«20 гадоў працаваць на кватэру — абсурд». Мінчанін пабудаваў дом са свірна і жыве на хутары ўжо 4 гады

3014
14 января 2022 в 17:45
Источник: Маша Сарока. Фото: Максiм Тарналiцкi

«20 гадоў працаваць на кватэру — абсурд». Мінчанін пабудаваў дом са свірна і жыве на хутары ўжо 4 гады

Источник: Маша Сарока. Фото: Максiм Тарналiцкi

Шчыра кажучы, мы ехалі да Алега з доляй скепсісу. Усё, што ведалі, — паспяховы бізнесмен, які адмовіўся ад звыклага ладу жыцця, стабільнага даходу, купіў свіран на беразе невялікага возера і з’ехаў у глуш, каб «радавацца простым рэчам і рабіць людзей навокал шчаслівейшымі». «У чым падвох?» — разважалі мы ў дарозе, тым больш што ехаць у Навасады з Мінска няблізка. Пазней і сам герой прызнаецца: размовы «пра секту» яму знаёмыя. Аднак чапляць ярлыкі — не наша гісторыя. Мы паспрабавалі зразумець гэтага незвычайнага хлопца. І не пашкадавалі.

Хто такі Алег?

Сустрэча з Алегам — з цыкла «Мінск — вялікая вёска». Гісторыя нават не пра тэорыю шасці поціскаў рукі: высветлілася, яшчэ ў 2015-м мы пазнаёміліся асабіста. Тады хлопец здзівіў мінчан тым, што арандаваў кватэру ў новабудоўлі. Падумаеш, і што з таго? Але не спяшайцеся з высновамі: двушка здавалася з чарнавым аздабленнем, бясплатна, адно за «камуналку». Уклаўшы $500 у мінімальны рамонт, Алег здолеў у шэрых халодных сценах разгледзець чысты аркуш для творчасці і звіць даволі ўтульнае гняздзечка ў свеце бетону.

Мы згадалі гэтую старонку не выпадкова і пазней да яе яшчэ вернемся. Але зараз тэлепартуемся за межы Мінска, на хутар у вёсцы Навасады (недалёка ад Нарачы), дзе сёння жыве наш герой.

«Зразумеў, што грошы не зробяць мяне шчаслівым»

Гісторыя Алега не столькі пра будоўлю, колькі пра стаўленне да жыцця і пераацэнку каштоўнасцей. Менавіта таму лічым за важнае адказаць на пытанне «Чаму?» — наогул да філасофіі зводзіцца многае ў гэтым сюжэце.

Хлопец у клятчастай сарочцы і вязанай шапцы заварвае чай на плітцы, ля ног муркае тоўсты кот Гаў без хваста: страціў у баі (але бачылі б вы саперніка!). Павольна распачынаем гутарку, як малады прадпрымальнік «дакаціўся» да такога жыцця.

— Раней я гарэў тым, дзе і як зарабіць шмат грошай. Думаў, што сведчанні шчасця — менавіта ў статуснасці: дарагая машына, вялікая кватэра, стабільны даход, брэндавыя рэчы. Таму і стаўленне да людзей было спажывецкім: заўсёды лічыў, чым той ці іншы чалавек можа быць мне карысны, — успамінае хлопец. — І, аддам належнае, меў-такі поспех: праца прыносіла грошы, вёў багата праектаў, ладзіў маштабныя святы — усё ішло няблага. У 2016 годзе вырашыў паехаць у Германію, каб прывезці адтуль ідэі, якія дапамогуць зарабіць на радзіме. А ў выніку паездка перакроіла ўсе жыццёвыя арыенціры.

У Германіі Алег пазнаёміўся з многімі паспяховымі і заможнымі людзьмі, якія пры знешнім дабрабыце (неспадзеўка) не адчувалі сябе шчаслівымі. Гэта і прымусіла паставіць пад сумнеў значнасць уласных мэт:

— У Мінску была бясконцая гонка без прыпынкаў на аддыхацца, а ў Нямеччыне я знайшоў час зірнуць на сябе і на сваё жыццё з іншага ракурсу. У нейкі момант паўстала пытанне, куды рушыць далей: працягнуць вучыцца і працаваць у Германіі (дзе мажлівасцей зарабіць больш) ці вярнуцца ў Беларусь? Глянуўшы на людзей, у якіх ёсць усё, пра што я марыў, — кватэры, дамы, машыны, я не ўбачыў шчасця.

