14 221
01 января 2024 в 3:45
Источник: Мiкалай Градзюшка. Калаж i iлюстрацыi: Максiм Тарналiцкi

«Як у Нотр-Даме!» Спрабуем разгледзець у беларускай архітэктуры тое, чаго раней не заўважалі

Источник: Мiкалай Градзюшка. Калаж i iлюстрацыi: Максiм Тарналiцкi
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Ці ведаеце вы беларускую сядзібу, уваход у якую пільнуюць гаргуллі? А касцёл з аркбутанамі? Ды і ўвогуле, што такое гэтыя аркбутаны ды гаргуллі? Сёння мы раскажам пра некаторыя элементы архітэктуры і прадэманструем іх на прыкладах беларускіх палацаў, касцёлаў і цэркваў. Гэты тэкст мы напісалі, каб зрабіць вашы падарожжы па роднай краіне крыху цікавейшымі.

Вімперг ці франтон, калона ці пілястра? У чым розніца? Навошта ўвогуле ведаць мудрагелістыя назвы ўсіх гэтых элементаў? Напэўна, для таго, каб «чытаць» архітэктуру як кнігу. І разумець, у чым асаблівасць і рэдкасць тых ці іншых будынкаў. А яшчэ каб арыентавацца без падказак гугла, у якую эпоху працавалі архітэктары і якімі прыкладамі сусветнай спадчыны натхняліся.

Вось так разглядаеш касцёл у Гервятах: «Матка Боска, аркбутан! Як у Нотр-Даме!» Або фоткаеш сядзібу ў Жамыслаўлі і здзіўлена адзначаеш: «Нічога сабе, бельведэр! Багата жылі».

Пра архітэктуру (і не толькі) мы распавядаем у нашым тэлеграм-канале Onlíner па-беларуску, дзе кожны тыдзень публікуюцца віктарыны для аматараў вандровак. Падпісвайцеся, каб нічога не прапусціць.

Готыка, якая ўзносіць да нябёсаў

Калі ўжо згадалi дзіўнае слова аркбутан, дык з яго і пачнём наш гайд. Падарожнічаючы па Еўропе, вы маглі бачыць такія каменныя паўаркі на магутных кафедральных саборах. Гэта і ёсць аркбутаны. Яны з'явіліся ў XII стагоддзі ў Францыі разам з новым стылем — готыкай. У тую эпоху дойліды зразумелі, што для ўтрымання даху не абавязкова будаваць таўшчэзныя і глухія (як у раманскіх замках) сцены, а дастаткова размеркаваць нагрузку па шматлікіх кропках апоры — калонах і контрфорсах.

Дык вось, гэтыя паўаркі-аркбутаны патрэбны якраз для таго, каб перадаваць нагрузку на контрфорсы, якія прылягаюць да сцен звонку.

Гэта знакаміты касцёл у Гервятах. На першым здымку пазначаны аркбутаны, на другім буйным планам паказаны контрфорсы.

Каркасная сістэма зрабіла рэвалюцыю ў архітэктуры. Яна дазволіла будаваць вышэй, праразаць сцены паміж апорамі высокiмi вокнамі і насычаць унутраную прастору святлом. Гатычны храм нібы ўзнёсся да нябёсаў.

А ці шмат касцёлаў з аркбутанамі ў Беларусі? На жаль, мала. Акрамя гервяцкага мы ведаем яшчэ два — у Шылавічах (Ваўкавыскі раён) і ў Слабодцы на Браслаўшчыне. Усе тры пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя ў стылі неаготыкі. То быў час, калі архітэктары натхняліся сярэднявечнай гатычнай спадчынай.

Касцёл у Шылавічах

I яшчэ крыху пра канструктыўныя асновы готыкі. Аглядаючы скляпенні ўнутры храма, вы можаце звярнуць увагу на выпуклыя рэбры, якія цягнуцца з кутоў, сыходзяцца ў розных кропках на столі і ўтвараюць мудрагелістыя ўзоры. Гэтыя рэбры называюцца нервюрамі — яны фармуюць каркас скляпення і дапамагаюць размеркаваць нагрузку. І чым больш такіх рэбраў, тым прыгажэйшая столь.

Так, напрыклад, выглядае скляпенне касцёла ў Шылавічах.

Але больш за ўсё нас уразілі нервюры ў Маламажэйкаўскай царкве, што ў Шчучынскім раёне. Гатычнае павуцінне, якому 500 гадоў!

На фота ніжэй яшчэ адзін прыклад палымянай беларускай неаготыкі — царква ў Сар'і Верхнядзвінскага раёна. Звярніце ўвагу на востраканцовыя вежкі. У іх таксама ёсць свая назва.

Гэта пінаклі. Яны ўзмацняюць вертыкальную скіраванасць кампазіцыі, падкрэсліваюць рух уверх. Але пінаклі — гэта не толькі элегантны дэкор. У сярэднявечных саборах іх усталёўвалі на вяршынях контрфорсаў і нават абцяжарвалі свінцом, каб сваёй вагой вежкі дадавалі ўстойлівасці апорам.

