298
15 августа 2022 в 16:32
Источник: Сняжана Інанец, фота: чытачы Onliner

Аўтаматы з талонамі, бейсболка BMX і велатрэк ва Уруччы. Памятаеце такі Мінск?

Источник: Сняжана Інанец, фота: чытачы Onliner

Працягваем збіраць старыя фота Мінска з вашых альбомаў. Вось тут можна паглядзець усе выпускі праекта. На гэты раз мы падабралі карткі з 80-х і пачатку 90-х. Тут таксафоны, джынсы, прычоска ў стылі Юры Шатунова і не толькі. Настальгію гарантуем. Дарэчы, будзе яшчэ адна падборка тых самых гадоў, паспейце даслаць свае фатаграфіі.

Вось два здымкі ад нашых чытачоў Ігара і Іны. Гэта сакавік 1989-га, падземны пераход ля станцыі метро «Акадэмія навук», выхад у бок вуліцы Сурганава.

Кадры асабліва ўдалыя, бо насычаны прыметамі часу. Па-першае, ацаніце стыль. У хлопца — модная тады прычоска, як у Юры Шатунова, джынсы, у дзяўчыны — раскошная футравая шапка. Гарадскія сайты і зараз ахвотна апісалі б лукі гэтых мінчан.

Па-другое, на здымках відаць тэхніку далічбавых часоў.

— Там у шэраг стаялі таксафоны і апараты па продажы праязных талонаў коштам 20 капеек за 4 штукі, — успамінаюць мінчане.

Калі з таксафонамі ўсе больш-менш знаёмыя, то аўтаматы з талончыкамі многія маглі і не заспець.

Тут будзе да месца дадаць выразку з газеты ўжо 1994 года. Аўтар «Вячэрняга Мінска» Тамара Хаміцэвіч наракала, што аўтаматы (напрыклад, з газіроўкай і прэсай) з горада сталі знікаць. Прычын хапала: інфляцыя, ды і самі манеты з распадам Саюза зніклі.

«Але ў падземных пераходах засталіся аўтаматы па продажы талонаў. Яны да гэтага часу лічацца за ВА „Мінскгарэлектратранс“ (ТТУ). 16 вісіць і больш за 30 — ляжыць на складзе», — пісала журналіст у 94-м.

Газета «Вячэрні Мінск», 1994 год. З архіва Аляксандра Лычаўкі

Аўтаматы гэтыя мелі складаную канструкцыю. За ўсю гісторыю іх «толькі два разы ўзламалі злодзеі».

«Жалезныя гандляры працавалі надзейна. Ну, здаралася, кулаком стукнеш для паскарэння, а замест крыўды — талончыкі. Хоць сёння іх могуць уключыць на працягу 15 хвілін. Галоўнае, былі б манеты. Гаспадары тэхнікі спадзяюцца, што ў нас з’явяцца свае металічныя манеты. Таму тут не спяшаюцца прыбіраць усе аўтаматы на склад. Бо яны некалі выдатна выручалі насельніцтва. Асабліва ў начны час, калі талоны купіць не было дзе», — сказана ў газеце.

А вось яшчэ партыя атмасферных здымкаў. Модны хлопчык на фота — наш чытач Руслан. Цяпер гэтаму хлопцу 40.

— Гэта прыкладна 1987 год. Фатаграфаваў мой бацька, мы тады гулялі па горадзе, — распавядае мінчанін.

Месца пазнавальнае. Відаць, было нейкае свята, бо людзі шпацыравалі акурат па праезнай частцы.

— Звярніце ўвагу, які зялёны праспект!

У сям’і ёсць яшчэ некалькі здымкаў Мінска, зробленых на стыку 80—90-х.

БелАЗ стаяў у самым цэнтры Мінска, каля будынка ВДНГ, цяпер ужо знесенага

Фота каляровыя, і гэта ўсё ж рэдкасць для тых часоў. Руслан тлумачыць: ягоны бацька — замежны студэнт са Шры-Ланкі, вучыўся ў Політэхнічным інстытуце на аўтатрактарным факультэце.

