Як аднаўлялі Мінск. Паглядзелі фота з архіва — там шмат знаёмых вам будынкаў

1625
03 июля 2023 в 8:00
Источник: Надзея Конан. Пераклад: Вiкторыя Голубева. Фота: з архiва БДАНДТ. Калаж: Максiм Тарналiцкi

Як аднаўлялі Мінск. Паглядзелі фота з архіва — там шмат знаёмых вам будынкаў

Источник: Надзея Конан. Пераклад: Вiкторыя Голубева. Фота: з архiва БДАНДТ. Калаж: Максiм Тарналiцкi
Покупайте в Каталоге Onlíner — выигрывайте iPhone 16 Pro Max!

Зусім нядаўна Onlíner успамінаў, як вядомыя ўсім вуліцы беларускай сталіцы выглядалі падчас вайны. 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска, нагадаем, як горад адбудоўваўся. Здымкі, што захоўваюцца ў Белдзяржархіве навукова-тэхнічнай дакументацыі, з намі разгледзела кандыдат гістарычных навук Людміла Масейчук, супрацоўніца архіва. Каб зразумець, з чым мелі справу людзі, якім давялося аднаўляць Мінск, трэба зноў акунуцца ў фота, зробленыя падчас акупацыі і пасля вызвалення горада.

— Усё спрэс было ў руінах, — кажа Людміла Масейчук, загадчыца аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў БДАНТД. — Пасля акупацыі, пасля бамбардзіровак стан горада быў цяжкім. На першых пасяджэннях камісіі па аднаўленні Мінска нават паўставала пытанне аб тым, каб перанесці сталіцу Беларусі, кіламетраў на 10. Але пасля гарачых дэбатаў прынялі рашэнне аднаўляць Мінск.

Здымак зроблены яшчэ падчас акупацыі, меркавана ў 1943 годзе. Жывёлу гоняць па цяперашняй вуліцы Леніна. Апрача руін, відаць вежы касцёла Дзевы Марыі і калегіума езуітаў (першыя захаваліся і сёння, калегіум знеслі неўзабаве пасля вайны)
Сённяшні праспект (а тады вуліца Савецкая), знята ад скрыжавання з цяперашняй вуліцай Леніна, ліпень 1944 года
Зноў вуліца Савецкая, знята ў іншы бок
Від Мінска ў бок Тэатра оперы і балета

Многія будынкі пасля сыходу нямецкай адміністрацыі аказаліся замініраваныя, з імі прыйшлося добра папрацаваць сапёрам.

— Пасля прыняцця генплана па аднаўленні сталіцы было вырашана ўсё, што не падлягае аднаўленню, зносіць няшчадна, — распавядае Людміла Масейчук. — Разам з тым дзейнічала камісія, якая разглядала, што можна пакінуць, захаваць. Напрыклад, мы з вамі знаходзімся ў будынку 1694 года (БДАНТД размяшчаецца ў цэнтры Мінска, на вуліцы Кірылы і Мяфодзія, 4. — Заўв. Onlíner). Паўкруглыя дамы на цяперашняй плошчы Перамогі — падчас вайны ўнутры там усё выгарала, але іх пакінулі: фасады рэканструявалі, усе ўнутраныя перагародкі замянілі. Будынкаў, якія падлягалі рэканструкцыі, засталося шмат. Гэта і помнікі канструктывізму — старая Ленінская бібліятэка, фабрыка-кухня. Вырашылі аднаўляць і галоўны корпус Акадэміі навук, і Тэатр оперы і балета — праекты архітэктара Лангбарда, які займаўся і іх рэканструкцыяй.

Дом урада, на фасад ужо вярнулі савецкі герб. Знята ад руін корпуса БДУ, 1944 год
Руіны сярэдняй школы №4, 1944 год
Архітэктары Уладзімір Кароль і Міхаіл Асмалоўскі разглядаюць праект забудовы Цэнтральнай плошчы

У разбураным горадзе страшна неставала жылля. Людзі туліліся ў падвалах, капалі зямлянкі, уладкоўвалі палатачныя лагеры.

— Вось знакаміты фотаздымак, арыгінал захоўваецца ў нас. У раёне сучаснай вуліцы Энгельса быў палатачны гарадок. У такіх умовах жылі людзі, у тым ліку з дзецьмі. Можна паглядзець і ў якім стане быў тэатр Янкі Купалы, — зазначае суразмоўніца. — А за Домам урада, дарэчы, таксама аднаго часу быў палатачны лагер, дзе жылі партызаны, пакуль ішла іх пастаноўка на воінскі ўлік. Варылі ежу на вогнішчах.

