Амаль пяць гадоў таму ў Мінску прадаваўся прыватны дом на вуліцы Беламорскай. Апрача месца — бадай цэнтр горада — паказальна вось што: гэты асабняк у 1989-м быў пабудаваны для вядомага беларускага мастака Міхаіла Савіцкага. Пакупнік паднавіў будынак, а інтэр’ер асцярожна «распранулі» да бетону і цэглы. Onlíner паглядзеў, што атрымалася.
На доме па Беламорскай, 17 і зараз вісіць помная таблічка: з 1989 па 2010 год тут жыў народны мастак Міхаіл Савіцкі.
Пасля рэканструкцыі ўнутры пасялілася школа праграмавання Innodom.
— Так, калі тут жыў Міхаіл Савіцкі, усё было прыгожа, але потым будынак прыйшоў у запусценне, яму патрабаваўся вялікі рамонт. Уласнік зрабіў поўную рэнавацыю, асвяжыў пабудову, — распавядае дырэктар Innodom Андрэй Юшкоў.
Дызайнер Надзея Цімохіна кажа, што для яе гэты праект быў і складаным, і цікавым:
— Калі тут распачалася актыўная праца, якраз развівалася каранавірусная гісторыя. А мяне дзівяць і захапляюць людзі, якія, нягледзячы ні на што, у цяжкія часы бяруцца за камерцыйныя праекты і гатовыя траціць грошы. Гэта такія рамантыкі-прадпрымальнікі, яны мяне натхняюць.
Андрэй дадае, што менавіта «заняткаў па айці» ў рамках школы тут ладзіцца не будзе, таму што асноўны адукацыйны працэс прынцыпова вядуць у анлайне.
— А ў гэтай прасторы афлайн будуць праходзіць хакатоны, воркшопы, сустрэчы. Жадаем, каб вакол школы ўтварылася кам’юніці, ды і наогул склалася месца сілы — згуртаванне людзей з IT і творчых прафесій, — тлумачыць дырэктар.
— Для нас важна, што асабняк не ператварыўся ў просты офісны блок з банальнымі рэчамі накшталт гіпсакардонных сцен і што ён будзе несці нейкую місію, ідэю.
Ад заказчыка ў крызісны час было пажаданне дызайнеру: разумна выкарыстоўваць бюджэт.
— Калі я далучылася, якраз ішоў дэмантаж папярэдняга аздаблення. Вырашыла знутры дакапацца да сутнасці будынка і пакінуць у інтэр’еры падлогі наліўнымі (як яны ёсць), а сцены — цаглянымі. Адмывалі столь да бетонных перакрыццяў, — згадвае Надзея.
Дызайнер распавядае, што ў будаўнікоў яшчэ на пачатку працы было вялікае жаданне ўсё затынкаваць.
— Яшчэ да таго як уступіць у праект, прыйшла сюды на кансультацыі. Якраз тады спрытны прараб хацеў зрабіць дэкаратыўную тынкоўку па ўсіх сценах дома знутры. Я кажу: «Калі ласка, спыніце тынкоўшчыкаў!» — усміхаецца Надзея. — Але прараб не саступаў: назаўтра прапанаваў зрабіць імітацыю цэглы па тынкоўцы. Пераканала ўласніка пакінуць адкрытай арыгінальную цэглу на сценах. Вельмі рада, што яна захавалася.
Пры гэтым на матэрыялах не эканомілі.
— Канцэпцыяй было — не імітаваць матэрыялы. Асабліва там, дзе яны ў доступе, «у тактыльнасці». Дзверы — натуральны шпон, падваконні — мармур. У доме заставаўся кавалак родных парэнчаў — мы зрабілі амаль такія ж, плюс ад іх я адштурхоўвалася па колеры дрэва, — расказвае дызайнер.
Планіроўку асабняка амаль усюды пакінулі ранейшай, хіба што на першым паверсе знеслі сцяну, якая адасабляла кухню.
На першым паверсе ёсць цікавы пакой з камінам. Тут стаіць мэбля-трансформер, якую можна прыстасоўваць пад канкрэтныя патрэбы мерапрыемства.
— Камін сапраўдны. Уладальнік будынка яго аднавіў. Прачысцілі дымнік, замовілі адмысловую сістэму з экранам-шклом, якая робіць камін бяспечным, арганізавалі дадатковы прыток вентыляцыі, — працягвае Надзея.
