«Быў рэкорд — €300 за месяц». Што цяпер з «камуналкай» у Літве, Польшчы і Латвіі

7752
27 апреля 2022 в 15:23
Автор: Снежана Инанец

«Быў рэкорд — €300 за месяц». Што цяпер з «камуналкай» у Літве, Польшчы і Латвіі

Автор: Снежана Инанец

У канцы мінулага года ў свеце выраслі цэны на энерганосьбіты, яшчэ больш штарміць эканоміку многіх краін гэтай вясной. У такі час любяць расці тарыфы на камунальныя паслугі, асабліва тыя, што звязаны з газам і электрычнасцю. Мы вырашылі паглядзець, колькі зараз плацяць за «камуналку» нашы суседзі ў Літве, Польшчы і Латвіі, дзе кошты шмат у чым рэгулююцца рынкам. Спыталі ў беларусаў, якія там жывуць, ці дарагія жыроўкі ім прыходзяць, і даведаліся, чаму пакуль усё не так і страшна.

Вільнюс, Літва

Алена арандуе кватэру на 32 «квадраты» ў доме 1940 года пабудовы на вуліцы Піліма ў цэнтры Вільнюса. Плаціць па €500 у месяц (цяпер гэта прыкладна 1440 беларускіх рублёў). Здымала жыллё мінулай восенню, на піку цэн: у такі час у горад звычайна з’язджаюцца студэнты. Нягледзячы на новы міграцыйны крызіс і наплыў бежанцаў з Украіны, кошт жылля арэндадаўцы для Алены не паднімалі.

Вуліца Піліма ў Вільнюсе

А што з «камуналкай»?

Беларуска згадвае, што цэны раслі проста на вачах:

— У лістападзе мы заплацілі за «камуналку» €110 (316 рублёў), у снежні — €130, у студзені — каля €165, апагей прыпаў на люты — €187 (538 рублёў). І я ведаю людзей, у якіх на камунальныя плацяжы прыходзіцца па €250—300 (720—860 рублёў). Гэта шмат. Сярэдні заробак у Літве на рукі, чыстымі — недзе €1000 (2880 рублёў).

Як і ў многіх іншых, самы адчувальны радок у плацёжцы Алены — ацяпленне.

Так, з рэкордных €187 на яго было выдаткавана €132.

Улады папярэджвалі: «рост цэн будзе».

— Тлумачылі, што не закупілі газ у Польшчы па нізкім кошце, давялося купляць па дарагіх кантрактах, — кажа Алена. — Прычым, наколькі я ведаю, больш за ўсё плацяжы выраслі ў Вільнюсе. У іншых гарадах Літвы цэны ніжэйшыя.

Плацёжкі за сакавік больш гуманныя. Алене выставілі агульны рахунак у €150 (430 рублёў), з іх €101 (290 рублёў) — за ацяпленне.

Кватэра, якую арандуе Алена

Гэта звязана з кампенсацыяй падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ) за тры месяцы з бюджэту. Нядаўна пастаўшчык даваў тлумачэнні: «У гэтым годзе рахункі за сакавік будуць цікавымі. <...> Паколькі ў Вільнюсе кошты былі самымі высокімі, то зніжэнне цэн тут адчуюць больш за ўсё. Гэта ў нейкім сэнсе стане велікодным падарункам для жыхароў».

Прыводзілі прыклад у лічбах. Калі ўвесь рахунак — на €100, то ПДВ за тры месяцы — €27, на гэтую суму ў сакавіку і атрымаецца зніжэнне.

Алена тлумачыць, што ў Літве ўвогуле велічыня камунальных плацяжоў моцна залежыць ад таго, у якім доме ты жывеш.

— Напрыклад, у нас цэнтральнае ацяпленне. Падача цяпла ў батарэі не рэгулюецца з кватэр, хоць будынак і прайшоў рэнавацыю. Гэта не надта добра. У новых дамах усталяваны сучасныя сістэмы ацяплення, плюс абаграванне часта на электрычнасці, якое нашмат таннейшае за газ. Там і «камуналка» выходзіць меншай.

Двор у Старым горадзе Вільнюса

Беларуска звяртаецца да канкрэтнага выпадку: яе знаёмыя ў Вільнюсе жывуць у новым доме, дзе ёсць сістэма рэкуперацыі цяпла і ацяпленне можна рэгуляваць з кватэры. Для іх лютаўская «камуналка» абышлася ў €100 (для Алены, нагадаем, у €187). Пры гэтым плошча кватэры прыкладна такая ж.

Рыга, Латвія

У Латвіі ў канцы мінулага года кошты «камуналкі» моцна ўзняліся — у першую чаргу гэта адлюстравалася ў графе «Ацяпленне». Людзям тлумачылі: падаражанне пакупной цеплавой энергіі стала вынікам «узлёту коштаў на прыродны газ у другой палове года».

