Першае ўкладанне — $500 на швейную машынку. Гэтая беларуска робіць бізнес на вігвамах

Источник: Надзея Конан. Фота: Максім Маліноўскі. Пераклад: Вікторыя Голубева
10 776
24 марта 2023 в 18:11

Па адукацыі Дар’я Мацвеенка — выкладчыца рускай мовы і літаратуры. Гадоў 15 таму яна не ўяўляла, што зоймецца вельмі незвычайным бізнесам — будзе шыць вігвамы. А пачалося ўсё з лялек-тыльдаў для дачкі падчас дэкрэта. Дар’я кажа: «Памятаю, прыехала дадому са швейнай машынкай і з палаючымі вачыма: „Буду шыць!“» Тата адказаў: «Ты ж не ўмееш». Я прамовіла: «Значыць, трэба мяне навучыць».

Невялічкая мінская майстэрня Maryfleur, дзе шыюць вігвамы, знаходзіцца ў глыбіні каларытнага завулка Паўночнага, што на горцы побач са станцыяй метро «Плошча Францішка Багушэвіча». Былы вытворчы двухпавярховік падзелены на офісы, у адным з якіх размешчана тэкстыльная норка са швейнымі машынамі, скруткамі тканін, напаўняльнікаў, тасёмак. Вунь там — нешта падобнае ці то на вялікія парасоны, ці то на спадніцы. Калі разгарнуць і паставіць гэта ў кватэры, атрымаецца чароўнае месца для дзіцячых гульняў: вігвам! Гэта і ёсць прадукцыя Дар’і.

Зрэшты, пра ўсё па парадку.

— У мяне педагагічная адукацыя: выкладчык рускай мовы і літаратуры. Навучала англійскай мове, займалася дзіцячай псіхалогіяй, але ўсё гэта неяк вылілася ў дзіцячы тэкстыль, — распавядае гаспадыня майстэрні.

Хатняе майстэрства ў жыцці Дар’і пачалося ў 2009-м, у дэкрэце.

— Хацелася зрабіць нешта прыгожае для дачкі. Убачыла лялькі-тыльды, тады яны былі вельмі моднымі. Вырашыла пашыць сама.


Тады і адбыўся той самы дыялог з бацькам, які мы згадалі ў самым пачатку.

— Памятаю, прыехала дадому са швейнай машынкай і з палаючымі вачыма: «Буду шыць!» Тата адказаў: «Ты ж не ўмееш». Я вырашыла: «Значыць, трэба мяне навучыць». Я не ўмела нават завесці нітку ў іголку ў машынцы. І тата пачаў мне ўсё вельмі старанна тлумачыць.

Бацька Дар’і, Аляксандр, — тэхнолаг швейнай вытворчасці. Галоўны памагаты ў занятку, які праз колькі гадоў разросся да сапраўднага сямейнага бізнесу. Вельмі падтрымлівае і мама: дзеля справы Наталля нават скончыла бухгалтарскія курсы.

А прыдумляючы назву для брэнда — Maryfleur, яго стваральніца адштурхоўвалася ад імя дачкі Машы.

Напачатку Дар’я завяла старонку ў Instagram, куды выкладала свае працы. З цягам часу стала іх прадаваць і праводзіць майстар-класы па стварэнні лялек. Потым пачала штабнаваць дзіцячы тэкстыль: коўдры, пледы, борцікі для ложачкаў, хрысцільныя наборы.

— Падабалася прыдумляць дызайн, падбіраць тканіны, — успамінае Дар’я.


З 2016-га маленькая справа закруцілася па-даросламу, з’явіўся сайт, актыўна пайшлі замовы. Часткова швейную працу Дар’я стала аддаваць на аўтсорс.

— Але задачы маштабавацца да ўзроўню маркетплэйсаў не ставіла. Баялася: раптам станеш думаць толькі пра лічбы, перастанеш сачыць за якасцю і іншымі важнымі момантамі. Хацелася захаваць разынку, унікальнасць.

Дзесьці ў той час і прыйшла ідэя рабіць вігвамы, яны ж тыпі.

