Яшчэ ў 2010-х у Мінску існавала занядбанка, якую экстрэмалы празвалі «Калізеем». Рэч у незвычайнай архітэктуры — гаворка пра круглы будынак з закручанымі па спіралі паверхамі. Грандыёзны паркінг для машын хуткай дапамогі пачалі будаваць у 1989-м, але падчас безграшоўя ён ператварыўся ў даўгабуд. Толькі ў 2011-м гмах выкупілі і з таго часу паступова ўводзілі ў строй. Цяпер там паркінг, офісы і нават каворкінг. Цалкам абноўлены «Калізей» здалі ў эксплуатацыю мінулай восенню. Onlíner зазірнуў унутр, а яшчэ ўспомніў, што там было раней. Пасівелыя мінскія дыгеры, рыхтуйцеся да прыступу настальгіі.
Шматузроўневы гараж-стаянку па праекце архітэктара Марата Гроднікава сталі будаваць у 1989 годзе. Планавалася, што гэта будзе паркінг для машын станцыі хуткай дапамогі на 500 месцаў. Жалезабетонны гмах узвялі, але з камунікацыямі і аздабленнем ужо не склалася: скончыліся грошы.
Так з’явіўся даўгабуд, якім многія гады цікавіліся толькі аматары індустрыяльнай рамантыкі, дыгеры, руферы, роўпджамперы, а часцяком і нецвярозыя кампаніі.
На сценах занядбанкі не было вольнага месца ад графіці — гэта памяць пра хлопцаў і дзяўчат, якія разбіліся ў мясцовых ліфтавых шахтах у розныя гады.
Мінчанін Alex Digger шмат разоў бываў у «Калізеі» з 2006 па 2011 год.
— З даху адкрываліся незвычайныя індустрыяльныя віды: напрыклад, на трамвайны парк. Плюс прыцягвала сама нестандартная архітэктура: цікава было пабадзяцца па гэтых спіралепадобных узроўнях, паглядзець, як там усё ўладкавана, — успамінае мужчына.
Памятае Alex і неагароджаныя пустыя шахты ліфтаў. Пазней з’явілася нешта накшталт агароджаў, але гэта мала дапамагала.
— У шахты сапраўды можна было проста ўпасці, асабліва калі хадзіць без святла ў цемры.
— Плюс у месцах прымыкання гэтай спіралі да сценак былі вялікія трохвугольныя шчыліны, прыкладна метр на паўтара.
У будынку хапала будаўнічага смецця, бітай цэглы, тырчала арматура.
— Падвал увесь час стаяў заліты вадой, прычым было дастаткова глыбока. Там плавалі пакрышкі ад грузавікоў і легкавушак. Зімой гэта ўсё замярзала, можна было нават па лёдзе пакатацца. Адтайвала толькі позняй вясной.
Вакол «Калізея» знаходзілася высокая бетонная агароджа. Пэўны час занядбанку ахоўваў вартаўнік з сабакам.
— Агароджу змазвалі салідолам, каб праз яе не лазілі, баючыся запэцкацца. Уваход заварвалі.
Але цяга моладзі да прыгод была мацнейшай.
— З даху скакалі роўпджамперы. Туды хадзілі сустракаць і праводзіць світанкі. А хтосьці там дзясяткамі паліў свечкі. Прыходзілі і нейкія дзіўныя футбольныя заўзятары, спрабавалі нас адтуль ганяць.
Пра перазагрузку «Калізея» мы расказвалі ў 2018 годзе, цяпер з’явілася магчымасць грунтоўна абследаваць, што ўнутры.
У снежні 2011-га будынак выкупіла ў горада ліванская кампанія: за 3,6 млрд рублёў старымі — тады гэта было прыкладна $430 тыс. Збіраліся надбудаваць два паверхі і ператварыць аб’ект у гандлёва-забаўляльны цэнтр. Але ў выніку зрабілі офісы і шматузроўневы паркінг.
Справа ў надбудаванай частцы (раней яна была значна ніжэйшая) — офісы Regula. Гэта кампанія вырабляе прыборы для праверкі сапраўднасці дакументаў і банкнотаў.
А што ў асноўнай частцы?
На першым паверсе ўжо некалькі гадоў працуе аўтацэнтр Subaru. Прычым пад тэхабслугоўванне кампанія адвяла акурат тыя памяшканні, якія і па першапачатковай задуме прызначаліся для СТА.