— У нас інтэрнацыянальная сям’я. Мой бацька захапляўся фота, закупляў і праяўляў плёнкі ў Лондане.

Бейсболка ў хлопчыка на праспекце, дарэчы, таксама з Лондана.

На здымках ніжэй — велатрэк, які пэўна пазнае дзятва, што жыла ва Уруччы на пачатку 90-х.

— Велатрэк пабудавалі побач з ляском за нашым домам, у двухстах метрах, — расказвае жыхар вуліцы Шугаева Аляксандр Лычаўка. — Гэта было кальцо з двума віткамі і рознымі горкамі: высокімі і ніжэйшымі, адзінарнымі і падвойнымі. Укапалі трыбуны з драўлянымі лавачкамі. І калі там аб’явілі спаборніцтвы, усё Уручча прыйшло паглядзець.

З газетных нататак мінчанін ведае, што восенню 1993-га там праводзіліся першыя ў краіне спаборніцтвы — і адразу міжнародныя. А гэтыя кадры былі зроблены 2 мая 1994 года.

Суразмоўца ў дэталях успамінае той дзень:

— Народу сабралася процьма. І было на што падзівіцца: веласіпедысты не проста ехалі па горках, а скакалі праз іх. Адразу пасля старту (ён даваўся з даху спецыяльнага гаража) пілоты імчалі ўніз: спачатку іх чакала высокая адзіночная горка, а потым падвойная, якую называлі «вярблюд». Разагнаўшыся на спуску з першай, праз «вярблюда» і скакалі. А хто не ўмеў, той ехаў па абодвух гарбах і губляў час. Я, вядома, і блізка не ўмеў так ездзіць, у нас не было прыдатнага веласіпеда. Бацька меў амаль што гоначны «шосар» з хуткасцямі, а малодшы брат — чатырохколавы ровар. Неўзабаве бацька падараваў нам з братам сапраўдны кросавы велік BMX — больш адмысловымі былі толькі спартыўныя машыны, якія мы разглядалі ў часопісах «Навука і жыццё». Мы з братам спадзяваліся, што праз годзік-другі і самі возьмем удзел у такіх спаборніцтвах, а пакуль проста назіралі.

На велатрэку ва Уруччы разам з мамай, братамі і сястрой. Аляксандр — злева

— Заезд праходзіў за заездам, веласіпедысты скакалі і падалі, высякалі «іскры» пяску на гледачоў. А потым ладзілі паказальныя выступленні: нейкі спрытны гоншчык сабраўся пераскочыць праз 10 ці 12 чалавек, ужо не памятаю. І я таксама быў сярод іх! — працягвае Аляксандр. — Усе ляглі ў вопратцы прама на грунтавое пакрыццё трэка. Я ляжаў першым, бліжэй за ўсіх да гоншчыка. Ён разагнаўся на спуску і пераскочыў праз нас усіх, прычым заднім колам ледзь-ледзь наехаў мне на нагу, але зусім не балюча. Героем стаў і пілот-веласіпедыст, і мы, хто ляжаў на зямлі. Нас тады здымала тэлебачанне і вечарам паказалі ў навінах. Мы запісалі перадачу на відэамагнітафон «Электроніка ВМ-12» — касета BASF да гэтага часу ляжыць дзесьці ў шафе.

Гонкі праходзілі яшчэ некалькі разоў, сям’я заўсёды на іх хадзіла. Потым справа заглухла, спаборніцтвы перасталі праводзіць, стартавы гараж разграмілі, ліхтары разламалі. Зрэшты, веласіпедысты ганялі там самі па сабе, перапрафіляваўшы трампліны.

— Некалькі гадоў таму ладзілі там нейкія заезды на радыёкіраваных аўтамабільчыках — шум матораў чуўся нават з нашага балкона. Трэк захаваўся да гэтага часу, сёлета вясной я ўпершыню за шмат гадоў прамахнуў па ім. Але праз «вярблюда» так і не скокнуў, — дадаў чытач.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by