Вялікі шпацыр па Ракаўскім прадмесці. Што паспелі пабудаваць каля хлебазавода і якія артэфакты знайшлі

3525
28 февраля 2023 в 8:03
Источник: Надзея Конан, Вiкторыя Голубева. Фота: Аляксандр Ружачка

Вялікі шпацыр па Ракаўскім прадмесці. Што паспелі пабудаваць каля хлебазавода і якія артэфакты знайшлі

Источник: Надзея Конан, Вiкторыя Голубева. Фота: Аляксандр Ружачка

У Мінску працягваецца рэканструкцыя Ракаўскага прадмесця, асноўная праца ідзе на месцы былога хлебазавода. Адны дамы ўжо рэстаўраваныя (ці нават пабудаваныя з нуля), у іх абжыліся кавярні і ўстановы, аднаўленне іншых яшчэ доўжыцца: там-сям раскапаныя ямы, стаяць рыштаванні, чуваць гукі будоўлі. Onlíner пагуляў па гістарычным раёне з дасведчанымі людзьмі, агледзеўся, завітаў у некаторыя будынкі і падзівіўся на артэфакты, якія збераглі.

Гэта вялікі рэпартаж. Калі лянуецеся чытаць і глядзець усё, можаце адразу перайсці да патрэбнага.

Вуліца Ракаўская — адна з найстарэйшых у Мінску. Яе не відаць з цэнтральнай магістралі, яна хаваецца за плячыма дома Мусінскага — савецкага гмаху з гандлёвым домам «На Нямізе».

Ракаўская і прылеглыя да яе вуліцы складаюць знакамітае Ракаўскае прадмесце. Яшчэ ў другой палове XV стагоддзя тут з’явіўся жылы квартал з яўрэйскімі рамеснымі майстэрнямі, пішуць даследчыкі. Пасля мясцовыя працавалі на невялікіх яўрэйскіх заводзіках і майстэрнях, а да пачатку ХХ стагоддзя тут ужо выраслі і буйныя вытворчасці.

Многія мінчане з настальгіяй прыгадваюць хлебны пах, які разносіўся па старой Ракаўцы. На няўлоўны водар, якога больш няма, і пойдзем.

Як аднавілі стары корпус хлебазавода і адкрылі там кроквы і печы з XIX стагоддзя

Тэрыторыя былога хлебазавода №1 займае два гектары, гэты бок Ракаўскага прадмесця цяпер перажывае самую вялікую трансфармацыю. Частку заводскіх пабудоў знеслі, некалькі будынкаў — захавалі і адрэстаўравалі, іншыя ўзводзяць з нуля. Згодна з планам тут павінен з’явіцца малапавярховы квартал з крамкамі, кавярнямі, офісамі.

Былы адміністрацыйны будынак хлебазавода

Аднаўленне хлебазавода планавалі скончыць у 2023 годзе, але па рыштаваннях тут і там, а дзе-нідзе і па катлаванах для падмурку відавочна: спраў яшчэ безліч.

Заказчык будаўніцтва на гэтай тэрыторыі — «Мінская спадчына». Навукова-практычны цэнтр «Рэстабіліс», дзе працуе архітэктар-рэстаўратар Раман Забела, браў удзел у стварэнні канцэпцыі па рэгенерацыі квартала, займаўся навуковым кіраўніцтвам рэстаўрацыі гістарычных карпусоў і распрацоўваў архітэктурныя рашэнні некаторых новых будынкаў.

Пачнём са стылёвага двара на Ракаўскай, 25, да яго многія мінчане паспелі прызвычаіцца, таму што будаўнічую агароджу тут знялі яшчэ ў 2021-м. Месца абжываецца: ужо працуюць пякарня, рэстаран і не толькі.

Цяпер на Ракаўскай, 25/1 асвоілася школа замежных моў «Стрымлайн». У мінулым, з 1925-га, тут быў корпус хлебазавода, а яшчэ раней, з канца XIX стагоддзя, — шпалерная фабрыка Шыфмановіча.

— Найбольш старая, кароткая двухпавярховая частка завода ўсю сваю гісторыю абрастала прыбудовамі, надбудовамі, — распавядае Раман. — Перабудовы былі чыста ўтылітарныя: тут дадаць корпус, там прабіць вентыляцыю. Нашай задачай было разабрацца ў будаўнічай гісторыі гэтай часткі, выявіць і захаваць усё каштоўнае, вырашыць, у якім выглядзе яго прэзентаваць. Гэта было няпроста.

