Вёска Перавоз знаходзіцца на поўначы Беларусі, у Расонскім раёне. Што навокал? Лясы — часта ліставыя, азёры — быццам нанізаныя на адзін ланцужок і шырокі заказнік Сіньша, які расцягнуўся на дзясяткі кіламетраў уздоўж мяжы з Расіяй. Глуш. Недалёка ад Перавоза, на востраве, утвораным возерам Дрысы і рэчкай Вушча, — высокі курган з гарадзішчам XII стагоддзя. Па легендзе, менавіта там згубіліся магілы полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды. Але абсалютна дакладна вось што: на востраве знаходзяцца мясцовыя могілкі, дзе да гэтага часу не-не ды і хаваюць людзей. Моста няма, патрапіць туды можна адно на лодках.
Гэты рэпартаж мы хацелі падрыхтаваць яшчэ вясной, да Радаўніцы. Але тады б атрымалася «не напраўду».
— Ой, вы што, на Радаўніцу ў нас амаль ніхто не едзе на могілкі! — у адзін голас гаварылі па тэлефоне мясцовыя. — Ехаць трэба на Троіцу.
— Ага. Троіца ў гэтым годзе 12 чэрвеня, у нядзелю?
— Так. Але на могілкі мы ходзім некалькі дзён! — тлумачылі. — У суботу людзі едуць у Перавоз, у нядзелю — у Забор’е, у панядзелак — у Бухава, у аўторак — ва Уклеенку, на брацкія могілкі.
Традыцыя наведваць магілы па асаблівай схеме ў навакольных вёсках даўняя і не знікла дагэтуль. Калі сваякоў хавалі ў адным месцы, абыходзяцца адным днём. Калі адразу на трох ці нават чатырох — бяруць выхадныя, адгулы. Нашчадкі пахаваных з’язджаюцца з розных сёлаў і гарадоў Віцебшчыны і шырэй — Беларусі, Расіі, Літвы.
У суботу апоўдні звычайна пусты Перавоз напаўняюць машыны. Каб пад’ехаць да пераправы, трэба звярнуць на бездараж. Чыёсьці аўто ўжо засела ў брудзе. Адзін з мясцовых жыхароў на пазадарожніку Nissan Patrol дапамагае небараку выехаць. Потым прапануе і нас падкінуць да месца.
— У нас іншай дарогай многія на Расію спрабуюць праехаць. Як пачынаецца сезон, амаль кожны дзень каго-небудзь выцягваеш, — распавядае па дарозе кіроўца.
Наогул у Перавозе засталіся ўсяго два карэнныя жыхары. Яшчэ некалькі хат выкупілі дачнікі, расіяне. Наш спадарожнік Аляксандр Іваноў — адзін з іх. Набыў дом шэсць гадоў таму, а тры апошнія жыве тут увесь час.
— Я гэтыя краі даўно ведаю. Працаваў яшчэ ў 80-х на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Полацку, потым махнуў на Ямал. Рана сышоў на «паўночную» пенсію. Пасля вярнуўся ў Маскву, а сюды прыязджаў на адпачынак: тут непадалёк была турбаза. І вось вырашылі з сябрам знайсці сабе хаткі на старасць. Тут ціха, спакойна, чаго на пенсіі жыць у мітусні, — кажа Аляксандр.
Мітусні тут і сапраўды мала. Мабільныя то ўвогуле не працуюць, то пераходзяць у роўмінг, на расійскую сетку. Суразмоўца паставіў сабе ўзмацняльную станцыю, каб нармальна лавіць сігнал.
— У суседніх вёсках Забор’е, Краснаполле ёсць невялікія крамы, — працягвае знаёміць з тутэйшымі рэаліямі мужчына. — Калі трэба нешта буйнейшае — у Полацку, 90 кіламетраў, або ў Невелі, 70 (Невель — у Расіі, Пскоўская вобласць. — Заўв. Onlíner).
Па паліва для машын таксама часта ездзяць у Невель, там таннейшае.
Пад’язджаем да вады. Гэта пратока паміж возерам і ракой Вушчай. На нашым беразе ўжо стаіць некалькі машын.
За вадой — востраў, які ў краязнаўчых крыніцах называюць Гарой Рагвалода і Рагнеды, або Рагнедзіным курганам.