— З першага па пяты паверх у нас паркінг. На пятым ужо пачынаюцца адміністрацыйныя памяшканні — і па восьмы, — тлумачыць Андрэй Жукоўскі, кіраўнік замежнага акцыянернага таварыства «Эс Ды Кей Канстракшн». Гэтая кампанія якраз выступіла замоўцам.
Спачатку падрабязней распавядзём, якімі атрымаліся офісы ў былой занядбанцы. Іх яшчэ мала хто паспеў убачыць: адміністрацыйныя плошчы здалі ў эксплуатацыю толькі восенню 2021-га.
— З 2011-га па 2017-ты займаліся першай чаргой — паркінгам. Трэба было скончыць аздабленне, зрабіць сістэмы пажаратушэння, пажарнага абвяшчэння, вентыляцыі, каналізацыі. У параўнанні з савецкімі дадаліся патрабаванні па ўладкаванні тамбураў на выпадак эвакуацыі людзей. Патрабаваўся час, каб прывесці закінуты будынак у парадак, адаптаваць. Ішлі абследаванні, узгадненні, праводзіліся ўцяпленне і цеплавая санацыя.
Памяшканні і калідоры на офісных паверхах вытрыманы ў адным стылі: бардовая фарба, дрэва, вялікія лямпы. Над вобразам працавалі дызайнеры і гродзенскае архітэктурнае бюро «ВКЛ Праект».
— Пастараліся максімальна адпавядаць стылю будынка.
Архітэктура дасталася асаблівая: рабрыстыя столі пакінулі адкрытымі, атрымаўся гэтакі лофт.
У «Калізеі» ёсць некалькі тыпаў адміністрацыйных памяшканняў. Напрыклад, кабінеты на 70—100 «квадратаў»: працоўная зона са сталамі-камп’ютарамі і пакой для перамоў са шкляной сцяной.
— Цяпер такія офісы вельмі запатрабаваныя, таму што IT-кампаніі сціскаюцца ў памерах. Вольнымі засталіся толькі два такія кабінеты.
Арэндная стаўка — 10 долараў у месяц за «квадрат».
Нетрывіяльнасць архітэктуры прасцей ацаніць у вялікіх памяшканнях. Нагадаем, падлогі ва ўсім будынку былі нахіленымі і закручанымі па спіралі. Калі ў паркінгу гэта дарэчы, то ў офісах — не. Так што ў адміністрацыйнай частцы падлогі давялося выраўноўваць, фармуючы вельмі шырокія прыступкі.
У былой занядбанцы ёсць каворкінг на 440 «квадратаў», які так і называецца — «Калізей». Аглядаем яго падрабязна.
— Арганізавалі тут 90 месцаў, каб у людзей была магчымасць зняць працоўнае месца на дзень, два, тры.
Кошты такія: 5 еўра па курсе Нацбанка ў суткі за першае наведванне, 10 — за другое і наступныя. Месяц — 100 еўра ў эквіваленце.
Ёсць, зразумела, інтэрнэт і абедзенная зона з гарбатай-кавай і магчымасцю разагрэць абед.
У асноўным сюды прыходзяць айцішнікі, расказвае Андрэй Жукоўскі.
— Напрыклад, каб адчуць офісную атмасферу падчас аддаленай працы. Бывае, кампаніі арандуюць месцы для супрацоўнікаў, якія прыязджаюць у Мінск у камандзіроўку.
На сёмым паверсе знаходзіцца маштабнейшае памяшканне — на 700 «квадратаў». Там адчуваецца размах: падобна на ўніверсітэцкую аўдыторыю.
Нягледзячы на тое, што вокны невялікія, унутры вельмі светла. Віды такія: на завулак Казлова, трамвайнае дэпо і канал Сляпянскай воднай сістэмы.
— Паўднёвы бок. Адзін фотамастак уразіўся: «Я б тут стварыў якую-небудзь фотагалерэю, дзе кожная прыступка нешта азначала б».
Гэтая прастора яшчэ вольная, шукаем сур’ёзнага партнёра, які б яе ацаніў. У часы росту IT-кампаній яна б доўга не стаяла.
Памяшканні без вокнаў «Эс Ды Кей Канстракшн» здае пад склады: гэта ў самым цэнтры «Калізея».