На старым здымку відаць, у якім стане быў ранейшы заводскі корпус, калі рэстаўратары распачалі працу
Савецкі корпус, прыбудаваны да завода ў 1960—1970-я гады. Рэстаўратар кажа, што якасць муроўкі тут была кепская, цэгла ўся парэпалася, а швы рассыпаліся. Але гэты будынак — таксама этап развіцця завода — дае ўяўленне аб вытворчай стылістыцы свайго часу

Даследаванні паказалі, што першапачаткова чырвоны будынак не быў атынкаваны.

— Мы спачатку планавалі чысціць і рэстаўраваць усё, але муроўка знаходзілася ў такім дрэнным стане, што кошт рэстаўрацыі за «квадрат» павялічыўся ў некалькі разоў. Так што расчысцілі і адрамантавалі ўсё, але для рэстаўрацыі і экспанавання выбралі найбольш каштоўныя і самыя захаваныя фрагменты, астатняе ж затынкавалі і пафарбавалі ў колер, блізкі да цагельнага.

Пазней, калі з’явіцца неабходнасць і грошы — можна будзе здымаць тынкоўку і метр за метрам раскрываць і рэстаўраваць родны фасад.

Незвычайны выгляд у будынка з іншага фасада, тут над былым вытворчым корпусам узвышаецца каларытная заводская труба — яе захавалі і адрэстаўравалі.

— Такі вось характэрны куток атрымаўся. Выбіралі кропкі для экспанавання, каб у мінакоў фарміравалася цэласнае ўспрыманне забудовы.

Заходзім унутр. Інтэр’еры сучасныя, але ў іх ёсць адметныя ўкрапіны з мінулага.

Напрыклад, гэтая чырвоная цэгла — частка гістарычнага фасада канца XIX стагоддзя, які пасля перабудовы ў 1950-х апынуўся ўжо ў памяшканні.

— Бачыце, няблага ўпісалася ў інтэр’ер! — звяртаецца Раман да супрацоўніцы моўнай школы Ксеніі, якая нас суправаджае.

А гэтую старую металічную рэйку савецкія будаўнікі выкарыстоўвалі для ўмацавання гмаху, калі рабілі чарговую прыбудову. Указаны год вытворчасці і назва мануфактуры: STEEL.TOZER.& HAMPTON LIMITED.SHEFFIELD.MAY 1877 7МB

Стары фасад выходзіць вонкі і на другім паверсе.

Над будынкам стварылі мансарду, гэта прадугледжвалася паводле інвестдамовы.

— Рашэнне аб надбудове прымалася не намі, але нам трэба было вызначыць яе знешні выгляд і захаваць тое каштоўнае, што выявілі падчас даследаванняў і будаўніцтва.

У выніку ў некалькіх вучэбных класах пад сучасным дахам — гістарычныя кроквы.

— Калі аглядалі дах, знайшлі драўляныя фермы XIX стагоддзя. Найбольш захаваліся сем, з іх, нібы канструктар, сабралі чатыры, — распавядае Раман. — Акрамя самага старога дрэва, кроквы даюць нам разуменне габарытаў першапачатковага корпуса, можна вывучыць іх канструкцыйныя асаблівасці і тое, як спалучаліся элементы.

Гэты ж заводскі корпус захоўвае яшчэ адну таямніцу. У падвале знайшліся старадаўнія печы, пра якія ніхто не ведаў.

— Якая тут была з імі загадка? Калі рабілі агляд і распрацоўваўся праект рэканструкцыі, гэтая частка падвала нідзе не была пазначаная, — распавядае рэстаўратар. — Усе гэтыя праёмы былі замураваныя і схаваныя, уваходы перабудаваныя. Толькі калі пачалася будоўля, тут выявіліся каморкі з асобнымі ўваходамі. Высветлілася, што ўнутры кожнай — печка. І такіх — цэлы шэраг!

Як мяркуецца, гэта печы канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Стала зразумела: падчас савецкай рэканструкцыі ў коміны проста ўставілі жалезабетонныя калоны.

— Калі печы знайшлі, спынілі будаўнічыя працы і нават скарэктавалі праектныя рашэнні. Абмералі, занатавалі ўсё ў дакументах, распрацавалі праект рэканструкцыі. Усё гэта перадалі ў «Мінскую спадчыну». Калі лёс гэтых памяшканняў вызначыцца, печы павінны аднавіць і экспанаваць, — працягвае Раман Забела.

— Калі вядуцца будаўнічыя працы на гістарычных аб’ектах, вельмі важна рэгулярна знаходзіцца там, каб не страціць каштоўныя дэталі, не выяўленыя пры даследаваннях.