Палатачны гарадок у раёне будынка ЦК КПБ. Злева бачны тэатр Янкі Купалы, 1944 год

Каб даць сігнал блізкім, мінчане пакідалі надпісы акурат на руінах.

— Гэта таксама вядомае пасляваеннае фота. Усе чакалі сваіх родных і блізкіх з фронту, хацелі зарыентаваць, дзе знаходзяцца самі. Для карэнных мінчан разабрацца з такімі надпісамі не складала праблемы: усе памяталі, дзе які дом знаходзіўся, горад быў невялікім.

Расчышчалі сталіцу ад завалаў людзі розных пасад, розных узростаў. Кожны мінчанін ад 15 да 65 гадоў павінен быў адпрацаваць па 15 гадзін у месяц на расчыстцы горада.

— Кожнаму выдавалася кніга ўдзельніка аднаўлення Мінска. Працавалі ўсе: прафесары нароўні са студэнтамі.

Былі занятыя на аднаўленні горада і нямецкія ваеннапалонныя.

Так выглядалі тыя самыя асабовыя кніжкі. Пашукайце ў дамашніх архівах, такія напэўна захаваліся і ў вашых сваякоў
Аднаўленне чыгуначнага палатна за будынкам чыгуначнага вакзала. З фасада яшчэ не зняты надпіс «Мінск» на нямецкай, 1944 год
Будаўніцтва па вуліцы Камсамольскай, 1948 год
Працы на Прывакзальнай плошчы. За плячыма ў людзей можна заўважыць прыстасаванні, у якіх пераносілі камяні

Цэглу, якая засталася пасля разборкі руін, стараліся выкарыстаць паўторна.

— Будаўнічае смецце вывозілася, або яно служыла для ўмацавання сцен.

На фота можна ўбачыць, як узводзіліся вядомыя мінскія будынкі. Галоўпаштамт, ГУМ, будынак КДБ.

— Будынак КДБ стаў, дарэчы, першым на вуліцы Савецкай, сучасным праспекце Незалежнасці. Ён і задаў стыль усяму праспекту — пампезны сталінскі ампір. Лічу, такі выбар быў правільным: калі адбудоўваеш горад з нуля, ён мусіць уражваць. Трэба было паказаць, што гэта — сталіца, — выказвае думку Людміла Масейчук.

Узводзяць жылыя дамы па вуліцы Савецкай, цяпер праспект Незалежнасці, 1949 год

Па старых здымках можна прасачыць, як над горадам сталі ўзвышацца краны.

— Упершыню ў горадзе кран выкарысталі пры будаўніцтве дома, у якім цяпер месціцца крама «Ласунак». Гэта было такое шоу для ўсіх мінчан і гасцей сталіцы. Усе хацелі залезці і паглядзець, як выглядае свет з вышыні птушынага палёту.

Вуліца Савецкая, злева кампанія людзей чакае трамвай, 1947 год
Будаўніцтва жылых дамоў у квартале вуліц Леніна і Энгельса. Від на тэатр Янкі Купалы, 1954 год
Рог вуліц Валадарскага і Савецкай, будуецца жылы дом з кінатэатрам «Цэнтральны», 1950 год
Узвядзенне гасцініцы «Мінск»

— Горад аднаўляўся хутка, усе працавалі з энтузіязмам, — працягвае суразмоўніца. — Паўсюль высаджвалі дрэвы. Цэнтр Мінска вырашылі засадзіць ліпамі, а кварталы — таполямі.

— Зірніце, як ужо ў 1950-я выглядала цяперашняя плошча Незалежнасці. Нават пальмы выкарыстоўвалі ў азеляненні. Калі пасля вайны горад быў пустым, выгаралым, то цяпер усё патанала ў кветках. З аднаго боку, стараліся ўзняць настрой грамадзян, з другога — паказаць, што гэта сталіца дзяржавы, якая, у складзе Савецкага Саюза, выйграла вайну.

Галоўны корпус Мінскага педагагічнага інстытута, 1956 год
Від на праспект Сталіна (праспект Незалежнасці), 1952 год
Добраўпарадкаванне Прывакзальнай плошчы, 1960-я

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by