Ён такі ж стомлены, зацюканы і раздражняльны, як і я, дык у чым сэнс усяго гэтага?!

Калі грошы мяне не ашчаслівяць, навошта заставацца на чужыне? Буду вымушаны займацца не любімай справай, а тым, што дазволіць працягнуць візу. Дык гэта бязглуздзіца.

На думку хлопца, грошы — гэткі наркотык, які выклікае залежнасць і бярэ ў палон усё жыццё асобы (а не наадварот):

— Матэрыяльныя каштоўнасці празмерна абмяжоўваюць чалавека і засяроджваюць на сабе. Людзі губляюць здольнасць цешыцца дробязямі, глядзець навокал і атрымліваць задавальненне бясплатна. Ты ўлягаеш, каб набыць новы «айфон» або машыну, потым выходзіць чарговая мадэль — і ўсё па новай. Так я зразумеў, што мае мэты — ілжывы арыенцір. Яшчэ паўгода разважаў на тэму шчасця, думаў, чым сапраўды хачу займацца, шукаў сябе. Нарэшце дапяў: галоўнае для мяне — здароўе, стваральная праца, зносіны з блізкімі і развіццё.

«Гэта быў стары свіран, ля якога пасвіліся козы»

Трэба сказаць, сваякі Алега ў Германію не траплялі і дзэн не злавілі, таму перамены ў хлопцу і жаданне з’ехаць у глуш радня прыняла ў штыкі. Калі такі малады і паспяховы вырашае стаць «пустэльнікам», аніхто не можа даць рады.

— Мама плакала, усе імкнуліся адраіць, — згадвае гаспадар дома. — Ні пра якую падтрымку або разуменне тады гаворкі не ішло. Ды і ўчастак у той час выглядаў зусім інакш: тут былі звычайныя зараснікі, што загароджвалі возера, стаяў стары свіран, а вакол пасвіліся козы. Казалі: табе трэба вучыцца, працаваць, набыць кватэру, а не вось гэта вось усё. У выніку сугучныя сваім думкі знайшоў толькі ў літаратуры.

Нават вокны рабіў сам

Насуперак сваякам малады чалавек усё ж купіў участак на хутары: 25 сотак дасталіся хлопцу за $10 тысяч. Пазіраючы на тое, як зараз выглядае гэта месца, можна толькі пазайздросціць Алегу. Аднак пяць гадоў таму карцінка наўрад ці выклікала пазітыў. Тэрыторыю вызвалялі ад зараснікаў, раўнавалі бульдозерамі, а стары свіран прыйшлося цалкам мадэрнізаваць.

— Мяняў літаральна ўсё: раўняў і абшываў сцены, дабудоўваў вітальню і кухню, клаў новую падлогу, нават вокны і тыя сам выразáў з дрэва і шкла. З часам правёў у хату каналізацыю, пачысціў студню, разабраўся з электрыкай. Усё ствараў сваімі рукамі, калі-нікалі прыцягваў рабочых, — распавядае суразмоўца.

— Калі распачынаў будоўлю, з інструментаў меў толькі малаток, дзве адкруткі і шрубавёрт.

Давялося ўсяму навучыцца з нуля, таму будаўніцтва для мяне стала новым вітком у развіцці і каласальным скачком у светаадчуванні. Цяпер я глыбей разумею фразу «Кожны мужчына мусіць збудаваць дом». Без перабольшання — з узвядзеннем дома я стварыў і сябе, сцёршы большасць сацыяльных стэрэатыпаў і забабонаў.

Зараз я перакананы: 20 гадоў працаваць на кватэру — гэта абсурд.

Жыллё — базавая рэч, і марнаваць на яе дзясяткі гадоў няправільна. Гэтая патрэбнасць мае задавальняцца значна хутчэй, каб чалавек развіваўся, рос, дарыў і атрымліваў ад жыцця асалоду. Вядома, ва ўсіх магчымасці розныя, але мне гэтаксама не было дзе жыць. Дом сёння можна купіць за $500, усё рэальна, — сцвярджае Алег.

Аўтэнтычная дахоўка за $400

Са слоў героя, на асноўны рамонт пайшло каля $3 тысяч і паўгода працы (у ліпені купіў — у лістападзе заехаў). Многае Алег рабіў сам, для ўладкавання жытла выкарыстоўваў самыя бюджэтныя матэрыялы, чым выклікаў смех мясцовых мужыкоў. Напрыклад, для чыставога ўнутранага аздаблення бралася найтаннейшая дошка, фасады абліцаваў ёй жа. Цагляныя перагародкі паміж пакоямі ўсталёўваў уласнаручна.