Як выглядае новая Ракаўка, якая яшчэ будуецца

Тое, што можна лічыць новай Ракаўкай, пачынаецца ў тым жа двары. Вось гэты стылёвы чырвоны будынак — поўны навабуд.

— Адна з высноў паводле нашых даследаванняў прадмесця — архітэктура тут была пераважна з чырвонай цэглы. Толькі адзінкавыя будынкі мелі абтынкаваны і афарбаваны фасад. Пасляваенная перабудова моцна сказіла ўспрыманне гэтай гістарычнай прасторы. Таму ў нас была задача — вярнуць цагляныя фасады і іх тэракотавы колер у гарадское асяроддзе. І ён патроху вяртаецца.

Раней ужо пісалі, што новыя будынкі Ракаўскага прадмесця знарок узводзяць у сучасным стылі. Раман Забела за такі падыход.

— Будаваць у дваццаць першым стагоддзі ў стылістыцы дзевятнаццатага — няправільна, заўсёды атрымліваецца падман, імітацыя, фальш.

— Але крытыкі скажуць: якое ж гэта будзе гістарычнае прадмесце, калі зараз тут столькі новабудоўляў?

— Сучасная архітэктура ў складзе гістарычнага комплексу — справа нармальная, — лічыць суразмоўца. — Бо паўсюль была каштоўная забудова: напрыклад, да вайны на месцы новага цаглянага дома стаяла некалькі драўляных адрын.

Іншая рэч — новая архітэктура мае быць сумаштабнай старой.

— Паводле першапачатковай канцэпцыі тут маглі з’явіцца фахверкавыя домікі, дастаткова свабодная планіроўка. Мы правялі даследаванні і пераканалі калег з «Мінскпраекта», што новую забудову трэба весці з захаваннем планіровачнай структуры гістарычнага квартала, каб паказаць яго кампактнасць. І планіроўка адноўленая: узведзеныя дамы садзяцца на тыя месцы, дзе раней былі пабудовы, дакладна чытаюцца межы квартала. Самі будынкі павінны быць пэўнай вышыні, шырыні, каб не скажалася ўспрыманне ўсяго раёна і помнікаў архітэктуры, каб тут не выраслі нейкія немаштабныя, дысгарманічныя аб’екты. Таксама зарэзервавалі месца для аднаўлення фрагмента землянога гарадскога вала з бастыёнам.

Разглядаем новыя будынкі. Напрыклад, гэты трохпавярховік па вуліцы Юрава-Завальнай мусіў ператварыцца ў джаз-клуб, але пакуль лёс яго невядомы.

А гэта будучы дзяржаўны арэндны дом, на першым паверсе якога хочуць размясціць фітнес-клуб, кафетэрый. Каб доўгі будынак не глядзеўся масіўным гмахам, яго пабудавалі з ламаных аб’ёмаў рознай вышыні.

Раман Забела наконт самой архітэктуры сучасных будынкаў выказваецца стрымана — прызнаецца, што асабіста яму не ўсё даспадобы. Але і крытыкаваць не кідаецца.

— У гістарычным асяроддзі будаваць няпроста. Прафесіяналізм архітэктара вызначаецца тым, наколькі ўдала ён упіша свой будынак, бо галоўнае — не яго твор, а сапраўдны гістарычны кантэкст.

Свежая латка павінна быць фонавай. Хацелася б большай архітэктурнай узгодненасці паміж новымі будынкамі. Але горадабудаўнічы падыход да працы на тэрыторыі хлебазавода правільны.

Як аднаўляюць старую Ракаўку і якія артэфакты знайшлі літаральна пад нагамі

За вялікімі зменамі ў Ракаўскім прадмесці назірае старадаўні чырвонацагляны «дом з мезузай» на рагу вуліц Ракаўскай і Вызвалення. Яго, дастаткова асцярожна, давялі да ладу яшчэ ў 2000-х.

— Не ўсё робіцца ў рамках вялікай рэканструкцыі Ракаўскага прадмесця. Розныя праекты, розныя заказчыкі — так што ўсё змяняецца паступова, — тлумачыць Раман.

«Рэстабіліс» ажыццяўляў навуковае кіраўніцтва працамі па суседнім будынку (Вызвалення, 13), рамонт скончыўся ўлетку 2022-га.

