Трымаў вулей на балконе. Даведаліся, навошта былому айцішніку пчальнік у Мінску і ці чысты ў горадзе мёд

279
17 мая 2022 в 17:20
Источник: Сняжана Інанец, фота: Аляксандр Ружачка

Трымаў вулей на балконе. Даведаліся, навошта былому айцішніку пчальнік у Мінску і ці чысты ў горадзе мёд

Источник: Сняжана Інанец, фота: Аляксандр Ружачка

За плячыма Міхаіла — шматпавярховікі «Мінск-Міра». Ён чаруе над сваім невялікім пчальніком, які ўладкаваў у прыватным двары ў знаёмага. А пазалетась малады чалавек трымаў вулей проста на дамашнім балконе ў раёне Маякоўкі — збіраў ліпавы мёд. Як прайшоў эксперымент, ці ўдаецца ў мегаполісе атрымліваць чысты мёд, ды і ўвогуле навошта яно патрэбна — абслугоўваць урбан-пасеку? Распавядаем.

«У гэтым дамку пчолы селекцыйныя, а тут — дзічкі, мае любімыя»

Мінчанін Міхаіл Волчак займаецца пчалярствам ужо чацвёрты сезон. Апошнім часам ён жыве ў вёсцы на Палессі, у дзедаўскай сядзібе, а ў Мінск прыязджае па справе — праверыць сваю сталічную пасеку.

У двары прыватнага дома Міхаіл аглядае невялікія вуллі, якія з мінулага года паставіў у садзе знаёмага.

— Тут у мяне два вуллі. Гэта даволі шмат для горада, дзе вялікая канцэнтрацыя пчол непажаданая — вакол жа людзі жывуць, праўда? Лепш размяркоўваць па частках, — тлумачыць.

Самая небяспечная зона — перад вуллем. А яшчэ — на лёце пчол, звыклыя для іх трасы вылету з дамка можна прасачыць

Дзве хаткі — дзве сям’і. У кожнай, прыкідвае Міхаіл, зараз жыве тысяч па 30 насякомых.

— У самы сезон толькі ў адным вуллі іх можа быць каля 50 тысяч.

Характар незвычайных гадаванцаў пчаляр ведае дакладна:

— У гэтым вуллі — селекцыйныя, яны дабрэйшыя. А ў тым — дзічкі, мае любімыя. Яны дэфензіўныя. Не, гэта не значыць, што злыя, у іх проста больш развіты ахоўны рэфлекс. Людзі пчолам увогуле мала цікавыя, у іх свая праграма. Але калі ўжо ты да іх у хату лезеш — не дзівіся, каму такое спадабаецца?

На галаве — класічная маска пчаляра, а вось ахоўныя пальчаткі не выкарыстоўвае.

— Укус у твар можа быць самым небяспечным, таму маска якраз тое, што трэба, — дзеліцца вопытам малады чалавек. — А ў астатнім — я прывык. Сур’ёзных алергічных рэакцый у мяне няма. Так, калі пачынаў, здаралася: пчала ўджгне — рука напухае. Або нага. Потым свярбіць некалькі дзён, можаш чухаць да страты пульса. Цяпер таксама бывае, але нашмат лягчэй: арганізм адаптаваўся.

— Перш чым лезці да пчол, трэба дакладна прадумаць, што ты сёння хочаш зрабіць, — кажа Міхаіл. — Таму што лішнія рухі не патрэбныя. Яшчэ важна не стаяць на лёце ў пчол, калі яны ганяюць па сваіх справах.

Пчаляр правярае рамкі, дзе насякомыя адбудоўваюць соты.

З каларытных прылад пры сабе — маленькі партатыўны дымар. Лічыцца, што пры абкурванні дымам пчолы становяцца спакайнейшымі, лагаднеюць.