— Гэта мой першы вопыт муляра — бачыце, як крыва атрымалася! — хваліцца гаспадар. — Прафесіянал, вядома, абсмяе, але мне нармальна. Дарэчы, цэгла з фермы, атрымаў задарма. Спрабаваў растлумачыць мясцовым мужыкам, чаму хачу захаваць фактуру цэглы, а яны такія: «Дык патынкуй і паклей шпалеры пад яе!» І так шмат у чым, кпяць з мяне, але я не крыўдую, вядома.

Дах гаспадар мяняў пазней, на яго пайшло $700.

— Дахоўку шукаў па ўсёй Беларусі, бо хацелася сапраўдную. Шмат раіўся на форумах, ездзіў па краіне, прыкладна год патраціў на пошукі. У выніку сустрэў бабулю, якая мяняла «стары» дах на сучасны шыфер. За ўвесь матэрыял узяла каля $400, праўда, яшчэ $300 пацягнула дастаўка. Хапіла з лішкам, нават засталося, — расказвае майстар.

Дарэчы, дахоўку Алег таксама клаў сам. Кажа, нічога складанага:

— Вешаецца па прынцыпе канструктара, не патрэбны нават самарэзы. Пліткі стыкуюцца адна да адной, ствараючы надзейнае счапленне.

Ацяпляецца дом дровамі. Для гэтага хлопец усталяваў унутры чыгунную печ мудрагелістага выгляду:

— Мужыкі буржуйкай называюць, але ўвогуле гэта фінская тэхналогія. Знізу ў печ трапляе халоднае паветра, зверху выходзіць цёплае. Дэкаратыўныя трубкі для таго, каб паветра гуляла, напаўняючы памяшканне. Для дома хапае.

Па адчуваннях у пакоях цёпла, а вось у санвузле дастаткова бадзёра. Праблемы ў гэтым гаспадар не бачыць — трэба проста адчыняць дзверы, каб цяпло праходзіла паўсюль. Вада — са студні, грэецца бойлерам.

Беражлівасць узроўню «Бог»

А зараз вернемся на шэсць гадоў таму ў здымную кватэру Алега. Тады герой распавёў Onlíner, што абстаноўка абышлася практычна без выдаткаў: многае зрабіў сваімі рукамі, мэблю купляў ужо доўга ўжываную за 10, 20, 30 долараў. Даражэй за ўсё каштавалі лінолеум і карыстаная кухня, за якую хлопец аддаў $150 па курсе. Дзіўна, але большасць гэтых рэчаў знайшлі месца і ў новым доме: усё тая ж старэнькая (але вельмі мяккая) канапа, самаробныя паліцы з паддонаў. Наша даўняя знаёмая — кухня — таксама тут!

З навінак інтэр’еру — піяніна (яно з’явілася ў доме літаральна гэтым летам), стол, сабраны з дроў, і пано з драўляных кубікаў на сцяне, створанае самім гаспадаром.

— Мае словы прагучаць занадта пафасна, але ідэя пано — паказаць, што ўсе людзі падобныя і адначасова розныя. Як гэтыя кубікі, мы аб’ядноўваемся ў групы з аднадумцамі, — з няёмкай усмешкай дзеліцца сваім бачаннем аўтар.

Углядаешся ў інтэр’ер — і ўмацоўваецца павага да Алега: нават зграбныя карнізы для фіранак — плён працы гаспадара. Вешалкі ў ваннай — з галінак, лямпа над кухонным сталом — з бутэлек, замест люстры на кухні — галінасты сук, а частку мэблі малады чалавек перавёз з закінутых дамоў у акрузе.

Мансардны ўзровень пакуль у працэсе, яго таксама плануецца ўладкаваць пад жытло. Але рамонт Алег адклаў: кажа, зоймецца гэтым, калі займее сям’ю, каб улічыць інтарэсы ўсіх у доме.

Участак

Апрача дома, на ўчастку з’явіўся яшчэ адзін зруб — яго Алегу аддалі за нішто. Гаспадар выкарыстоўвае памяшканне ў якасці майстэрні, склада і дроўніцы. Ёсць і лазня з пакоем на другім паверсе, сцэна для імпрэз, скляпок, пірс і альтанка.

Пры ўваходзе на ўчастак хлопец паставіў вялікія бетонныя слупы — іх таксама прывезлі з мясцовай фермы. Па плане канструкцыю будзе ахінаць плюшч.

