Было — стала. Мінск 50 гадоў таму са спадарожніка: Няміга без Вострава слёз, Кастрычніцкая без Палаца Рэспублікі

1993
06 февраля 2022 в 12:07
Источник: Сняжана Iнанец

Было — стала. Мінск 50 гадоў таму са спадарожніка: Няміга без Вострава слёз, Кастрычніцкая без Палаца Рэспублікі

Источник: Сняжана Iнанец

Як выглядаў Мінск паўстагоддзя таму? Многіх сучасных адметных аб’ектаў у той час не існавала. Ніякага Палаца Рэспублікі, Нацыянальнай бібліятэкі. Не было звыклага будынка Камароўкі, нават Востраў слёз яшчэ не стварылі. Onlíner узброіўся здымкамі з вышыні, зробленымі з розніцай у 50 гадоў, каб нагадаць, як істотна змяніўся горад.

Здымкі «было» выкананы амерыканскімі спадарожнікамі-шпіёнамі ў 1972 годзе, яны захоўваюцца тут. Наогул, у межах касмічнай праграмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі CORONA розныя гарады і вёскі здымалі з канца 1950-х да першай паловы 1970-х. Рассакрэчаныя, яны паціху становяцца даступнымі для агульнага карыстання.

Кадры «стала» зроблены ў 2020 годзе дзяржаўным прадпрыемствам «БелПСГАГП». Выбралі для вас колькі знакавых кропак.

Плошча Незалежнасці з кругавым рухам аўто

Чым адрозніваюцца плошчы Леніна і Незалежнасці? Відаць, нямногім. Асноўныя архітэктурныя аб’екты тыя ж: Дом урада, забудова БДУ і Мінгарвыканкама. За 50 гадоў педагагічны інстытут прырос новым шматпавярховым корпусам. Плошча, пад якой зараз месціцца гандлёвы цэнтр, выглядае стэрыльнай, на старых жа фота тут можна заўважыць паркоўку і кругавы рух аўто. З вышыні і тады, і цяпер добра праглядаюцца ўнутраныя дворыкі Галоўпаштамта і гасцініцы «Мінск».

Кастрычніцкая плошча без Палаца Рэспублікі

А вось з Кастрычніцкай справа цікавейшая. Нязвыкла бачыць гэта месца без Палаца Рэспублікі, хоць і такое было. У 1972-м замест будучага гмаху — сквер. Манумент Сталіну ў зялёнай зоне Цэнтральнай плошчы ўжо знеслі. Кідаецца ў вочы г-падобны дах музея Вялікай Айчыннай вайны. Пабудаваны толькі ў 1966-м, ён яшчэ не ведае, што наступныя 50 гадоў не перажыве. Праз паўстагоддзя на Кастрычніцкай з новага (акрамя Палаца Рэспублікі) — так і не адкрыты «БК Капітал Палас» і офісны будынак А1. Да таго ж на сучасных здымках размыты аб’екты, якія вырашылі схаваць ад старонніх вачэй.

Няміга без Вострава слёз

А гэта — частка праспекта Пераможцаў. Зірнём спярша на фотаздымак з 1972-га: Палац спорту ўжо стаіць, насупраць яго відаць гасцініцу «Юбілейная», а вось кінатэатр «Масква» яшчэ будуецца. У правай частцы кадра ўсё не так, як мы прывыклі. Да прыкладу, бачым велізарны стадыён спартыўнага таварыства «Працоўныя рэзервы», цяпер на яго месцы — воды Свіслачы. Адзін з масткоў, што ад Траецкага прадмесця раней вёў да стадыёна, зараз цягнецца да Вострава слёз, адмыслова створанага ў канцы 80-х — пачатку 90-х.

Камароўка без рынкавага павільёна

Перанясёмся на скрыжаванне вуліц Веры Харужай і Куйбышава. 50 гадоў таму на звыклым месцы стаяў Дом мэблі, а вось адметнага павільёна Камароўскага рынку яшчэ не існавала, яго збудуюць у канцы 1970-х. На старым здымку рынкавыя рады размяшчаюцца правей ад Дома мэблі. На фота «было» заўважны лапік з аўтобусамі, гэта аўтастанцыя, пазней тут узвялі шматпавярховікі.