— Я б сказаў, што дымар у асноўным — гэта для псіхалагічнага камфорту пчаляра, — усміхаецца мінчанін. — Бывае, што наогул дымам іх не турбуеш. Усё ж такі для іх гэта як пажар, а пажар — быццам нейкая надзвычайная сітуацыя.

Зрэшты, у пчол сёння і так някепскі настрой: знай займаюцца сваімі летнімі клопатамі.

— Здаецца, я іх забубніў, — жартуе.

«Вулей стаяў два тыдні на балконе, з суседзямі мы паразумеліся»

Першы пчалярскі сезон у Міхаіла здарыўся ў 2019-м. Тады паставіў вулей на бацькоўскім лецішчы — устрывожыў суседзяў.

— У 2020-м правёў эксперымент: трымаў пчол у Мінску на балконе, на верхнім паверсе чатырохпавярховіка ў раёне вуліцы Валадзько. Мяне зацікавіла, ці ёсць жыццё на Марсе, — смяецца. — Гэта значыць, ці могуць пчолы быць у мінскім асяроддзі.

Вулей стаяў на балконе шматпавярховіка ўсяго два тыдні ліпеня.

Вось той самы дом.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от БЖ-БЖ (@smartpaseka)

— У Мінску шмат старых ліп, драбналістых, што квітнеюць у ліпені. Цяпер больш распаўсюджаны іншы від — «ужо не тыя»: буйналіст, яны цвітуць раней, — кажа малады чалавек.

Дарэчы, ліпа і сапраўды самае пашыранае дрэва ў сталіцы. Такую інфармацыю публікавалі вучоныя Акадэміі навук некалькі гадоў таму.

— А ліпавы мёд — увогуле стаў пагалоскай у пчаляроў, — тлумачыць Міхаіл. — Кажуць, чысты ліпавы сабраць нельга, бо ў прыродзе шмат раслін квітнее паралельна. Так што ў пчол атрымліваецца такі мядовы мікс. І я падумаў: у горадзе крыху іншая сітуацыя, тут, акрамя ліп, у той жа час асабліва нічога не цвіце. Выходзіць, можна дасягнуць пэўнага выніку. Ну я і паспрабаваў.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от БЖ-БЖ (@smartpaseka)


Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от БЖ-БЖ (@smartpaseka)


Мінчанін вядзе ў Instagram акаўнт smartpaseka, дзе апісвае свае мядовыя прыгоды. Гісторыю вулля на балконе таксама можна там прасачыць.

— Прывёз пчол на балкон канкрэтна на ліпавы цвет, а праз два тыдні павёз назад, — распавядае. — Суседзі ўспрынялі нармальна: у нас з імі нават наладзіўся абмен дачнымі гароднінай, прадуктамі.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от БЖ-БЖ (@smartpaseka)


Сабраны ў горадзе мёд Міхаіл насіў у лабараторыю.

— Ёсць байка, што ў горадзе ўсё бруднае. Была задача праверыць сам прадукт, наколькі ён утрымлівае шкодныя элементы. Пайшоў у наш рэспубліканскі ветэрынарны цэнтр на Чырвонай, прынёс спачатку кілаграм. А мала, трэба два! Думаю: «Ё! Каштоўны ліпавы мёд!» — смяецца. — Прыйшоў другі раз, прынёс два.

Вынік: радыеактыўныя элементы, сера — усё ніжэйшае за норму ў некалькі разоў.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от БЖ-БЖ (@smartpaseka)


Малады чалавек лічыць, што ў Мінску выдатна было б развіваць пчалярства. Прыводзіць у прыклад Берлін, дзе вуллі на дахах сталі практычна звыклай справай: у гэтым горадзе больш за 400 пчаляроў-аматараў.

І сапраўды: праект «Берлін гудзе», накіраваны на заахвочванне пчалярства, каля дзесяці гадоў таму прывёў да таго, што многія сталі ладзіць невялікія пчальнікі на дахах, балконах і задніх дворыках.