— На складзе каменю я ўбачыла кавалкі пароды з абламаным краем. Купілі іх, прычым такі натуральны злом істотна знізіў выдаткі на апрацоўку. Ужылі гэты матэрыял як дэкаратыўную частку на камінным партале, на рэсэпшэне, — распавядае дызайнер пра характэрныя дэталі інтэр’ера.
— Наяўнасць злому падкрэслівае натуральнасць — пусцілі сюды прыроду.
У будынку тры з паловай, а то і чатыры паверхі — калі паднімаешся па лесвіцы, складана падлічыць іх, бо некаторыя «палавінныя» сталі магчымымі за кошт прасторы з «другім святлом». На другім паверсе ёсць памяшканне са столямі метраў у шэсць вышынёй.
— Тут раней была майстэрня. Наогул архітэктура дома выбудоўвалася з улікам яго мэтавага выкарыстання. Такая колькасць вокнаў, здаецца, была прадыктавана тым, што для працы мастаку патрэбна шмат святла. Аб’ём, вышыня — для нейкіх манументальных работ, — тлумачыць Надзея.
Асабняк быў не толькі месцам працы Міхаіла Савіцкага, але яшчэ і домам.
— Першапачаткова прадугледжвалася, што мастак будзе тут жыць, таму на ўсіх паверхах ёсць невялікія памяшканні — былыя пакоі. Там зрабілі кабінеты. Таксама на кожным паверсе размешчаны санвузел. Рэдкія офісныя будынкі забяспечаць такі камфорт, — адзначае дызайнер.
Цікавінка дома — зацішны пакой перад круглым акном.
— Раней зашклёнай стаяла толькі палова круга, а ўнізе было проста закладзена цэглай. Я вырашыла цалкам яго ашкліць. Кабінет тут не зробіш, затое гэта выдатнае месца, каб пасядзець, пагутарыць, паназіраць у акно — глядзіш на рух, вуліцу, — дзеліцца ўражаннямі Надзея.
— Не было ідэі зрабіць у інтэр’еры нейкі рэверанс у бок мастака? — пытаемся, шпацыруючы па будынку.
— Пытанне ў тым, што ў Міхаіла Савіцкага быў драматычны і цяжкі матэрыял. Гэта гісторыя, але рабіць яе тут адпраўной кропкай у інтэр’еры не хацелася, таму што яна ўся прасякнута смуткам, болем і рэфлексіяй, — адказвае дызайнер.
— Але ў нас ёсць ідэя прыцягнуць сюды нашых беларускіх маладых мастакоў у рамках нейкай супольнасці.
Будзем прапаноўваць мастакам ладзіць тут часовыя выставы, сустрэчы: у былой майстэрні ці ў каміннай зале.
Андрэй дадае:
— Калі нехта хоча правесці тут мерапрыемства, няхай звязваецца з намі.
Спускаемся ніжэй. Падвал перажыў ператварэнне: там з’явілася памяшканне, якое нагадвае кінатэатр.
— Зрабілі такую вось кіназалу для імпрэз. Столі тут ніжэйшыя, але дыхацца будзе камфортна — у будынку цяпер якасная прытокава-выцяжная вентыляцыя, — тлумачыць дызайнер.
Стаіць магутны ачышчальнік паветра.
— Адна рэч, калі тут жыве сям’я, іншая — калі арганізуюцца сустрэчы. У доме замянілі і сістэму ацяплення, ды і наогул праведзена вялікая праца па замене інжынерных камунікацый, — зазначае Надзея.
У гаражы яшчэ ідзе рамонт, там з’явіцца гэткая ўласная кавярня з барнай зонай.
— Замест старых дзвярэй паставілі шкляныя: мяркуецца, што летам гэты ўваход будзе наросхрыст. А звонку перад былым гаражом зрабілі пляцоўку, быццам пашырыўшы прастору дома, — каментуе дызайнер.
— Можна будзе прыгатаваць каву, тут жа выйсці на вуліцу і дазволіць сабе перадых у шэзлонгу.
Двор расчысцілі і давялі да ладу, зрабілі цікавае падсвятленне. Дырэктар IT-школы Андрэй Юшкоў напрыканцы дадае:
— Вакол звычайныя будынкі, інтэрнаты, нейкія простыя офісныя пабудовы, а наша, я лічу, фактурна вылучаецца ў гарадскім асяроддзі. Сюды ўжо прыходзіла нямала маіх калег. Яны не застаюцца абыякавымі, а некаторыя кажуць: «Гатовы чым заўгодна займацца, толькі тут».