— Калі князь Уладзімір ішоў на Полацк, Рагвалод, князь полацкі, даў яму на гэтай выспе бой, — Аляксандр стаў першым, хто зараз адматаў для нас плёнку гісторыі на тысячу гадоў таму. — І Рагвалод з дружынай тут загінулі. А Рагнеда проста завяшчала пахаваць сябе побач з бацькам і братамі. Дзе яны ляжаць насамрэч? Ніхто не ведае!
З-за дрэў даносіцца ўсплёск вады.
— Толік, да цябе яшчэ кліенты прыехалі! — весела крычыць лодачніку мужчына.
Раз у год, у суботу перад Троіцай, Толік бярэ вёслы і становіцца самым запатрабаваным чалавекам Перавоза, а можа, і ўсяго Расонскага раёна. Ён, па пашпарце 53-гадовы Анатоль Драздоў, якраз адзін з двух карэнных жыхароў вёскі. З пачатку чэрвеня ці яшчэ раней яму пачынаюць пазвоньваць тыя, хто далёка паляцеў з агульнага гнязда.
— Лодка будзе, — абяцае Толік.
І лодка заўсёды на месцы.
Часцей за ўсё Толік перапраўляе на востраў жывых. Але пяць ці шэсць разоў перавозіў мёртвых. Тады знаходзіў судна большае і надзейнейшае. Бывала, што і магілы на востраве капаў асабіста.
Пратока шырынёй метраў 20.
Паступова на нашым беразе збіраюцца людзі. Хтосьці абдымаецца, пазнаўшы знаёмы твар.
— Так, Толя, гэта я. Два гады не былі, пандэмія, — вітаецца адна з жанчын.
Толік з такой нагоды нават выходзіць на сушу. Паляпвае па плячы зямлячку і рагоча:
— Пе-ра-жы-лі!
Іншая зямлячка, пажылая Кацярына Пятроўна, узбіраецца на лодку.
— Гоп! Ой малайца! — падахвочвае Толік.
— У мяне ж прозвішча Рыбакова, павінна адпавядаць! — са смехам крычыць жанчына ў бок берага.
Хто прыехаў раз-пораз перакідваюцца жартамі.
— Дзядзька Віця, а як гэта атрымалася, што ў маёй жонкі дзявочае прозвішча такое ж, як у цябе, — Навуменка?
— А я што? Я ні пры чым!
Маладыя і старыя, высокія і нізкія, падобныя і не вельмі, людзі пакрысе перапраўляюцца на той бок. У найлепшыя гады, успамінаюць, прыязджала і па 200 чалавек. Зрэшты, і сёння наведвальнікаў не менш за сотню.
Востраў парос дрэвамі і кустамі, вакол кургана выгінаюцца сцяжынкі, то там, то тут на пярэдні план выступаюць магілы. Сёння дачакаюцца гасцей прадзеды і прабабкі, бацькі і браты Рыбаковых, Ніканавых, Барысенкаў, Кальніных, Лысенкаў, Навуменкаў, Петрачэнкаў...
Людзі выстаўляюць кошыкі з ежай: хто побач з магіламі, хто проста на іх, некаторыя — на сталах. Пытаемся. Тлумачэнні зліваюцца ў шматгалоссе.
— Цётка мне казала, што абавязкова трэба ежу спачатку на магілу паставіць, так належыць.
— Трэба вось так пасыпаць узгоркі крупамі — птушкі прыляцяць, паядуць.
— Трэба пасядзець паабедаць, памянуць. І каб была куцця — рыс з разынкамі.
— У нас на Троіцу раней у хатах і ў дварах ставілі бярозкі: ля кожнага акна па дрэўцы. І на могілкі неслі, да кожнай магілы па дзве галінкі.
— Першую бярозку абавязкова нясуць на могілкі. Да Троіцы венічкаў не вяжуць, толькі потым можна парыцца.
— Мая старэнькая бабуля прыходзіла сюды аж з Башмакова, за 9 кіламетраў (сяло ў Невельскім раёне Пскоўскай вобласці. — Заўв. Onlíner). Афарбоўвала на Троіцу яйкі ў зялёны колер і на магілах бярозкі ставіла. Вельмі набожная была. Бацюшка нават дазваляў ёй самой людзей адпяваць.