— Гэта быў звычайны рамонт, але атрымалася амаль рэстаўрацыя фасада, — адзначае Раман. — Ачысцілі яго, аднавілі страчаную лякальную цэглу. Знайсці гатовую патрэбнай якасці не здолелі, таму выпілоўвалі кожную цаглінку балгаркай або дафармоўвалі спецыяльным растворам.

 На гэтым здымку відаць сінагогу Зальцмана, аднойчы перабудаваную ў кінатэатр «Беларусь». Фасады адрамантавалі пару гадоў таму, але заўважаюцца праблемы з тынкоўкай. Суразмоўца тлумачыць: гэта таму, што не вырашаны праблемы з дахам, які працякае. Будынку, дарэчы, вярнулі канструктывісцкі выгляд, блізкі да 1930-х

Гісторыю старой Ракаўкі збіраюць па кавалачках. Раман Забела паказвае ўгару: на адным з будынкаў вісіць кранштэйн 1940 года.

— Яшчэ да пачатку прац па хлебазаводзе яго выпадкова збіла тэхніка, і ён вісеў пагнуты, паламаны. Я патэлефанаваў у «Мінскую спадчыну» і папрасіў: зніміце, захавайце, потым адновім. Так і атрымалася. Аднавілі, вярнулі.

Незразумела, гадзіннік вісеў на гэтым кранштэйне ці сцяг там усталёўвалі, але гістарычны элемент — ёсць!

А вось унізе, у адрамантаваным будынку, — старая прыступка.

— Яна была глыбока пад зямлёй закапана, пра яе ніхто не памятаў ужо. Калі рабілі добраўпарадкаванне, яе дасталі і выкінулі. Мы дамагліся, каб яе паставілі на папярэдняе месца. Яна падкрэслівае, што тут, на месцы акна, некалі быў уваход. А вось там здолелі расчысціць роднае аздабленне фасада і геадэзічны маяк 1925 года...

Такіх «дробязей» нямала. На Ракаўскую, 14 у каменную браму вярнулі драўляныя дзверы.

— Праектны інстытут распачынаў праектаваць каваную ажурную агароджу для гэтай брамы. Але мы выказалі здагадку: раней тут была прыватная сядзіба, уезд у яе напэўна быў схаваны ад старонніх вачэй, так што брама павінна быць глухая. Гэта больш адпавядае гістарычнаму характару вуліцы. І падазрэнні спраўдзіліся: калі разбіралі замураваныя праходы, у каменнай агароджы знайшлі гістарычныя дубовыя перамычкі. Выкарыстоўвалі іх для новых драўляных дзвярэй, знаходка прадыктавала патрэбныя габарыты.

Як на Ракаўскай, 17 адшукалі старадаўнія роспісы. Іх выкарыстоўвалі ў Мінску замест шпалераў

Будынак па Ракаўскай, 17 ужо паспеў расчыніць дзверы пасля рэканструкцыі. Тут прапісалася выставачная зала музея гісторыі Мінска і канферэнц-зала ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама, ёсць невялікае памяшканне пад кавярню.

Больш яркім колерам вылучаны першапачатковы аб’ём дома канца ХIХ стагоддзя, больш светлая частка — надбудова 1920-х

У 1895-м на гэтым месцы пабудавалі Дом вяселляў — тады ён быў аднапавярховым з узнятай цэнтральнай часткай і належаў сямейству Абрама Чэрчаса. У 20-х гадах ХХ стагоддзя тут размясціўся савецкі кінатэатр «Рэкорд». У наш час дом доўга пуставаў.

— У 90-я гады тут была рэканструкцыя, — працягвае расповед Раман Забела. — Гістарычныя элементы будынка да таго часу дрэнна захаваліся, а захаванае часткова было знішчана падчас працы ў 90-х. Цяпер мы шмат у чым выпраўлялі тыя памылкі.

Якімі дакладна былі вазы, невядома. Іх форму бралі са спецыяльных каталогаў ХIХ стагоддзя. Руст, нанесены па тынкоўцы ў 90-я, не супадаў па маштабах з гістарычным. Цяпер гэта паправілі

Старых фота з гэтым будынкам не захавалася. Але ёсць першапачатковы праект і абмерны чарцёж 1925 года.

— Арыентуючыся на праект, мы аднавілі каваныя навесы на ўваходах, вазы і, самае галоўнае, пазначылі карніз гістарычнага будынка, — працягвае Раман.

— Архітэктура канца ХIХ стагоддзя — гэта шмат у чым паўтарэнне стандартных, каталагізаваных элементаў.

Агульная стылістыка каваных навесаў была зразумелая па чарцяжах; што тычыцца ўзораў, зноў на дапамогу прыйшлі каталогі.