Партал і вімперг — яшчэ два элементы, без якіх цяжка ўявіць готыку. Партал у форме стральчатай аркі, якая атачае ўваход, з самага парога задае адчуванне скіраванасці ўсіх формаў уверх. А вімперг — гэта высокі трохкутнік над парталам. У буйных саборах вімперг упрыгожваўся разьбой або ляпнінай, аднак у Беларусі часцей сустракаюцца аскетычныя варыянты. Вось адзін з іх.

Пазнаеце месца? Гродзенская кірха, вядома. А што за ледзь прыкметная пірамідка над вімпергам? Гэта флерон — дэкаратыўнае завяршэнне розных архітэктурных элементаў у выглядзе стрыжня з крыжакветам. Бутоны на адгалінаваннях гэтай пірамідкі называюцца крабамі.

Ну і як не згадаць гатычныя вокны (высокія, выцягнутыя, востраканцовыя), якія з-за іх формы называюць стральчатымі.

Дзякуючы згаданай у пачатку артыкула каркаснай сістэме сцены паміж апорамі гатычнага храма ўжо не неслі апорную функцыю. Гэта дазволіла павялічыць праёмы вокнаў і дапоўніць іх вітражамі.

Вытанчаныя вітражы такіх вокнаў не толькі ўпрыгожваюць храмы звонку, але і ствараюць гульню святла і ценю ўнутры. Гэта адзін з самых чароўных атрыбутаў готыкі i неаготыкі, які сімвалізуе святло і духоўную асвету.

Паглядзіце, якая прыгажосць у Гервятах i Відзах!

Вялікае акно, якое звычайна размешчана над цэнтральным вімпергам, называюць ружай, бо яно падобнае да бутона кветкі. Вокны-ружы буйных еўрапейскіх касцёлаў змяшчаюць біблейскія сцэны і самі па сабе ўяўляюць цудоўны мастацкі твор. У знакамітым Нотр-Даме ружы дасягаюць 13 метраў у дыяметры. А ў вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна ёсць касцёл, які мясцовыя жыхары, жартуючы, называюць Нотр-Дам-дэ-Слабодка. Вось ён на фота. Падобны? Ну сапраўды, штосьці ёсць.

Замацуем у памяці гатычныя элементы на прыкладзе касцёла ў Гервятах i гродзенскай кiрхi.

Барабан, які збірае святло

Пойдзем далей і разгледзім некаторыя элементы старажытнага праваслаўнага храма. Вельмі блізкая да кананічнага вобразу — Дабравешчанская царква ў Віцебску, якую адносяць да часоў Полацкага княства (XII стагоддзе). Гэта крыжова-купальны храм — асновы такой архітэктуры былі закладзены яшчэ ў Візантыі.

Фасад царквы складаецца з праслаў — шэрагу вертыкальных сцен, размежаваных лапаткамі. А паўкруглае завяршэнне кожнага прасла называюць закамарай. Яна паўтарае ўнутраную форму скляпення храма.

Дарэчы, старажытных цэркваў закамарнага тыпу ў Беларусі не так шмат, аднак у апошнія дзесяцiгоддзi гэты стыль «пад даўніну» атрымаў шырокае распаўсюджанне пры будаўніцтве новых храмаў.

У адрозненне ад закамар какошнікі (іх яшчэ называюць несапраўднымі закамарамі) уяўляюць сабой невялікія паўкруглыя або кілепадобныя элементы, якія выконваюць выключна дэкаратыўную функцыю.

Какошнікі могуць збірацца ярусамі, забяспечваючы павольны пераход ад масіўных ніжніх частак храма да больш кампактных верхніх. Іх можна бачыць пад купаламі, на сценах ці над вокнамі.

На здымку ніжэй — аздобленая какошнiкамi царква ў вёсцы Пiрэвiчы Жлобінскага раёна.

Калі ў готыцы сонечныя прамяні пранізваюць храм з розных бакоў праз шматлікія вітражы, то ў старых крыжова-купальных цэрквах роля асноўнай крыніцы святла адводзілася барабану. Гэта прарэзаная вокнамі вежка, на якой трымаецца купал. Святло пранікае ў гэтыя вокны і добра асвятляе цэнтральную частку храма, дзе ладзяцца набажэнствы. А ля сцен і ў кутах пануе паўзмрок, які здольны разагнаць толькі агонь свечак.

Такое светлавое рашэнне мы бачым у многіх старажытных цэрквах. У пазнейшыя часы пад уздзеяннем свецкай архітэктуры і, магчыма, готыкі бакавыя вокны сталі большымі і шырэйшымі, з-за чаго характар асвятлення храмаў змяніўся.

Узгадаем элементы крыжова-купальнай царквы на прыкладзе храма ў мінскай Вяснянцы, пабудаванага не так даўно, але па старадаўніх канонах.

Не падкажаце, дзе знаходзіцца бельведэр?

«Фасад упрыгожаны калонамі і пілястрамі» — часта ж даводзілася чуць такую фразу? І калі з калонамі ўсё зразумела, то пілястры ўжо могуць выклікаць некаторыя сумневы. Аддалена пілястры нагадваюць калоны, але гэта ўсяго толькі выступ на паверхні сцяны, завершаны капітэллю. У сваю чаргу капітэль — гэта верхняя частка калоны ці пілястры. Звычайна капітэлі нагадваюць вазы з раслінамі або ўяўляюць сабой дзве антычныя завітушкі.