У многіх з тых, што засталіся тут і раз’ехаліся па свеце, часам праскоквае характэрнае мяккае вымаўленне: «перявоз», «Полоцак», «крясты», «карянные».
Некаторыя крыжы над магіламі не падпісаны, на іншых ёсць імёны і фотаздымкі. Вось Андрэй Фёдаравіч Петрачэнка, 1907—1983. З тых мясцовых, хто ў апошні шлях адправіўся на лодцы.
Яго дзеці і ўнукі ўспамінаюць:
— Ён быў з вёскі Залабаіца (на карце 1938 года — Залабавіцы, недалёка ад возера Валоба). Так любіў яе. Казаў: «Залобаица красавица, и Москва красавица». У яго ўсё ў рыфму было.
— Дзеду цяжка жылося, бо ён не ўспрымаў уладу. Яму патрэбна была зямля, скаціна, патрэбны былі коні, а ўсё гэта забаранялася. Таму ўлады яго не любілі, перасялялі. З Залабаіцы вывезлі ў Перавоз, у іншую хатку. А ён, як на новым месцы крыў дах, зваліўся і зламаў нагу. І закрычаў на хату: «Каб ты згарэла!» Потым яго забралі на фінскую вайну (Савецка-фінская вайна 1939—1940 гадоў. — Заўв. Onlíner). За гэты час хата ў Перавозе і праўда згарэла. Дзед вярнуўся і ў клеці пачаў жыць у Залабаіцы, пакуль будаваў новую хату. Але сабе не здрадзіў: у калгас не пайшоў, як яго ні агітавалі. Працаваў у полацкім хімлясгасе.
— Бацька памёр у 77, нас пяцёра дзяцей — яшчэ ўсе жывыя былі. Мама расклала вогнішча, вады нагрэла, памыла нябожчыка. Касцюм апранулі, гальштук не завязвалі. Кальсоны, кашулю. Паклалі на кут. Замовілі труну на пілараме ў сталярцы, абабілі матэрыялам. Радня з’ехалася, народу была безліч: усе яго любілі. Паклалі на лодку, потым цераз рэчку, а далей ужо на руках неслі. Ён заўсёды казаў: «Хавайце мяне толькі тут!» А мама, наадварот, прасіла: «Дзе хочаце хавайце, толькі не ў Перавозе за вадой!»
Апошняга памерлага прывезлі на востраў у пачатку гэтага года. Пятру Ніканаву было 42. У гэтую суботу яго таксама прыехалі адведаць сваякі.
— Балела сэрца, інфаркт, — тлумачаць Ніканавы. — Ён не раз казаў: «Калі што, хавайце тут». Так што везлі на востраў па лёдзе. Санкі здабылі ў Турычыне, у Расіі (Турычына — вёска ў Невельскім раёне Пскоўскай вобласці. — Заўв. Onlíner). Потым ужо паднялі труну і неслі на руках.
Адна са сваячак Пятра дадае:
— Снег быў вялікі. Сельсавет павінен быў дарогу пачысціць, але сказалі, што няма тэхнікі, паліва. Так я праз знаёмых знайшла людзей, якія прачысцілі ў Перавозе дарогу.
Наогул размовы з усімі наведвальнікамі могілак у нейкі момант зводзяцца да адной толькі просьбы:
— Скажыце там, у Мінску, каб нам нарэшце зрабілі мост. Людзей жа прыязджае шмат, едуць старыя, шмат дзяцей вязуць. Мы старэем. А колькі яшчэ бабкі змогуць у лодку заскокваць?
— Некалькі гадоў таму зрабілі масток. Але такі, што яго вельмі хутка знёс крыгаход. У нас тут шырокае хіба месца, што нельга праз пратоку зрабіць нармальны мост у ХХІ стагоддзі?
Увогуле, «у Мінск» пра мост перадалі.
Яшчэ адзін аргумент на карысць моста ў гэтым глухім месцы — Рагнедзін курган уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. У савецкія гады гарадзішча даследавалі археолагі, у тым ліку вядомы вучоны Георгій Штыхаў. Знайшлі кераміку XII стагоддзя, былі і больш старажытныя рэчы.
