Касцёлы ў Відзах і Гервятах называюць самымі высокімі ў Беларусі. Іх стройныя шпілі з крыжамі пранізваюць нябёсы. Якой яны вышыні? Звесткі ў крыніцах адрозніваюцца, храмы вядуць завочную барацьбу за першынство, пішуць калегі. Журналісты Onlíner вырашылі расставіць кропкі над «i», дасталі лазерныя дальнамеры і з’ездзілі вымералі. Заадно зірнулі на наваколле з вышыні.
З сабой мы ўзялі два лазерныя дальнамеры (дзякуй за абсталяванне кампаніі «Геапартал»).
Прасцейшы інструмент — дальнамер ME 100. Лічы, лазерная рулетка: ёй мы для цікавасці вызначалі вышыню памяшканняў унутры касцёлаў. Прыбор больш сур’ёзны — TruPulse 200L. З яго дапамогай вымяралі касцёлы на ўвесь рост. Прынцып такі. З аднаго месца трэба тройчы прыцэліцца з монакуляра: перпендыкулярна да касцёла, а яшчэ да ўзроўню падлогі і наверх, да крыжа. Гэтыя адлегласці дазваляюць прыбору вылічыць вышыню.
Наогул, самы дакладны на сёння спосаб змераць вышыню будынка — карыстацца лазерным 3D-сканерам. Ён здымае шмат памераў складанага аб’екта і дапамагае атрымаць яго дэталёвую мадэль. Але працэс гэта дарагі і працаёмкі, такіх прыстасаванняў у Беларусі мала.
Пакуль Парыж не вельмі даступны для беларусаў, можна зганяць у Гервяты. Сур’ёзна, тутэйшы касцёл Святой Тройцы нібыта сышоў са старонак раманаў Гюго. Толькі гэта не сярэднявечная готыка, як знакаміты Нотр-Дам, а неаготыка — прыкмета XVIII—XIX стагоддзяў.
На беларускіх землях неагатычныя будынкі актыўна ўзводзіліся на мяжы XIX і ХХ стагоддзяў. У 1905 годзе быў выдадзены ўказ аб верацярпімасці, тады купалы касцёлаў узняліся смялей.
Каменны каталіцкі храм у Гервятах пабудавалі к 1904-му. У 2022-м пробашчам тут служыць ксёндз Дзмітрый Леўчык. Даведаўшыся, што мы збіраемся вымяраць вышыню, усміхаецца:
— Навошта ехаць, паліва марнаваць? Гервяты — 61 метр, Відзы — 59. Наш вышэйшы.
У крыніцах паказваюць абсалютна розныя вышыні гервяцкага касцёла (уключаючы крыж): 61, 64, 67 метраў. Напэўна, хтосьці ведае правільны адказ, але і нам цікава.
Каб дамагчыся вынікаў, падобных да праўды, з дальнамерам TruPulse 200L давялося павазіцца.
Рэч не ў ім, а ў нас. Каб кропкі для вымярэння былі больш дакладнымі, аднаму з нас спатрэбілася ўвайсці ў дзверы касцёла і стаць прыкладна пад крыжам. Шмат спроб — і нарэшце дальнамер стаў упарта паказваць адну лічбу.
Варта зрабіць такую-сякую скідку на хібнасць прыбора (яна можа скласці каля паўметра ў любы бок) і нашы крывыя рукі, але геадэзісты-самавукі заяўляюць: 64 метры. Ад узроўню падлогі да канца крыжа.
Каб узвесці гэты гмах, людзям на стыку XIX і XX стагоддзяў прыйшлося папрацаваць. Кажуць, на будоўлі было задзейнічана больш за 70 чалавек. За Гервятамі нават спецыяльна пабудавалі цагельню, а ў вапнавы раствор для трываласці дадавалі яйкі.
Унутры, як і звонку, ёсць на што паглядзець.
Гэты касцёл на Астравеччыне не быў разбураны, працягваў працаваць нават у часы атэізму. Каля 17 гадоў таму, пры пробашчы Леанідзе Несцюку, тут прайшла рэстаўрацыя. Тады на адной са сцен пад слоем тынкоўкі знайшлі страчаны роспіс.
Унутры касцёла мы таксама пахадзілі з дальнамерам. Лазерная рулетка паказала 18 метраў 42 сантыметры — ад узроўню асноўнай падлогі да самай высокай кропкі скляпення. І 18 метраў 20 сантыметраў — ад узроўню падлогі каля алтара, які знаходзіцца на невялікім узвышэнні.
На вежу ў Гервятах зараз не патрапіш: лесвіца ў аварыйным стане. Нам дазволілі падняцца толькі на хоры, да ўзроўню аргана (ён не працуе). Каменныя прыступкі, закручаныя па спіралі, — на месцы, атмасфера старога будынка тут адчуваецца асабліва.
— У нас ёсць электронны звон, але месяцы два таму адрамантавалі сапраўдны. Згніла аснова, на якой ён трымаецца, — расказвае ксёндз Дзмітрый.
Галоўны фасад касцёла зараз у будаўнічых рыштаваннях. Рабочыя чысцяць сцены ад моху і не толькі.
— Летась пачысцілі паўночны бок, праца працягваецца і ў гэтым годзе, — кажа пробашч. — Адна з прычын забруджвання — на сценах асядае пылок з дрэў касцельнага парку.