— Бачыла ў інтэрнэце прыклады, але захацелася ў дызайне задзейнічаць і свае ідэі. Тлумачыла бацьку, якім павінен быць мой вігвам, а ён ужо пралічваў тэхналагічныя моманты (як гэты выраб зручней і прасцей змайстраваць), адпрацоўваў лякалы. Першы домік я пашыла для сваіх дзяцей. Дачцэ тады было гадоў восем, сыну на два больш.

Вядома, падчас рэпартажу не абышлося без жарту з мультфільма «Прастаквашына». Прыгадваеце? «Гэта індзейская нацыянальная хата. Фігвам называецца!»

Дык вось высветлілася, што многія беларусы хочуць падарыць дзіцяці «індзейскую нацыянальную хату».

— Часта купляюць для дзяцей, якім споўніўся гадок. Зручна так віншаваць з першым міні-юбілеем — атрымліваецца прыгожы вялікі падарунак. Ды і дзеці старэйшыя любяць туды забрацца, пасядзець у цішыні з кніжкамі. Ім, як і любому чалавеку, патрэбен куток для адзіноты — можна нават шторкай акенца завесіць.


На стварэнне першага тыпі ў Дар’і пайшло некалькі дзён: прадумаць, раскроіць, распароць і перарабіць няўдалае. Зараз у швачак, якіх запрашае прадпрымальніца, за дзень атрымліваецца па два-тры камплекты. Камплектам лічыцца вігвам з дыванком, падушкай і тэкстыльным кошыкам для цацак.

— Маркетплэйсы часта прадаюць кітайскія аналагі з сінтэтыкі, дзіця ў такіх вігвамах проста пацее. У нас усё натуральнае: бавоўна, лён. Шмат супрацоўнічаем з баранавіцкім ільнокамбінатам. Некаторыя тканіны — польскія, турэцкія. Ну і шыць трэба якасна: каб ніткі не тырчалі, быў роўны радок.


Навес можна зняць і памыць у машыне: далікатны рэжым, ашчаднае адцісканне.

— Калі я кажу, што вігвам можна памыць, то павінна быць упэўненая, што тканіна не сядзе пасля мыцця на пяць сантыметраў. Таму новыя матэрыялы заўсёды правяраем, каб людзі пасля пакупкі не сказалі: «А што гэта пасля мыцця здарылася з нашай хаткай?» — смяецца Дар’я.

Рэйкі закупляюць на лесапільні.

— Іх спецыяльна падрыхтоўваюць, шліфуюць, робяць адтуліны для вяроўкі. Мы прадумалі дэталі, каб хатка лёгка складвалася. Калі гульня скончылася — можна сабраць і ў куток паставіць.

Вігвамы зараз прадаюцца па 120 рублёў, з дыванком — 170. Можна дакупіць і падушкі (15—30 рублёў за штуку), кошык для цацак (45 рублёў).

— Поўны камплект каштуе крыху больш за 200 рублёў, — удакладняе Дар’я.

З часам вігвамы сталі асноўнай прадукцыяй майстэрні. Суразмоўніца тлумачыць чаму:

— Мне вельмі падабалася рабіць борцікі, пледы, дзіцячыя пасцельныя рэчы. Але тут я сутыкнулася з праблемай у коштаўтварэнні: людзі хочуць атрымаць нешта ўнікальнае, толькі для іх дзіцяці, але каб гэта каштавала як у звычайнай краме, дзе вытворчасць масавая. Прычым ты ўвесь час нешта ўзгадняеш з замоўцам, пакуеш, марнуеш безліч часу на невялікае пакрывала, якое хочуць купіць за капейкі. Таму паступова прыйшлі да хатак — тут людзям больш зразумела, адкуль бярэцца кошт.


Першыя вігвамы рабілі пад канкрэтныя замовы, потым змянілі падыход.

— Вырашылі пашыць лінейку, адфатаграфаваць і вывесіць на сайце. Збольшага прапануем ужо гатовы прадукт: у розных стылях, для дзяўчынак, для хлопчыкаў, унісекс. Але бывае, просяць і нешта асаблівае: вышыць імя дзіцяці, зрабіць два акенцы або дзве кішэні замест адной. Калі падабаецца ўжо гатовы выраб, можна купіць тыпі адразу. А калі пад замову — трэба некалькі дзён пачакаць.

Тавар у засеках не залежваецца: штомесяц майстэрня прадае па 30—40 вігвамаў.