Звярніце ўвагу на здымак ніжэй. Справа — калона (яна круглая), побач з ёй — пілястра (яна плоская). Абедзве завершаны капітэлямі.

На фота — палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі (Іўеўскі раён). Ён быў калісьці прыгажуном, а зараз занядбаны. Але ўсё роўна прываблівае — столькі элементаў змясціў архітэктар на фасадзе. Напрыклад, балюстраду па перыметры даху — агароджу, якая складаецца з фігурных слупкоў (самі слупкі называюцца балясінамі). А самая цікавая дэталь, на наш погляд, — бельведэр. Гэта такая лёгкая надбудова на даху — накшталт альтанкі, адкуль зручна аглядаць наваколле. Што ж такога ў гэтым элеменце? Калі пачаць перабіраць у думках вялiкiя i малыя беларускія палацы, дык падобных канструкцый у нас амаль што няма.

Дарэчы, бельведэрам называюць і простую альтанку на ўзвышаным месцы.

Перамяшчаемся на ўсход Беларусі. Быхаўскі раён, вёска Грудзінаўка, былы маёнтак Талстых. Гэта невялікі, але гарманічны асабняк у класічным стылі, прыметны сваёй паўкруглай верандай з калонамі.

Да ўжо знаёмых нам элементаў дадаём атык — дэкаратыўную сценку, якая ўзвышаецца над карнізам. А што за «палiчкi» над вокнамі (гарызантальныя i трохкутныя)? Гэта сандрыкі — невялікія карнізы, якія можна ўбачыць над вокнамі і дзвярыма. Яны тут для прыгажосці, але і крыху служаць перашкодай для ападкаў.

Жлобінскі раён, дзіўная сядзіба Гатоўcкiх у Чырвоным Беразе, падобная да казачнага замка. Тут вылучым толькі адну, але вельмі рэдкую для Беларусі архітэктурную дэталь — гаргулляў.

Гаргуллі — гэта рознага роду нячысцiкi і фантастычныя жывёліны, якіх ляпілі ў выглядзе невялікіх скульптур на фасадах сярэднявечных будынкаў. Служылі яны для адводу дажджавой вады: струмень выліваўся наўпрост з адкрытай пашчы істот. А вось падобныя да іх хімеры (яшчэ адзін від скульптур) выконвалі ўжо чыста дэкаратыўныя функцыі.

Глядзіце, якія аўтэнтычныя і сімпатычныя пачваркі.

Гаргуллі і хімеры сталі адным з атрыбутаў сярэднявечнай еўрапейскай архітэктуры. Аднак у Беларусі яны амаль не сустракаюцца. Акрамя Чырвонага Берага можам падказаць яшчэ толькі адно месца, дзе мы бачылі нешта падобнае, — Нясвіжскі замак. Заўважалі там калi-небудзь такіх цмокаў?

Клімавічы, радавое гняздо князёў Мяшчэрскіх. Што тут цікавага? Вядома, каларытны мезанін — прамавугольная надбудова, якая выступае над дахам і ўяўляе сабой дадатковы жылы паўпаверх.

Дарэчы, драўляны будынак 1867 года, выкананы ў папулярным у той час псеўдарускім стылі, выдатна захаваўся — такіх у Беларусі засталося няшмат.

Маёнтак Плятэраў пад Пінскам. Тут звяртае на сябе ўвагу белы выступ з калонамі i франтонам — гэта порцік. Ён лічыцца элементам класічнай архітэктуры. Прыгадайце велічныя храмы Старажытнай Грэцыі. Вось адтуль усё і пайшло.

Порцікі часта можна бачыць у архітэктуры старых палацаў, цэркваў і розных будынкаў эпохі неакласіцызму і сталінскага ампіру. А бывае і вось так — сціплы сядзібны дом на беларускім Палессі і яго магутны порцік, які як бы намякае: «Не такі ўжо я і просты».

Пад канец згадаем яшчэ адзін элемент, на гэты раз цалкам дэкаратыўны. Калі вы гулялі па Нясвiжскiм замку, то маглі звярнуць увагу на такія шчыты з радзівілаўскiмi гербамі на фасадах. Называюцца яны картушамі.

Разьбяныя і ляпныя картушы ў выглядзе аздобленага завіткамі шчыта ці напаўразгорнутага скрутка былі шырока распаўсюджаны ў часы барока і рэнесансу. Iмі ўпрыгожвалі інтэр’еры палацаў, парадныя вароты, фасады.

У больш познія часы на картушах пачалі ўказваць гады будаўніцтва сядзіб, ініцыялы іх уладальнікаў. Яны служылі своеасаблівай «фамільнай пячаткай». Не забыліся архітэктары пра картушы і ў XX стагоддзі, калі ў моду ўвайшла сімволіка СССР. Зірніце на фасад мінскага Галоўпаштамта і вы ўбачыце на ім вельмі характэрны для сваёй эпохі картуш.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by