Вакзал з гістарычным будынкам

Раён чыгуначнага вакзала цалкам пазнавальны (праўда, перадусім дзякуючы прывакзальным вежам і шматлікім рэйкам насупраць), але на старых здымках ён не той, што зараз, а гістарычны. Гандлёвага цэнтра «Галілеа» з крытым аўтавакзалам, зразумела, не было і ў праекце. І вежы факультэта міжнародных адносін БДУ на ранейшым фота не знойдзеш.

Стары аэрапорт з самалётамі

Пакуль у БССР давалі неадпаведныя назвы прыпынкам грамадскага транспарту ля некаторых стратэгічных аб’ектаў, каб «заблытаць ворага», амерыканскія спадарожнікі актыўна фатаграфавалі, прыкладам, аэрапорт. Ды так, што самалёты можна злічыць! Праз 50 гадоў на фота зверху, зразумела, ніякай тэхнікі: на былым лётным полі ўзводзіцца квартал «Мінск-Мір». Будынак аэрапорта, на шчасце, некрануты. Надзіва добра захавалася і каларытная зялёная пляцоўка з дарожкамі перад ім.

Усход без Нацыянальнай бібліятэкі (і ўвогуле без анічога)

На старым кадры сувязь з сучаснай рэальнасцю захоўвае толькі праспект — ён тады называўся Ленінскім. На яго беразе стаіць сабе вёсачка Вялікая Слепня, якая яшчэ і не сніць, што праз некалькі дзесяцігоддзяў акурат на яе месцы будзе ўзвышацца ромбакубаактаэдр Нацыянальнай бібліятэкі. Змены, вядома, уражваюць.

Трохі Уручча без шматпавярховікаў

Са спадарожніка паўстагоддзя таму выдатна праглядалася Уручча — праўда, яшчэ не савецкі мікрараён вышынных дамоў, а аднайменная вёска, у кадры яна падаецца з поўначы на поўдзень. Гэты пункт Мінска таксама зазнаў сур’ёзныя змены — ад тагачаснага горада засталіся толькі праспект, некалькі невялікіх дарог і, акрамя таго, былыя вясковыя могілкі, якія цяпер параслі лесам.

Плошча Бангалор з аб’ёмным прыватным сектарам

Вось цалкам вядомае кола плошчы Бангалор. Мінулым часам тут ужо стаялі шэрагам тры шматкватэрныя дамы ўсцяж будучай вуліцы Сурганава, якой, уласна кажучы, на гэтым участку яшчэ няма. Пазней яе праложаць праз прыватны сектар. Выцесненыя сядзібныя пабудовы саступяць месца і дамам на шмат паверхаў.

«Пушкінская» без кінатэатра і гасцініцы

Працягваем наша падарожжа над мінскімі «спальнікамі». Вось раён сучаснай станцыі метро «Пушкінская». Паўстагоддзя таму паралельна вуліцы Прытыцкага цягнулася вёска Цівалі. Сёння недзе тут — кінатэатр «Аўрора», гасцініца «Арбіта» і недабуд «Гулівер» (на месцы нейкіх пабудоў, падобных да калгасных). А вось значная частка квартала паміж праспектам Пушкіна і вуліцай Баляслава Берута і таго часу стаяла на сваім месцы.

Незабудаваная Каменная Горка

Там, дзе зараз знакаміты спальны мікрараён Каменная Горка мяжуе з МКАД, 50 гадоў таму можна было доўга ісці па полі, не натрапіўшы на ніводзін будынак. Ніякага табе гандлёвага цэнтра «Прастор», анічога. Вёска Кунцаўшчына, што размяшчалася побач, кадрам не закранута.

Лошыцкія сады

Напрыканцы колькі здымкаў Лошыцы. На свежым фота дарога бярэцца ўверх — гэта кавалачак Ігуменскага тракта; асфальт у правым верхнім куце — вуліца Чыжэўскіх, якая ідзе тут паралельна рацэ Лошыцы. У левай частцы кадра — мікрараён уздоўж вуліцы Каруся Каганца. Колішні від са спадарожніка апісваць проста: сады, сады, сады.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпiсвайцеся, каб не прапусцiць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by