Марына жыве на ўскраіне Рыгі, недалёка ад мора, у доме 1980 года пабудовы, ва ўжо ўласнай кватэры плошчай 53 «квадраты». Па словах беларускі, камунальныя рахункі ў снежні 2021-га і студзені 2022-га сапраўды пабілі ўсе рэкорды.

Так, у снежні плацёжка цалкам пацягнула на суму €309 (дзесьці 890 рублёў), з іх €201 (прыкладна 578 рублёў) — рахунак за ацяпленне. У студзені сітуацыя была падобная: усяго выстаўлена €302 (870 рублёў), з іх €193 (555 рублёў) за ацяпленне. І сюды не ўключаецца плата за электрычнасць — гэтая графа выдаткаў у сям’і складае каля €15 у месяц (41 рубель).

Дом у Рызе, у якім жыве Марына

— Канкрэтна ў нашай кватэры ў самы халодны месяц мінулага года «камуналка» важыла ўсяго €150, а ў гэтым — удвая даражэй — €300.

Людзі, вядома, былі ў шоку.

Паводле латвійскай статыстыкі, сярэдні заробак у III квартале 2021 года ў краіне складаў €1280 (3680 рублёў), пасля выплаты падаткаў — €940 (2700 рублёў).

Аднак пазней сумы за «камуналку» адкаціліся: за люты выставілі €202 (прыкладна 580 рублёў), з іх €106 (305 рублёў) за ацяпленне, за сакавік — €183 (526 рублёў), з іх каля €90 (260 рублёў) за ацяпленне.

— Стала танней, хоць, вядома, і тапіць трэба менш: люты ў Латвіі — гэта ўжо вясновы месяц, — тлумачыць Марына. — Плюс на нас, відаць, распаўсюдзілі льготы, то-бок частка ацяплення аплачваецца з бюджэту.

Сапраўды, улады Латвіі прынялі меры падтрымкі: частцы хатніх гаспадарак некалькі месяцаў будуць кампенсаваць экстрэмальнае падаражанне энерганосьбітаў. Здаецца, можна выдыхнуць — прынамсі да пачатку новага ацяпляльнага сезону.

Кватэра Марыны

Як падкрэслівае Марына, увогуле на памер «камуналкі» ў Латвіі істотна ўплывае тое, у якім доме і квартале ты жывеш.

— У такіх раёнах, як наш, няма некаторых цэнтральных камунікацый, таму кошты на газ і ваду вышэйшыя, чым у цэнтры горада. Яшчэ ў нашай кватэры вокны на ўсю сцяну, а гэта вялікія цепластраты — жыллё трэба абаграваць мацней. Ацяпленне ў нас дамавое, у падвале стаіць газавы кацёл, так што рэгуляваць цяпло ўнутры кватэры магчымасці няма, — распавядае дзяўчына. — Разам з тым мне вядома, што ў цэнтры Рыгі «камуналка» значна таннейшая: там у кватэры на 40—80 «квадратаў» яна, як правіла, не перавышае €100 зімой.

А вось на ўскраінах — цэны проста касмічныя. І ў Юрмале, горадзе-спадарожніку Рыгі, — таксама.

Беларуска дадае:

— Дарагая «камуналка», з аднаго боку, становіцца драмай для пенсіянераў і маламаёмасных. Але ім дзяржава сур’ёзна дапамагае аплачваць рахункі. З іншага боку, калі ўзяць нас з мужам, мы проста прывыклі, што тут гэта такі ж важкі артыкул выдаткаў, як, скажам, ежа. Да таго ж ёсць рэчы, якія ў Беларусі, наадварот, каштавалі задорага, а тут амаль бясплатныя — напрыклад, квіткі на самалёт у любую кропку Еўропы: на Кіпр ляцелі за €20, у Варшаву — за €5.

Гданьск і Варшава, Польшча

Максім з жонкай Агнешкай пераехалі з Беларусі ў Польшчу ў самым пачатку 2021 года. Тады сям’я падрабязна расказвала, у якую суму ім абыходзіцца арэнда жылля і «камуналка» ў Гданьску.

Мінуў год, беларусы здымаюць тут усё тую ж еўрадвушку на 40 «квадратаў» у новым жылым комплексе з падземным паркінгам.

Нягледзячы на міграцыйны крызіс і сур’ёзны рост арэндных коштаў, затраты Максіма з Агнешкай выраслі ўсяго на 50 злотых — гэта капеечнае павышэнне. Цяпер яны плацяць 2150 злотых у месяц (1335 беларускіх рублёў).

А камунальныя плацяжы — раптоўна — зменшыліся.

