі чытачоў Onlíner даслалі віды пасляваеннай Нямігі і яе наваколля. Бонусам — яшчэ пара фота з цэнтра.

Яўгеній паказвае здымкі свайго дзядулі, якога звалі Уладзімір Уладзіміравіч Жураўскі.

— Першае фота, думаю, пазнаюць усе, — кажа чытач.

І ён мае рацыю, хоць з моманту здымкі згаданае месца паспела колькі разоў кардынальна змяніцца. Гэта Няміга, сёння недзе тут уваход на станцыю метро. Палац спорту яшчэ не ўзведзены, а вось будынак спартыўнага таварыства «Працоўныя рэзервы» (цяпер прапісаны па праспекце Пераможцаў, 2) ужо на месцы. Справа, сярод пяску і тэхнікі, можна заўважыць нечую драўляную сядзібу, якая дажывае апошнія дні.

Будуюць ці то стадыён, ці то аўтастанцыю, якая была побач. Да нашых дзён спартыўны аб’ект паспеў з’явіцца (у 1950-м) і знікнуць: у 1980-х яго затапілі водамі Свіслачы. Даўно няма і аўтастанцыі.

Яшчэ на дзвюх фатаграфіях — наваколлі Нямігі.

Мужчына ў паліто і пры гальштуку — той самы Уладзімір Жураўскі. За ім можна ўбачыць зніклую натуру — драўляны трамвайны мост цераз Свіслач. Зірніце, якія цудоўныя дамы на іншым беразе. Патрапіць у іх двары можна было праз аркі. Гэта не што іншае, як вуліца Гандлёвая (былая і будучая Зыбіцкая). Летась мы ўжо віртуальна шпацыравалі па ёй.

Некалькі крокаў убок — і вось вам гарадскі каларыт. Маладыя людзі стаяць ля разьбяных драўляных стэндаў з газетамі. Справа над тратуарам відаць нейкае ўзвышэнне з дошак. Можа, старэйшыя мінчане падкажуць, што гэта магло быць? Над дахамі ўдалечыні ўздымаецца будаўнічы кран, гэтая дэталь з’яўляецца на шматлікіх пасляваенных фатаграфіях.

Алена Бортніцкая таксама даслала фота з сямейнага архіва. Сапраўдная перліна калекцыі — кадр з 1947 года (меркавана).

— Здымак зроблены на фоне сабора Святых Апосталаў Пятра і Паўла, — звяртае ўвагу Алена.

Што менавіта гэта за двор, у якім стаіць кампанія, мінчанка не ведае. Можна толькі зразумець, што знята з боку сённяшняй вуліцы Нямігі. Цяпер вы можаце ўявіць, як выглядаў цэнтр Мінска ў часы драўляных агароджаў.

На наступным здымку — бабуля Алены (злева), Ніна Андрэеўна Дуднік. Дзяўчаты наведалі адзін з мінскіх паркаў, але дакладнае месца невядома.

Фота зроблена прыблізна ў 1950-м

А вось якім зарослым у 1960-м быў бераг Свіслачы.

— Справа — вуліца Янкі Купалы, — тлумачыць Алена.

Гэта дзядуля і бацька Алены — Уладзімір Іосіфавіч Жук і Дзмітрый Уладзіміравіч

Маленькая лыжніца з наступнай карткі стаіць проста на вуліцы Залатая Горка.

— Злева — ваенны шпіталь, — дае арыенцір Алена.

Дзеці на заднім плане катаюцца на каньках, акурат па праезнай частцы. Чатырохпавярховік справа нікуды не знік і цяпер, яго адрас — Залатая Горка, 3. Захаваўся і маленечкі будынак побач.

Здымак зроблены прыкладна ў 1963-м. Гэта Святлана Іванаўна Жук, маці нашай чытачкі

На апошнім фота — бабуля Алены. Жанчына рассякае снег, які выпаў на горад у 1963-м. Сям’я мяркуе, што гэта наваколле Тэатра оперы і балета.


Нагадваем, што мы шукаем старыя фота Мінска з вашых сямейных альбомаў. Найперш цікавяць здымкі савецкага часу і 90-х. Фатаграфаваліся на фоне знакавых аб’ектаў, якіх больш няма? Гулялі па парках, якія выглядалі зусім не так, як цяпер? Знялі на татаў «Зеніт», як будавалася Камароўка, ці ў сямейных альбомах захаваліся ўнікальныя фота ўжо знесенага дома Кастравіцкай на плошчы Леніна? Пстрыкнулі фотаапаратам нешта нязначнае і забыліся, а раптам выявілі, што гэта стала гісторыяй? Дасылайце свае фота ў наш чат-бот @newsonliner_bot ці на пошту журналісту sn@onliner.by.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by