— Паставілі задачу кавалям паўтарыць тэхналогію каваных навесаў. Важна было ўсё: шырыня палос металу, спосабы злучэнняў, — зазначае Раман. — Наогул звярталі вялікую ўвагу на стылістычныя асаблівасці і дэталі, бо будынак на вузкіх гістарычных вуліцах успрымаецца ў першую чаргу зблізку.

Узнавілі і драўляныя дзверы. Ручкі — дарэвалюцыйныя, з антыкварнай крамы.

Але найцікавейшае — унутры будучай кавярні. Тут да нашага шпацыру далучаецца мастак-рэстаўратар Фёдар Сарока, кіраўнік майстэрні «Басталія».

Раман Забела тлумачыць, чаму на аб’ект паклікалі спецыялістаў адтуль.

— Калі мы ўпершыню прыйшлі даследаваць будынак, годзе ў 2016-м, кінулася ў вочы родная тынкоўка на сценах. А гэта адразу значыць: трэба правяраць на роспісы. Пытанне ў тым, што ў цэнтры Мінска інтэр’еры ў многіх выпадках распісваліся. Шпалеры былі дарагімі, так што прасцей было зрабіць трафарэты, нейкія сценавыя панэлі для ўпрыгожвання памяшкання. Таму пры любой магчымасці мы імкнёмся такія роспісы раскрываць. Але зараз у Мінску ёсць і шкодная тэндэнцыя — мода ў кавярнях на голую цэглу. У дызайнераў склалася меркаванне пад уплывам фільмаў, мультфільмаў, нейкай «замкавай» моды, быццам цэгла ў інтэр’еры — гэта даўніна.

Бывае, арандатары проста збіваюць тынкоўку без даследаванняў, а потым выцягваеш са сметніка кавалкі з гістарычнымі роспісамі.

Але тут усё склалася як мае быць. Роспісы ў былым Доме вяселляў сапраўды знайшлі.

Як даведаўся Onlíner, уласнік памяшкання пад кавярню вырашыў яго прадаваць, так і не адчыніўшыся

— Мы знайшлі пяць пластоў XIX—XX стагоддзяў, вывучылі і зрабілі на адной сцяне такі гістарычны пэчворк, — кажа Фёдар Сарока. — Наша задача была паказаць інтэр’ерную культуру Мінска таго часу, але не аднаўляючы яе цалкам.

Выбраць адзін пласт і раскрыць яго, знішчыўшы астатнія, — гэта дрэнны падыход, упэўнены Фёдар Сарока.

— Ёсць такая малітва Фамы Аквінскага са словамі: па маленькім фрагменце ўбачыць цэлае. І гэта праўда.

Некранутыя адчышчаныя кавалачкі аздаблення крыху адрозніваюцца колерам ад тых, што былі адноўленыя рэстаўратарамі. Гэта зроблена знарок.

А на іншай сцяне паказалі, як выглядаў кожны з пяці пластоў — гэта сучасная рэканструкцыя.

— Важна, каб чалавек зацікавіўся. Вядома, спачатку будаўнікі думалі, што тут мы займаемся глупствам, пыталіся: «Ну што, Джаконду знайшлі?» Але стаўленне мяняецца, калі людзям расказваеш, — не сумняваецца рэстаўратар.

Роспісы знайшлі і на другім паверсе, у канферэнц-зале, якой распараджаецца ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама. На жаль, туды ў рамках гэтага рэпартажу патрапіць не давялося.

— Цікава, што на другім паверсе ёсць трафарэты 20—30-х гадоў ХХ стагоддзя, — дадае Раман Забела. — Гэта значыць, аж да вайны ў нас была распаўсюджаная такая тэхналогія роспісаў.

Так здарылася, што за сценкай кавярні, у выставачнай зале музея гісторыі Мінска, гістарычных артэфактаў у інтэр’еры не знайшлі. Але рэстаўратары дамагліся, каб лесвічныя агароджы там былі зробленыя па канонах і каталогах XIX стагоддзя

Фёдар Сарока спадзяецца, што супрацоўнікі гэтай кавярні і экскурсаводы будуць тлумачыць падтэкст мінчанам і турыстам.

— Адзінае, раней казалі, што тут будзе беларуская кухня. Але, улічваючы гісторыю вуліцы, я б тут абаранкі пёк пад песні на ідыш, — усміхаецца рэстаўратар.

Карціна на тэму яўрэйскіх вяселляў у музеі, што размясціўся ў былым Доме вяселляў на Ракаўскай, 17

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by