— Выдаткі ў сакавіку 2021 года былі такімі: 620 злотых (385 рублёў) — «камуналка», яшчэ 127 (79 рублёў) — рахунак за электрычнасць. За сакавік 2022 года: 550 злотых (342 рублі) — «камуналка», 120 (74 рублі) — электрычнасць, — распавядае Агнешка.

Дзяўчына тлумачыць, што адчувальна дапамагло істотнае зніжэнне ПДВ.

Сапраўды, урад Польшчы ў пачатку года прадставіў антыінфляцыйную праграму. На шэсць месяцаў зменшылася стаўка падатку на дабаўленую вартасць. Напрыклад, на прадукты харчавання ПДВ знізіўся аж да 0%, на прыродны газ і цяпло — з 23 да 8%, на электраэнергію — з 23 да 5%, на апошнюю пазіцыю таксама адмянілі акцыз.

— Магчыма, праз паўгода, калі праграма субсідзіравання і зніжак скончыцца, нас вельмі ўразіць рэзкі рост коштаў. Але факт застаецца фактам: пакуль «камуналка» абыходзіцца танней, чым раней, — адзначае Агнешка.

Каб было прасцей арыентавацца ў коштах: у II квартале 2021 года сярэдні заробак за месяц у Польшчы склаў 3900 злотых (ужо з вылікам падаткаў), гэта значыць прыкладна 2400 беларускіх рублёў.

Сітуацыя з «камуналкай» у сталіцы падобная да гданьскай.

Аліса здымае ў Варшаве «кавалерку» на 20 «квадратаў» — так у Польшчы празвалі жыллё, якое па плошчы падыходзіць халасцякам. Дом стары (пабудаваны ў 1930-х гадах, разбураны падчас вайны і адноўлены ў 1950-х), але пасля капрамонту. Знаходзіцца ў адным з дарагіх раёнаў — Жалібаж, за 150 метраў ад станцыі метро Plac Wilsona.

За арэнду беларуска плаціць 1800 злотых (1120 рублёў). Кошт гаспадары і тут не павышалі, нягледзячы на тое, што «з нуля» зараз такое жыллё ў Варшаве абыдзецца значна даражэй.

Звыш арэнднай платы Аліса аддае 100 злотых (62 рублі) як задатак за ваду і ацяпленне, а таксама 85 злотых (53 рублі) — як чынш (плата за ўборку, вываз смецця і іншыя паслугі).

Асобна дзяўчына плаціць за газ і электрычнасць — па лічыльніках. Пры актыўным гатаванні на газавай пліце (не будзем паглыбляцца ў кубаметры спажывання газу) у гэтым красавіку Алісе выставілі рахунак на 28 злотых, што ўсяго на некалькі злотых больш, чым у мінулым годзе.

З электрычнасцю таксама ўсё ў парадку.

— У некаторых маіх знаёмых электрычнасць падаражала, але ў сябе я такога не ўбачыла — магчыма, таму, што ў гэтым годзе мне змянілі тарыф на больш выгадны, — разважае Аліса.

Пры гэтым параўноўваць тарыфы на камунальныя паслугі і рахункі, якія выстаўляюцца ў Польшчы, — справа складаная. Яны залежаць ад пастаўшчыка, з якім супрацоўнічае кааператыў, і многіх іншых фактараў. Спосабы аплаты таксама адрозніваюцца. Недзе за электрычнасць і газ плацяць па факце спажывання. У выпадку ж, як у Алісы, жыхары робяць перадаплату, абслуговая арганізацыя выстаўляе прагноз, а потым кожны квартал усё гэта звяраецца па лічыльніках.

— Калі спажыла менш спрагназаванага, паведамляюць аб пераплаце і пазней гэта ўлічваецца. Напрыклад, сёлета я першы раз заплаціла за электрычнасць толькі ў красавіку, бо пераплаціла за мінулы год, — кажа дзяўчына.

Цэнтр Варшавы. Фота носіць ілюстрацыйны характар

Тым, хто плануе здымаць кватэру ў Польшчы, суразмоўніца раіць звяртаць увагу на велічыню чыншу — тых самых абавязковых эксплуатацыйных плацяжоў.

— Гэтая сума можа вельмі адрознівацца (у кагосьці яна складае 200 злотых, у кагосьці — 1200) і непасрэдна залежыць ад падатку на зямлю, які плаціць кааператыў.

Як і беларусы ў Гданьску, Аліса лічыць:

— Рэзкага падаражання «камуналкі» мы пакуль не ўбачылі дзякуючы зніжцы па стаўцы ПДВ.

Тут яшчэ варта дадаць, што ў Польшчы абяцалі: кошты на газ для насельніцтва сёлета не павысяцца, бо іх замарозілі на ўзроўні пачатку 2022-га.

Пакуль не зразумела, ці дапамогуць антыкрызісныя меры і далей утрымліваць штомесячныя плацяжы ў пэўных межах.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпiсвайцеся, каб не прапусцiць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by