Адміністрацыйных плошчаў тут 5,5 тыс. квадратных метраў, ужо ёсць арандатары на 2,5 тыс. Агульная плошча будынка — 20 тыс. «квадратаў».
Хоць многія мінскія офісы зараз пустуюць, у «Калізеі» кажуць, што патэнцыйныя кліенты прыходзяць на прагляды.
— Вядома, апошнія праблемы мы адчулі. Але нейкі месяц давалі паслабленні арандатарам: недзе зніжалі кошт, недзе фіксавалі яго ў рублях. Калі зараз не пойдзеш насустрач, заўтра кампанія проста з’едзе і ты застанешся ні з чым. Лепш адно аднаму дапамагаць і садзейнічаць.
Паркінг мае класічную планіроўку, задуманую яшчэ ў 80-х: гэта так званы «слімак», па якім да парковачных месцаў паднімаюцца аўтамабілі. Усяго тут 350 машына-месцаў.
— Зімой запаўняльнасць — каля 80%, — удакладняе Андрэй Жукоўскі. — Арандуюць парковачныя месцы і фізічныя асобы, і кампаніі. «Іпэшнікі» таксама здымаюць плошчы — рыхтуюць тут машыны да продажу.
У зімні час арэнда парковачнага месца абыходзіцца ў 60 рублёў за «квадрат» у месяц.
Сярод вартасцей адміністрацыйных памяшканняў «Калізея» кіраўнік называе магчымасць заехаць на аўто фактычна пад дах офіса.
— Арандатарам прапануем парковачныя месцы да офісаў бонусам. Можна сказаць, тут у туфлях ад машыны можна ўсю зіму праходзіць. Зручна. Яшчэ задумалі праект: жадаем зрабіць унутры і звонку будынка некалькі пастоў для зарадкі электрамабіляў.
Па архітэктуры паркінг застаўся ранейшым. На большай частцы столяў бачныя родныя рабрыстыя перакрыцці, але дзе-нідзе яны зашыты.
— Рабілі супрацьпажарную адсечку на столях з негаручай мінваты, бо тут ідзе падзел паміж парковачнай часткай і адміністрацыйнай.
На паверхах з паркоўкамі падчас рэканструкцыі давялося паўбіраць вокны: пажарныя патрабаванні.
Андрэй Жукоўскі ў цэлым ухваляе першапачатковы савецкі праект.
— У Мінску была моцная кафедра жалезабетону ў БПІ (цяпер БНТУ. — Заўв. Onlíner), таму тут выкарыстоўваліся беларускія матэрыялы. Увесь канструктыў — рабрыстыя трохвугольныя пліты, цэнтрыфугаваныя калоны — унікальны праект. Такіх гмахаў у горадзе тры-чатыры. У канцы 80-х студэнтам гэтыя будынкі паказвалі як прарыў.
Суразмоўца згадвае, што сам студэнтам БПІ ў 1989 годзе хадзіў глядзець іншы прарыўны шматпавярховік — на Дамброўскага. Ён потым таксама ператварыўся ў даўгабуд, які ўжо ў 2000-х атрымаў назву «Трыпалтаўр». З часам рэанімавалі і яго, прычым таксама з удзелам ліванскага інвестара. Цяпер там бізнес-цэнтр Sky Towers.
Наконт «Калізея» Андрэй Жукоўскі кажа так:
— Нешта яшчэ заканчваем, напрыклад уваходную групу ў офісную частку. Трэба больш засяліць памяшканні, але ў цэлым жыццё ўжо ўдыхнулі.
У кампаніі ёсць новыя планы на гэты ўчастак: паміж былой занядбанкай і завулкам Казлова плануюць пабудаваць офісна-вытворчы шматпавярховік. Значную частку памяшканняў там зойме пад вытворчасць кампанія Regula, якой неабходна пашырэнне.
— Ужо ёсць перадпраектнае рашэнне, адстаялі яго ў Камітэце архітэктуры, — расказвае Андрэй Жукоўскі. — У лютым вырашана ўнесці змены ў праект дэталёвага планавання. У канцы гэтага года плануем выйсці на праектаванне, восенню 2023-га або ў пачатку 2024-га — пачаць будаўніцтва.
«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпiсвайцеся, каб не прапусцiць нашы новыя тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by