— Прыязджалі сюды археолагі і некалькі гадоў таму. Але на самім гарадзішчы не капалі, убаку, — распавядае Аляксандр Крол, уладальнік аграсядзібы ў вёсцы Забор’е, размешчанай паблізу.
Крол паказвае кнігу «Памяць» пра Расонскі раён, выдадзеную яшчэ ў 1994 годзе. Там ёсць вытрымка з памятнай кніжкі Віцебскай губерні за 1867 год. Даслоўна сказана: «Самый интересный из полотских курганов — это курган Рогнедин». З кнігі зразумела, што ў XIX стагоддзі гара знаходзілася яшчэ на паўвостраве. Дарэчы, на карце 1909-га гэта таксама яшчэ не выспа.
Аляксандр Крол прыехаў у гэтую мясцовасць у пачатку 90-х і пра помнік даўніны даведаўся не адразу.
— Пра гарадзішча мне распавёў магілёўскі турыст і ліцэйскі выкладчык Віталь Кірэеў. Ён вадзіў сюды на экскурсіі дзяцей і зараз водзіць. А я ў школе працаваў у Забор’і і таксама дзяцей стаў на курган вадзіць, — распавядае мужчына. — Пазней прыязджаў з полацкага ўніверсітэта вучоны Лобач, ён з калегамі даследаваў гару Гарадзішча ля вёскі Мамолі. Расказвалі, што ў нашай мясцовасці быў цэлы ланцужок такіх гарадзішчаў. Гэта накшталт крэпасцей, умацаваных месцаў, куды збягаліся людзі, каб перажыць ліхое. Ёсць меркаванне, што на вяршынях такіх курганоў запальвалі сігнальныя агні, каб папярэдзіць пра набліжэнне ворага.
Зрэшты, многія мясцовыя жыхары да інфармацыі краязнаўцаў, экскурсаводаў і гісторыкаў ставяцца з падазрэннем. Некаторыя наведвальнікі могілак непахісныя:
— Выдумкі нейкія, нашы дзяды Рагнедзіным гэты курган не называлі!
Адзін з сям’і Якубавых расказвае такую легенду ад дзеда:
— Старыя людзі сведчылі, што да 1812 года выспы не існавала, быў паўвостраў. Потым узятых у палон французаў прымусілі вырыць пратоку. А гару французы фуражкамі нанасілі!
Калісьці на вяршыні гарадзішча стаяла капліца, ад яе застаўся толькі падмурак. Адна з жанчын згадвае:
— У вайну царкву разбурылі (маецца на ўвазе Другая сусветная. — Заўв. Onlíner). Мама казала, што па рацэ тады плавалі іконы.
Там, на вяршыні гары, стаіць каменны крыж: прыхінуўся да ствала высокага дрэва.
З артэфактаў непадалёк можна адшукаць яшчэ і старажытную магільную пліту.
— Каб на ёй надпісы прачытаць, мы ваду насілі, палівалі, глядзелі на помнік пад вуглом, — расказвае Аляксандр Іваноў з Перавоза. — Там нейкая панначка пахавана. Унізе помніка напісана «прашу панскай міласці».
Магілу дзяўчыны, па словах мясцовых, даўно разрабавалі чорныя капальнікі, менавіта таму пліта ссунута з месца і ляжыць на зямлі ля ямы.
Па абедзе, гадзін пасля трох, людзі адзін за адным перапраўляюцца назад.
Бацька аднаго сямейства, ужо не надта давяраючы стомленаму і нібы раптам захмялеламу Толіку, у нейкі момант бярэ кіраванне ў свае рукі.
Хтосьці смяецца:
— Аднаго году мы так на могілках заседзеліся, што лодкі ўжо павезлі. Пераплывалі на той бераг цэлай вялікай сям’ёй. Калі што — нам не ўпершыню.
Адзін хлопец і зараз распранаецца, заходзіць у ваду і — ці то ўплаў, ці то ўсё ж такі ўброд — вельмі хутка апынаецца на тым беразе.
Людзі развітваюцца, садзяцца на свае машыны і раз’язджаюцца хто куды. З надзеяй, што праз год Толік з Перавоза зноў скажа:
— Лодка будзе.
«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by