— Сёлета хацеў размясціць вулей на даху 19-павярховага дома. Уявіце: вуллі на даху, вакол — гарадскія хмарачосы, а ты такі з дымаром. Файна было б, праўда? Але пакуль на такія задумы энтузіязму няма, — прызнаецца мінчанін.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от БЖ-БЖ (@smartpaseka)


«У мяне айцішны бэкграўнд, а пчолы — магчымасць працаваць не з матрыцай, а з чымсьці жывым»

— Цяпер я выкладаю англійскую мову для дарослых. А наогул у мяне айцішны бэкграўнд, я праграміст, — адказвае Міхаіл на пытанне аб прафесіі.

Прычын захапіцца пчалярствам хапала:

— Гэта магчымасць працаваць не з матрыцай, а з чымсьці жывым, успрымаць прыроду. Гэта асалода. Раней я купляў мёд. Кожны можа пайсці на Камары, там цябе прыкорміць якая-небудзь гандлярка, і ты да яе будзеш увесь час па мёд прыходзіць. А можна самому прадукт вырабляць.

Да таго ж дзед Міхаіла быў пчаляром:

— Ён жыў на Палессі, куды мы цяпер рэлакаваліся з жонкай. Памятаю, я малы проста стаяў і нешта дзеду на пасецы падаваў. Як менавіта ён робіць штосьці — не ведаў. Майстэрства ён мне не паспеў перадаць, памёр раней. Ды і цяпер у пчаляроў шмат да чаго іншы падыход. Вуллі паменшалі, рамкі часцей вертыкальныя, чым гарызантальныя. Змянілася і сама місія. Калі раней мёд быў заменай цукру, то зараз гэта ў першую чаргу магчымасць бясконцага эксперыменту. 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от БЖ-БЖ (@smartpaseka)


«Хобі для тых, хто не любіць проста сядзець і чакаць»

Сталічныя пчолы ў мінулым сезоне прынеслі Міхаілу кілаграм 90 мёду. Пчолы-даўншыфтары на дзедаўскай сядзібе (там шэсць вулляў) — больш за 200.

— Усяго было кілаграмаў 300 мінімум. Дакладна я не лічыў, — кажа малады чалавек.

Такой колькасці мёду хапае на сям’ю, сяброў, сяброў сяброў і крыху — на невялікія крафтавыя продажы.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от БЖ-БЖ (@smartpaseka)


Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от БЖ-БЖ (@smartpaseka)


— Для сапраўднага бізнесу патрэбна вялікая канцэнтрацыя пчол і зусім іншыя маштабы, максімум аўтаматызацыі, — сцвярджае мінчанін. — У горадзе наўрад ці так развернешся — тут мусяць быць значныя аб’ёмы. А для крафту — у прыгожай упакоўцы, з гісторыяй — хапае. Не так прыбыткова, але пакрывае выдаткі на паліва і, напрыклад, на тое, каб новы добры дымар прыгнаць з Польшчы.

У гэтым сезоне ў Мінску найбліжэйшы мёд у Міхаіла будзе з дзьмухаўцоў.

— А на Палессі ўжо ва ўсю квітнее клён. Можа, і збяруць! — мяркуе.

Пчалярства ў жыцці маладога чалавека пакуль прыемнае хобі. Просім апісаць адчуванні ад гэтага занятку.

— Рыбалка, да прыкладу, гэта такі гэмблінг (гульня, у якой выйгрыш шмат у чым залежыць ад выпадку. — Заўв. Onlíner). Ты ў асноўным чакаеш і думаеш, што табе нешта ўсё ж перападзе, — праводзіць параўнанне Міхаіл. — А пчалярства — гэта планаванне, прагназаванне, аналітыка. Шмат навук: фізіка, хімія, медыцына. А яшчэ трэба ведаць сталярную справу. Гэта акурат для беларусаў, якія не гатовы проста сядзець і чакаць.

Ты разумееш: так, ты не можаш кіраваць надвор’ем, але можаш кіраваць пчоламі — у залежнасці ад надвор’я.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by