— Наш актыўны сезон — з кастрычніка і да пачатку года. Добра купляюць на навагоднія святы, Каляды, калі ездзяць у госці да пляменнікаў ці хроснікаў. Стабільна замаўляюць на дні народзінаў.

Выпадаюць і вельмі вялікія замовы.

— Аднойчы мы працавалі з IT-кампаніяй, якая вырашыла зрабіць дзецям сваіх супрацоўнікаў такія незвычайныя падарункі перад Новым годам. Папрасілі пашыць каля 30 вігвамаў і вышыць свой лагатып. Працавалі з гэтым мы 2,5 тыдня. А ў 2019-м адна турыстычная кампанія замовіла ў нас 300 тэкстыльных мышэй — гэта было, вядома, шаленства, — смяецца Дар’я.


Майстэрня заўсёды працуе з адной-дзвюма швачкамі, якія выконваюць бягучыя замовы і паступова ствараюць запас на склад. Нешта звыш таго аддаецца на пашыў у атэлье.

А што наконт укладанняў у незвычайны бізнес?

— Як першую трату я б успомніла $500 на куплю бытавой швейнай машынкі. Потым набыла аверлок, ён быў ужо даражэйшы — каля $700. Прамысловую швейную машыну ўзялі на распродажы вытворчасці. Абышлася яна долараў у 350, гэта зусім няшмат. Раскройны стол каштуе долараў 100—150. Шукаеш таннейшую мэблю, стэлажы для майстэрні — калі браць новае, будзе дорага. Самай сур’ёзнай пакупкай стала вышывальная машына: каштавала $2500 — яе брала ў растэрміноўку.

Зразумела, ёсць выдаткі і на арэнду — утрыманне майстэрні.

— Першую майстэрню — зусім катушок — зняла, яшчэ займаючыся цацкамі. Людзі сталі прыходзіць да мяне на майстар-класы — немагчыма было ўсіх прымаць у кватэры.

Прадпрымальнікаў, што таксама займаюцца вігвамабудаваннем, у Беларусі нямала.

— Вядома, бываюць і несумленныя канкурэнты, якія могуць капіраваць вырабы. Але ў тых, хто ўвесь час на рынку, свой стыль. Некаторыя вытворцы робяць вігвамы на пяць рэек — атрымліваюцца проста шатры. А нехта здзіўляе роспісамі па тканіне, таксама цікава. Адзін аднаго не паўтараем. Бывае, кліенты дасылаюць фота чужога вігвама і просяць: «Зрабіце як у іх». Тады тлумачыш: «Так не атрымаецца. Вось ёсць наш вігвам, ён такі, але для вас можам сцяжкі на вяршыні замяніць на пёркі, нанесці вышыўку».

Нягледзячы на сотні адшытых індзейскіх хатак, стомленасці ад іх няма.

— Была спроба шыць хаткі для жывёл. Кошт вырабу разам з дыванком быў каля 60 рублёў, даражэй людзі не купляюць. А за канструктыў вігвама для сабакі нам самім налічылі як за прадмет мэблі! Эканоміка не склалася, а можа, я проста не надта натхнілася гэтай ідэяй.

Раней вігвамы з Мінска карысталіся попытам у Еўропе і нават на радзіме індзейцаў, у Амерыцы. Але летась продажы за мяжу моцна знізіліся, засталася толькі Расія.

Аднак за ўсе гэтыя гады Дар’я ні разу не пашкадавала, што занялася тэкстыльнай справай.

— Я б не сказала, што быў нейкі момант, калі хацелася зачыніцца. Так, у кавід мы моцна і не думалі пра вігвамы, але без працы не сядзелі — шылі маскі.

Апрача вігвамаў, майстэрня выпускае шатры для дзяцей (праўда, надта папулярнымі яны не сталі). А яшчэ прадае тканіны, фурнітуру і наборы для шыцця лялек, з якіх Дар’я пачынала.

— Вяду праект «Школа шыцця» для дарослых і дзяцей. Цяпер у мяне займаецца дзяўчынка з сіндромам Даўна — у такіх выпадках ручная работа асабліва карысная, бо развіваецца дробная маторыка, навыкі камунікацыі. Рада, што праца ідзе! Мы са сваімі вігвамамі дорым людзям радасць, гэта акрыляе.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by