Раскошны ландшафтны парк — заслуга былога пробашча Леаніда Несцюка. А яшчэ прыхаджан, якія дапамагаюць за ім прыглядаць.
— Ёсць чалавек, які працуе з паркам пастаянна. Але велізарны ўклад прыхаджан. Я ўвогуле раней не сустракаў, каб людзі настолькі актыўна дапамагалі пры касцёле. Раз на некалькі месяцаў мы аб’яўляем суботнік, дык першы раз на дапамогу з паркам і пасадкай кветак прыйшло чалавек 40. Для вёскі гэта вельмі шмат. Я ўжо прывык, а першы раз быў здзіўлены, — успамінае ксёндз.
На пытанне, які ж касцёл самы прыгожы ў Беларусі, пробашч чакана адказвае:
— З упэўненасцю заяўляю, што гервяцкі. Ён і адзін з самых наведвальных: да нас прыязджае нямала турыстаў.
У Відзах на гарызонце — то шпіль касцёла, то памежныя вышкі: адсюль рукой падаць да Літвы. Гэты неагатычны касцёл вядомы адразу пад двума імёнамі: Троіцкі (так ён значыцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей) і Раства Дзевы Марыі (па назве парафіі, якая тут зараз праводзіць службы).
Будавалі касцёл у 1904—1914 гадах.
Часцей за ўсё ўказваюць, што касцёл у Відзах вышынёй ад 58 да 60 метраў. Аднак пробашч, ксёндз Альфрэд Пяхота, здзіўляе:
— Калісьці на даху працавалі альпіністы, мянялі бляху. Так яны спускалі вяроўку, вымяралі — у іх атрымалася 68 метраў. Але з вяроўкай, канешне, можна памыліцца.
І ўсё ж наш дальнамер спыніўся на такой вышыні: 58,5 метра (з крыжом). Цалкам упісваецца ў агульнавядомыя 59.
Старадаўні культавы будынак першы раз моцна пацярпеў амаль адразу пасля пабудовы, у 1916-м, падчас Першай сусветнай, але да 1932 года прыхаджане адрамантавалі яго. Не пашкадавала святыню ў Відзах і наступная вайна: тады старажытны аб’ект гарэў. Потым яго выкарыстоўвалі пад збожжасховішча, а пазней пад скляпеннямі і ўвогуле ўладкавалі спартзалу прафесійна-тэхнічнага вучылішча.
Ксёндз Альфрэд служыць у гэтым храме ўжо 22 гады, з верасня 2000-га. А ўпершыню пабываў тут раней, у 1991-м: на той момант прайшло ўсяго два гады пасля вяртання касцёла прыхаджанам.
— Як выглядаў храм у 91-м? — пытаемся.
— Звонку і ўнутры стаялі будаўнічыя рыштаванні. Касцёл быў моцна пашкоджаны, пабіты: без тынкоўкі, з праламанай драўлянай падлогай, — успамінае пробашч.
Цяпер унутры мала што нагадвае пра няшчасці, якія выпалі на долю храма. Але глядзім і памятаем, што першапачатковы інтэр’ер не захаваўся, як і старадаўні арган.
Пасля вяртання святыні вернікам у яе зноў трапілі і некалькі старажытных скульптур — Ісуса і Божай Маці.
— Яны захоўваліся ў Літве, у касцёлах непадалёк, — удакладняе святар.
У гэтым храме мы таксама вымералі лазернай рулеткай вышыню ад падлогі да скляпенняў: у самай высокай кропцы атрымалася каля 17,8 метра.
Адна з памочніц пры касцёле, Івонка, праводзіць нас наверх. Каля 90 высокіх прыступак — і мы ў званіцы. Падчас Першай сусветнай вайскоўцы выкарыстоўвалі вежы касцёла ў Відзах як назіральны пункт, тут размяшчалі зброю.
Віды на наваколле, якія адкрываюцца амаль з 59 метраў, — галавакружныя.
Раней сюды не-не ды і вадзілі турыстаў. Цяпер не пускаюць: асцерагаюцца з-за стану ўсходаў. Другая вежа наогул даўным-даўно зачынена. Ксёндз Альфрэд распавядае, што яна пацярпела яшчэ падчас войнаў — там не рэкамендавалі вешаць званы.
Затое на вышыні, дзе мы знаходзімся, — тры званы, якія з’явіліся яшчэ ў 2004-м. Самы цяжкі названы ў гонар біблейскіх герояў: Ісуса, Іосіфа і Марыі. Два іншыя — без назваў.
Звонку мінулае касцёла больш відавочнае. У сценах можна знайсці некалькі снарадаў Першай сусветнай, іх умуравалі падчас міжваеннага рамонту. Бачныя і ваенныя раны — адтуліны ў цэгле, іх захавалі спецыяльна.
У 2014-м касцёл у Відзах святкаваў 100-годдзе. Яшчэ два гады — і будзе новы юбілей, споўніцца ўжо 110. Турысты едуць сюды, нягледзячы ні на якія праблемы. Што да парафіі, то людзей у ёй становіцца ўсё менш: з’язджаюць у буйныя гарады, кажа ксёндз Альфрэд.
Тым не менш пробашч не губляе аптымізму:
— Марым зрабіць якое-небудзь абаграванне — узімку тут вельмі холадна. Плануем адрамантаваць вежы, каб яны сталі даступнымі для ўсіх і кожны мог паглядзець на прыгажосць.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by