«На хутары кампаную з людзьмі значна больш, чым калі жыў у горадзе»

Алег прызнаецца: нягледзячы на тое што з’ехаў з Мінска, зносін у яго дастаткова.

— Тут я ніколі не бываю адзін. Сама прырода — гэта ўжо зашмат, ды і з людзьмі я стаў вадзіць кампанію значна больш, чым калі жыў у горадзе. З’явіўся час займацца чымсьці сапраўды важным, знаёміцца з цікавымі людзьмі, ладзіць імпрэзы, прысвячаць сябе творчасці. Мне не патрэбны новы «айфон» або дарагая машына, каб быць шчаслівым. Я здавальняюся развіццём і зносінамі з людзьмі, — распавядае хлопец.

— Самае галоўнае для мяне — жыць у прыгожым месцы, бо ўсё навокал уплывае на наш унутраны стан і дзеянні.

Малады чалавек і дагэтуль вядзе бізнес (атракцыёны, пастаўка дэкарацый, кірмашы), але ўжо не ў тых аб’ёмах і не з тым падыходам. Цяпер арыенцір — прыносіць карысць:

— Я да гэтага часу раблю сваю справу. Калі ж раней у аснове ўсяго ляжала пытанне, як і дзе зарабіць безліч грошай, то зараз думаю пра тое, што якаснага і карыснага магу прапанаваць людзям. І гэта шануюць. Нягледзячы на пандэмію, колькасць замоў нават павялічылася.

— А дом — гэта таксама бізнес? Фестывалі, мерапрыемствы, якія тут арганізуюцца, — вы з іх нешта маеце?

— Усе яны бясплатныя. Гэта зноў будзе ўспрынята як пафас, але калі табе на ўсё хапае, то хочацца дзяліцца. Ад імпрэз я атрымліваю значна больш важныя рэчы, чым грошы, — гэта зносіны, добрыя эмоцыі, знаёмствы з таленавітымі людзьмі, веды, адчуванне таго, што робіш нешта істотнае. Наогул, мне мала патрэбна, я вяду досыць аскетычны лад жыцця.

Апошнія гадоў пяць практычна не купляю адзенне даражэй за $50, і тое гляджу перадусім на барахолках, харч бяру оптам на рынках — найперш крупы, гародніну і садавіну.

Раз на год у Навасадах праходзіць вялікі трохдзённы фестываль. Уваход на яго вольны. З мерапрыемстваў — канцэрты, выставы, семінары, лекцыі. Усё ладзіцца за ўласны кошт, у сярэднім на арганізацыю ідзе некалькі тысяч долараў (ганарары ўдзельнікам, садавіна, гарбата, печыва, іншыя выдаткі). Гэтым летам свята сабрала каля 100 чалавек, многія прыязджалі на хутар з намётамі. Узімку Алег праводзіць хакейныя турніры на возеры, на Новы год разам з сябрамі-прадпрымальнікамі збірае падарункі для мясцовай дзятвы, летам арганізуе кінапаказы на адкрытым паветры, канцэрты музыкаў і выставы мастакоў.

— Я не фільтрую гасцей, але наведваюць мяне з большага аднадумцы: мастакі, выкладчыкі і музыкі. Фармат сам прываблівае тых, хто мне блізкі па духу. Людзі, якія прызвычаіліся адпачываць інакш, сюды не едуць.

Будоўля — гэта самаразвіццё

Як і любы новы досвед, будаўніцтва Алег успрымае не ў святле «набыць дах над галавой», а як патэнцыял для асабістага развіцця. На сёння гэтую школу герой прайшоў, наперадзе — новыя праекты.

— Нават самая геніяльная задума не нясе каштоўнасці, пакуль яна нерэалізаваная. Я з тых, для каго істотна ідэю ўвасобіць у жыццё. Пры гэтым сам працэс і новы вопыт часам нават важнейшыя, чым вынік, — лічыць хлопец. — Таго развіцця, якое я атрымаў ад будаўніцтва, мне дастаткова. Таму мой асабісты ўдзел у гэтым працэсе ўсё меншае. Часцей звяртаюся па паслугі да іншых асоб, а сам выступаю ў якасці прараба і дызайнера. Адчуваю, што час ісці далей: Навасады — гэта месца, дзе я б хацеў выхоўваць сваіх дзяцей.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпiсвайцеся, каб не прапусцiць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by